Ведаеце, дзе растуць дрэвы-доўгажыхары? Раскажыце пра іх!

Рэгіён:
09/03/2016

166 (28276)30.08.16. У краіне распачаўся праект па выяўленні, інвентарызацыі і ўліку старых дрэў і насаджэнняў. Рэалізуе яго Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча НАН Беларусі сумесна з грамадскімі арганізацыямі «Беларуская батанічная суполка» і таварыства «Зялёная сетка» з 2016-га па 2018 год. Са жніўня супрацоўнікі інстытута пачалі ацэньваць стан дрэў і насаджэнняў на тэрыторыі Гродзенскай вобласці.

Кіраўнік праекта Ірына Вазнячук, вядучы навуковы супрацоўнік сектара маніторынгу расліннага свету Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча, адзначыла: нягледзячы на тое, што ініцыятыва па маніторынгу старых дрэў існуе з 60-х гадоў мінулага стагоддзя, у нашай краіне мала інфармацыі аб высокаўзроставых дрэвах і насаджэннях. Сёння на Беларусі налічваецца каля 90 батанічных помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння і 230 мясцовага.
 
Адной з асноўных мэт праекта з'яўляецца стварэнне навукова-папулярнага выдання аб рэдкіх і ўнікальных дрэвах Беларусі. Яго ініцыятары імкнуцца стварыць карту мясцовасці такіх дрэў, распрацаваць базу звестак «Рэдкія і ўнікальныя дрэвы і насаджэнні Беларусі», заснаваную на ГІС-тэхналогіях. Арганізацыя «Зялёная сетка» ў далейшым створыць інтэрнэт-рэсурс, дзе неабходную інфармацыю змогуць атрымаць усе ахвотныя. Эксперты, якія будуць праводзіць інвентарызацыю, стануць неадкладна размяшчаць там сабраныя звесткі. Арганізатары праекта спадзяюцца, што падчас рэалізацыі плана маніторынгу дрэў яны набудуць практычны вопыт лячэння стараўзроставых дрэў, які ў далейшым выкладуць у публікацыі рэкамендацый па лячэнні, павышэнні ўстойлівасці і зніжэнні аварыйнасці старых дрэў.
 
Праект накіраваны і на выяўленне аварыйна небяспечных дрэў. З дапамогай гукавога даследавання вучоныя выявяць ступень гніласці дрэва. Гэта дапаможа мясцовым уладам прыняць рашэнне наконт іх. Вучоныя накіраваны на атрыманне цэлага пласту інфармацыі — вызначыць узрост, умовы, у якіх знаходзілася дрэва, — у далейшым гэта дапаможа выявіць даныя адносна змянення клімату за час жыцця расліны.
 
Група вучоных на працягу трох гадоў павінна ахапіць сваёй работай усю Беларусь. Вопыт нашых суседзяў з Украіны паказвае, што задача гэта нялёгкая, тым не менш ва ўкраінскіх спецыялістаў атрымалася вылечыць і ўзяць пад ахову дзяржавы шматлікія дрэвы.
 
Цяжка пераацаніць важнасць гэтага праекта. Некаторыя дрэвы з'яўляюцца эталонамі віду, захавальнікамі каштоўнай дэндрахраналагічнай інфармацыі, забяспечваюць цэласць генафонду біялагічнай разнастайнасці мясцовасці, краіны і ўсёй Зямлі. Асобныя ўнікальныя аб'екты павінны стаць здабыткам і гонарам краіны і ўвайсці ў рэгіянальныя турыстычныя кластары. Неабходна выданне навукова-папулярнай літаратуры, далучэнне ўнікальных дрэў і насаджэнняў да сеткі турыстычных аб'ектаў.
 
Разам нас багата
 
Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча запрашае далучыцца да гэтай справы неабыякавых людзей, школьнікаў, студэнтаў, мясцовыя ўлады. Дапамагчы можна, збіраючы звесткі аб дрэвах і іх групах (за выключэннем помнікаў прыроды, якія ўжо даследаваны). Інфармацыю можна дасылаць на паштовы адрас: вул. Акадэмічная, д. 27, 220072, г. Мінск, электронны адрас — ііl.com ці па факсе 8(017) 284-18-53. Неабходна паведамляць звесткі аб месцы вырастання дрэў (па магчымасці з фотаздымкамі) і нумар тэлефона адпраўшчыка.
Вольга Пралюк