Запрашаем да ўдзелу ў канферэнцыі «Каліноўскі і яго эпоха ў дакументах і культурнай традыцыі»

Рэгіён:
26.02.2009

У апошнія гады постаць Вікенція Канстанціна (Кастуся) Каліноўскага надзвычай актуалізавалася ў грамадскім і навуковым жыцці краіны.

Адначасна варта заўважыць, што канец ХХ – пачатак ХХІ ст. яшчэ не стаў значным прарывам у навуковым вывучэнні постаці Каліноўскага і падзеяў паўстання. Найбольш важным здабыткам нацыянальнай гістарыяграфіі апошніх гадоў можна лічыць выданне Генадзем Кісялёвым зборніка «За нашую вольнасць» (Мінск, 1999), які стаўся пэўным падсумаваннем зробленага. Нескладана заўважыць, што асноўныя палажэнні навуковай трактоўкі постаці Кастуся Каліноўскага і ягонага месца ў беларускай гісторыі амаль не змяніліся з 20-30-х гг. мінулага стагоддзя. Між тым патрэба ў навуковым пераасэнсаванні асобы аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863 г. відавочная.

У гэтай сітуацыі варта правесці свайго роду рэвізію нашых ведаў пра Каліноўскага, прасачыць эвалюцыю ягонага вобраза ў культурнай традыцыі (у першую чаргу ў культурнай памяці, якая пашыраецца з дапамогай мас-медыя і замацоўваецца ў помніках, назвах вуліц, школ і г.д.; гістарыяграфіі, падручніках і літаратуры), сістэматызаваць крыніцы даследавання, вызначыць далейшыя яго накірункі.
Навуковая канферэнцыя «Кастусь Каліноўскі і яго эпоха ў дакументах і культурнай традыцыі» можа паспрыяць актывізацыі гэтага працэсу.

Прыярытэтная праблематыка навуковых абмеркаванняў:

• Крыніцы па гісторыі паўстання 1863 г., жыццю і дзейнасці Кастуся Каліноўскага
• Вікенцій Канстанцін (Кастусь) Каліноўскі і падзеі паўстання 1863 г. у айчыннай і замежнай гістарыяграфіі
• Вобраз Каліноўскага ў культурнай традыцыі (пажадана звярнуць увагу на падручнікі для школ і ВНУ, творы літаратуры і мастацтва, матэрыяльнае ўвасабленне памяці пра Каліноўскага і паўстанне і г.д.)
• Каліноўскі і паўстанне 1863 г. у трактоўцы сучаснай "идеологии белорусского государства"

Канферэнцыю плануецца правесці ў Менску 12 - 13 верасня 2009 г.

Заяўкі на ўдзел у канферэнцыі прымаюцца да 30 красавіка 2009 г.(smalianchuk@ehu.lt; akraucewicz@gmail.com)
Неабходна ўказаць:
Імя і прозвішча, навуковую ступень, месца працы і пасаду, тэму рэферата, кантактны тэлефон і адрас электроннай паштовай скрыні.
Матэрыялы канферэнцыі будуць апублікаваныя.

Арганізатары:

Інстытут гістарычных даследаванняў Беларусі (ЕГУ) (А.Смалянчук)
Беларускае гістарычнае таварыства (А.Краўцэвіч)

 

Nike