Чарнобыль вуснамі сведкаў - конкурс БАВГ прэзентаваны ў Менску

Прэзентацыя новага конкурсу Беларускага архіву вуснай гісторыі (БАВГ), адмыслова распачатага напярэдадні 30-годдзя Чарнобыльскай катастрофы, адбылася ў Міжнародным адукацыйным цэнтры IBB ў Мінску 14 красавіка. Прадстаўнікі архіву распавялі пра ўмовы ўдзелу ў конкурсе і яго асаблівасці.
 
Конкурс стартаваў 15 красавіка. Да ўдзелу запрашаюцца студэнты і магістранты вышэйшых навучальных устаноў, навучэнцы сярэдніх спецыяльных устаноў і нават школьнікі старэйшых класаў, але ніякіх зніжак на ўзрост аўтарам прац рабіцца ня будзе.
Што патрэбна зрабіць жадаючым узяць удзел у конкурсе? Напісаць тэкст на падставе вусных успамінаў ліквідатараў наступстваў аварыі на ЧАЭС і перасяленцаў з забруджанай радыяцыяй тэрыторыі - людзей, якія пацярпелі ад Чарнобыля. Дадаткам да тэксту ў электронным файле павінны быць аўдыезапісы ці відэафайлы інтэрв’ю, апытальнік, анкеты рэспандэнтаў, копіі фотаздымкаў, дакументаў ды іншых рэчаў са збораў рэспандэнтаў.
 
Можна запісаць гісторыі сваякоў ці гісторыі з сем’яў сяброў, знаёмых, бо ў Беларусі амаль хтосьці з кожнай сям’і быў закрануты Чарнобылем, і ёсць шмат месцаў кампактнага пражывання перасяленцаў - напрыклад, мінская Малінаўка, горад Астравец, пасёлак Дружны. Можна паехаць у забруджаныя радыяцыяй раёны Гомельшчыны і Магілёўшчыны, каб знайсці рэспандэнтаў.
 
Што ёсць апытальнік і анкета рэспандэнтаў? Пра гэта, правілы афармлення працы ды кантакты для сувязі з арганізатарамі конкурсу можна даведацца на сайце БАВГ. Усе ўдзельнікі атрымаюць метадалагічную падтрымку, у тым ліку і навучанне, ад арганізатараў конкурсу і каштоўны досвед працы "ў полі" - навуковыя экспедыці ўлетку за кошт БАВГ, а таксама забеспячэнне прыладамі працы - дыктафонамі і відэапаратурай. 
 
Апошні тэрмін падачы прац - 15 кастрычніка, а пераможцы будуць абвешчаны 15 лістапада.
 
У склад журы ўваходзяць кандыдат гістарычных навук Ніна Стужынская, кандыдат культуралогіі Аляксей Крывалап, кандыдат гістарычных навук Анатоль Вялікі, кіраўнік ГА "Экадом" Ірына Сухій і архівіст Ларыса Андросік.
 
Нарэшцэ, што атрымаюць пераможцы? Галоўны прыз - ноўтбук. Лепшыя працы будуць апублікаваныя, а іх аўтараў запросяць на навуковую канферэнцыю з удзелам вядомых гісторыкаў, палітолагаў і сацыяёлагаў.
 
Мультыдысцыплінарнасць - адна з галоўных мэтаў конкурсу. Для рознабаковага асвятлення чарнобыльскай праблематыцы БАВГ разлічвае прыцягнуць студэнтаў з розных навуковых галін, адзначыў магістр гісторыі, прадстаўнік БАВГ Уладзімір Валодзін. Па словах гісторыка, конкурсам ужо зацікавіліся прадстаўнікі Украіны. Удзельнікаў з іншых краінаў арганізатары толькі вітаюць, але ў першую чаргу чакаюць прац беларускіх студэнтаў.
 
Гісторыкі БАВГ прапаноўваюць удзельнікам на выбар разнастайныя тэмы для конкурснай працы. Па-першае, гэта жыццёвыя шляхі беларусаў і Чарнобыль. Як паўплывала катастрофа і яе наступствы на паўсядзённае жыццё людзей - тых, хто застаўся на забруджаных тэрыторыях, тых, хто з’ехаў і пачаў новае жыццё ў іншым месцы, тых, хто ўдзельнічаў у ліквідацыі аварыі і яе наступстваў, а таксама іх сем’яў? Акрамя таго, як склаліся лёсы і кар’еры іх дзяцей? Якія жыццёвыя стратэгіі яны абіралі? Як вызначаюцца чарнобыльскія падзеі ў жыццёвых апісаннях і ўспрыняцці свету, краіны, сябе?
 
Па-другое, у працы можна адлюстраваць культурныя і сацыяльныя змены пад уплывам Чарнобыльскай катастрофы. Якія новыя сацыяльныя групы і стасункі ўзніклі пасля катастрофы? Якім было і ёсць стаўленне да "чарнобыльцаў" - перасяленцаў і ліквідатараў? Да таго ж, што адбывалася з традыцыйнай культурай забруджаных раёнаў? І якім чынам адбіваецца катастрофа на сучасным вобразе і культуры Беларусі?
 
