Фотапраект Андрэя Лянкевіча "Бывай, Радзіма"

Рэгіён:
09/12/2017

14 верасня — 30 верасня 2017   Галерэя сучаснага мастацтва "Ў"  
Андрэй Лянкевіч  "Бывай, Радзіма"
У межах Месяцу Фатаграфіі ў Мінску

14 верасня 19:00 / адкрыццё фотапраекта

Галерэя сучаснага мастацтва "Ў" пры падтрымцы Амбасады Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь прадстаўляюць фотапраект Андрэя Лянкевіча "Бывай, Радзіма"

Фотапраект Андрэя Лянкевіча "Бывай, Радзіма" – пра вайну. Пра асабістыя гісторыі, сямейныя ўспаміны і дзяржаўную культуру, што трымае манаполію на памяць. Пра эмацыйную супярэчлівасць уласнага стаўлення і адназначную непахіснасць афіцыйнай трактоўкі. Пра стрыманыя індывідуальныя спробы справіцца з вопытам вайны і масавыя фармалізаваныя рытуалы ўшанавання герояў. Пра сучасную дзіснэйлэндызацыю памяці на Беларусі – з яе парадамі, "кабінетамі васковых фігур" у Музеі Вялікай Айчыннай вайны, інтэрактыўнымі памінальнымі свечкамі на экранах манітораў і рэканструкцыямі бітваў перад натоўпам разявак на "Лініі Сталіна". Ці не спустошваюць гэтыя гульні ў вайну сутнасць памяці, ці не робяць магчымым касамозгае захапленне ваеннай атрыбутыкай разнастайных сучасных "клубаў па інтэрэсах"?

"Бывай, Радзіма" – асабісты код памяці савецкага чалавека. Словы надпіса, зробленага ў Брэсцкай крэпасці 20 ліпеня 1941 года "Я паміраю, але не здаюся! Бывай, Радзіма" – невядомыя на захадзе нават сярод гісторыкаў другой сусветнай вайны, яны не сталі lingua franca па-за межамі Беларусі. І наўрад ці беларускія падлеткі трэцяга пакалення, якое нарадзілася пасля вайны, ужо здольныя адразу счытаць гэты код. Фатаграфіі Андрэя Лянкевіча адчыняюць перспектывы сваяму ўласнаму ўяўленню і даюць магчымасць супаставіць мінулае са сваім уласным вопытам. Так, у досведзе рэфлексіі мы не даведаемся даскладна, як было, але ён агаляе спасылку мінулага на сучаснасць і на дзеянні сучаснікаў. Нас з вамі.

Адкрыццё праекта адбудзецца 14 верасня у 7 гадзін вечара, уваход вольны!

Кошт квітка на выставу: 2 р.

Асабістая падзяка за дапамогу ў арганізацыі выставы Амбасадзе Літоўскай Рэспублікі у Рэспубліцы Беларусь.

Галерэя сучаснага мастацтва Ў
ygallery.by