Аб’яўляецца конкурс на ўдзел у Праграме Фулбрайта для выкладчыкаў беларускіх ВНУ ў 2020 – 2021 гг.

Рэгіён:
04.09.2019
Аб’яўляецца конкурс на ўдзел у Праграме Фулбрайта для выкладчыкаў беларускіх ВНУ ў 2020 – 2021 гг.

Амбасада ЗША ў Мінску абвяшчае конкурс на ўдзел у Праграме ім. сенатара Фулбрайта для маладых (без ступені кандыдата навук) выкладчыкаў беларускіх ВНУ на 2020-2021 навучальны год. Праграма Фулбрайта для выкладчыкаў не прадугледжвае атрыманне вучонай ступені, а дае магчымасць прайсці прафесійную стажыроўку ў навучальнай установе ЗША з мэтай:

  • распрацоўкі новых курсаў і навучальных праграм у сваіх установах
  • павышэння прафесійнага майстэрства і авалодання новымі методыкамі выкладання
  • пашырэння інфармацыйнай базы ў сваёй галіне вывучэння
  • усталявання доўгатэрміновых прафесійных сувязяў і трывалых кантактаў паміж сваёй навучальнай установай і прымаючым універсітэтам

Зацікаўленыя кандыдаты маюць:

  • быць грамадзянаміБеларусі і пастаянна пражываць у краіне
  • мець дыплом аб вышэйшай адукацыі
  • з’яўляцца выкладчыкамі адной з навучальных устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь на момант падачы заяўкі
  • мець вопыт выкладання ў адной з устаноў вышэйшай адукацыі не менш за два гады на момант падачы заяўкі
  • добра валодаць англійскай мовай (адабраныя фіналісты павінны будуць прайсці тэст TOEFL)

Удзельнікі праграмы Фулбрайта ўязджаюць у ЗША па візе J-1, якая абавязвае атрымальніка вярнуцца ў краіну свайго пражывання пасля завяршэння стажыроўкі на як мінімум два гады.

Прафесійная стажыроўка ў ЗША на працягу аднаго семестра дае магчымасць удзельнікам пазнаёміцца з праграмамі навучання ў амерыканскіх універсітэтах, узяць удзел у распрацоўцы курсаў, сабраць неабходныя матэрыялы для сваіх даследаванняў, а таксама усталяваць кантакты з амерыканскімі калегамі. Нягледзячы на тое, што гэтая праграма не прадугледжвае атрымання вучонай ступені, яна стварае добрыя магчымасці для прафесійнага росту ў любой галіне.

Фінансаванне праграмы

Праграма Фулбрайта для выкладчыкаў беларускіх ВНУ спансуецца Дзярждэпартаментам ЗША і прадугледжвае аплату міжнароднага і мясцовых пералётаў, медыцынскага страхавання, штомесячнай стыпендыі на працягу ўсяго перыяду стажыроўкі.

Працэс падачы заявак

Зацікаўленыя кандыдаты павінны запоўніць онлайн-заяўку на старонцы: https://apply.iie.org/ffsp2020 да 1 кастрычніка 2019 года.

Заяўкі на ўдзел у праграме Фулбрайта для выкладчыкаў размяшчаюцца ў раздзеле заявак на праграму Фулбрайта для замежных студэнтаў (Fulbright Foreign Student Program).

Адбор кандыдатаў на ўдзел у Праграме Фулбрайта для беларускіх выкладчыкаў ВНУ праводзіцца ў Аддзеле інфармацыі, адукацыі і культуры амбасады ЗША ў Мінску. Паспяховыя кандыдаты будуць запрошаныя на інтэрв’ю ў першай палове кастрычніка 2019 года.

Праграма дае роўныя магчымасці ўсім удзельнікам і не дыскрымінуе іх па расавых, палавых, рэлігійных, нацыянальных і этнічных прыкметах, сэксуальнай арыентацыі, мове або інваліднасці.

Па дадатковую інфармацыю, калі ласка, звяртайцеся ў Аддзел інфармацыі, адукацыі і культуры Амбасады ЗША па тэлефоне 375-17-210-12-83 / дад. 5612 альбо па электроннай пошце: belarusprogram@state.gov

https://by.usembassy.gov/be/application-period-started-for-the-fulbright-faculty-development-program-2020-2021/