Па-трэцяе, можна адлюстраваць палітычныя і інстытуцыйныя змены, якія адбываліся ў беларускім грамадстве пасля чарнобыльскай катастрофы. Як паўставалі новыя палітычныя і сацыяльныя практыкі, рухі і групы (эколагі, сацыяльная дапамога, праграмы аздараўлення)? Як паўплывала іх дзейнасць на сучасны стан беларускага грамадства, што яны ўяляюць сабой зараз? Якія заканатворчыя і палітычныя ініцыятывы паўставалі, дзейнічалі, адмяняліся? Хто быў іх удзельнікамі? Як да гэтага ставіліся ліквідатары, перасяленцы і людзі, якія адмовіліся кідаць хаты і засталіся жыць у забруджанай зоне?
 
І, па чацвёртае, удзельнікам конкурсу прапануецца асвятліць невядомыя старонкі і белыя плямы ў гісторыі катастрофы. Як адбывалася адсяленне? Якія версіі прапанавала ўлада? І што было насамрэч? Хто і як трапіў у ліквідатары? Як працавалі праграмы падтрымкі і дапамогі? Як захоўваецца памяць, наколькі яна скажаецца, і ці патрабуюцца дадатковыя высілкі для яе захавання?
 
Падчас мерапрыемства таксама адбылася прэзентацыя зборніка "Восень 1939 года ў гістарычнай традыцыі і вуснай гісторыі", аўтары якога прапануюць новы погляд на 75-годдзе ўз’яднання Беларусі. Сведкі часу паміраюць, і трэба спяшацца захаваць іхнія ўспаміны для будучых пакаленняў. Менавіта гэтым ужо чацверты год займаецца БАВГ, пра неабходнасць працы якога ізноў зайшла гаворка.
 
 
Рэдактар партала БАВГ, магістр гісторыіАндрэй Мастыка:
- Зборнік - спроба паглядзець на даследаванне, якое праводзяць вусныя гісторыкі, іхнімі вачыма. Нашая каманда ў экспедыцыях запісвала ўспаміны бабулек і дзядулек, якія памятаюць пра падзеі даваеннага часу. Падчас экспедыцый нас суправаджаў Ягор Сурскі і запісваў нашую дзейнасць на відэа, у выніку чаго з’явіўся дакументальны фільм "Восень 1939: на мяжы памяці".
Фільм можа быць дапаможным матэрыялам для школьных настаўнікаў старэйшых класаў у вывучэнні перыяду даваеннага часу. Больш за тое, нават распрацаваная метадычка для настаўнікаў, якая змяшчае мапы і фотаздымкі.
Адзін з нашых кірункаў - адукацыйная дзейнасць, выкарыстанне вуснай гісторыі ў навучальным працэсе. Мы рабілі конкурс для школьнікаў па 1939 годзе. А зараз - па Чарнобылю.
 
 
Каардынатар Лятучага ўніверсітэта, кандыдат сацыялагічных навук Таццяна Вадалажская
- Я не гісторык і не архівіст, і больш цікавіць мяне ў вуснай гісторыі хутчэй сам метад, спосаб звароту да мінуўшчыны. Пазначу моманты, якія падаюцца мне цікавымі і важнымі. Першы - гэта стасункі вуснай гісторыі з традыцыйнай гісторыяй, і пераход гісторыкаў да гэтага метада. Мне цікава, наколькі гэта выклік, і наколькі гэта сумяшчальныя рэчы. Амаль усе, хто пачынаў працу з вуснай гісторыяй, адзначаюць, што ўжо па-іншаму ставяцца да крыніцаў, якія нібыта з’яўляюцца факталагічнымі, бо іх таксама ствараюць людзі.
Дарэчы, у межах апошняй навуковай канферэнцыі мы абмяркоўвалі такую тэму як маргінальнасць і междысцыплінарнасць вуснай гісторыі, якая патрабуе кампетэнцыі абсалютна розных людзей, якія ёй займаюцца. З аднаго боку, ёсць ідэалогія, а з другога - гэта даволі творчы працэс, які патрабуе ад чалавека шмат высілкаў. Аляксей Ластоўскі (кандыдат сацыялагічных навук, супрацоўнік Інстытута палітычных даследаванняў "Палітычная сфера") казаў, што, калі вусная гісторыя стала нейкім падрывам асноваў традыцыйнай гісторыі, то, магчыма, калі-небудзь яна стане падрывам традыцыйнай сацыялогіі, антрапалогіі і гэтак далей. То бок, прапануе нейкі іншы погляд, што дасць нам магчымасць пераасэнсавання.
 
Пасля канферэнцыі мяне не пакідала адна думка наконт таго, чаму вусная гісторыя пайшла ў выкарыстанне. Таму што гэта не толькі дадатковы метад здабычы інфармацы, але і абсалютна ўнікальная гуманітарная практыка - гэта і практыка камунікацый, паглыблення ў гісторыю ў звязку сябе з гісторыяй.
 
Звяртаючыся да чарнобыльскага конкурсу, мне падаецца, вусная гісторыя - гэта найважнейшая практыка звароту да гістарычных падзей з боку іх асэнсавання разам са сведкамі.

Алена Барэль, ЕўраБеларусь 

http://nashapamiac.org/archive/viewfullnews?id=244

 

23 красавіка 2015