Актыўны год для грамады і прыроды Міёршчыны

Рэгіён:
02.06.2020
Актыўны год для грамады і прыроды Міёршчыны

У маі 2019 года Міёрскі раён атрымаў ад Еўрапейскага саюза падтрымку амаль у мільён еўра. Што ўжо ўдалося зрабіць з дапамогай гэтых сродкаў і што яшчэ плануецца?

Гэты грант Міёрскі раённы выканаўчы камітэт атрымаў для ажыццяўлення ў партнёрстве з грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім Сельскім Форумам трохгадовага праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”.

Амаль увесь першы год праекта быў прысвечаны навучанню: праектным офісам і грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” праведзена серыя семінараў і трэнінгаў па развіцці мясцовых рэсурсаў і арганізацыі мясцовых святаў, гендэрнай роўнасці і роўных магчымасцях, напісанні праектных заявак, адукацыйныя мерапрыемствы для валанцёраў, экскурсаводаў, майстроў, фермераў, гаспадароў аграэкасядзіб і іншых зацікаўленых.

Мясцовыя жыхары актыўна ўдзельнічалі ў валанцёрскіх прыродаахоўных летніках, якія праводзіліся ў раёне на тэрыторыі рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Ельня”. Яны сабралі 57 мяхоў смецця, у тым ліку са дна балотных азёр, і адрамантавалі 6 перамычак на каналах, каб з балота не сыходзіла вада.

Фінансавую падтрымку ў межах праекта ў 2019 годзе атрымалі і святы: “Перабродская зорка” у вёсцы Пераброддзе, экалагічнае свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”, а таксама шэраг спартыўных мерапрыемстваў. Дарэчы, свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” з 2012 года кожную восень збірае людзей не толькі з раёна і вобласці, але і з усёй краіны. Вядомае яно і замежным аматарам аграэкатурызму. Фінансавая падтрымка гэтага свята запланавана на працягу і наступных дзьвух гадоў рэалізацыі праекта. Сёлета яно пройдзе 19 верасня.

Для стварэння цэласнага іміджу Міёршчыны для айчынных і замежных турыстаў спецыялістамі вядомага ў краіне крэатыўнага агенцтва “Малако” распрацаваны брэндбук Міёрскага краю.

Упершыню міярчане пазнаёміліся з асновамі распрацоўкі праектных заявак і актыўна прынялі ўдзел у конкурсе мясцовых ініцыятыў. Конкурсная камісія абрала 10 пераможцаў, на ініцыятывы якіх з бюджэту праекта будзе выдзелена 200 000 еўра. Конкурс задуманы як штуршок для развіцця грамадскай актыўнасці і прадпрымальніцтва на Міёршчыне, каб тыя, хто мае цікавыя ідэі, атрымалі магчымасць іх рэалізаваць і сталі прыкладам для іншых.

У межах сацыяльнага кампанента праекта для Міёрскай раённай бальніцы набыты аўтамабіль хуткай медыцынскай дапамогі, а для дзяржаўнай прыродаахоўнай установы “Ельня” – аўтамабіль для перавозкі турыстаў. Ужо гэтым летам пачнецца праца па добраўпарадкаванню гарадскога парку “Паўвостраў” – галоўнай пляцоўкі горада для правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў, замене падлогі ў спартыўнай зале гарадскога спарткомплексу, падаўжэнні экалагічнай сцежкі “Азяраўкі-Ельня” і абсталяванні месца кемпінга.

Усе кампаненты праекта аб’яднае агульная Стратэгія ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна, праца над якой ужо распачалася. Каб прыцягнуць да яе распрацоўкі мясцовых жыхароў, праектным офісам была праведзена серыя трэнінгаў і семінараў, на якіх былі вызначаныя моцныя і слабыя бакі Міёрскага раёна, яго магчымасці і пагрозы. Акрамя таго, у раёне з удзелам школьнікаў і моладзі распрацоўваецца першая ў Беларусі Моладзевая стратэгія ўстойлівага развіцця.

У канцы 2019 года пры раённым Савеце дэпутатаў (упершыню ў Беларусі!) створаны Грамадскі савет па распрацоўцы і рэалізацыі Стратэгіі ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна, галоўная задача якога – прыцягнуць мясцовых жыхароў да абмеркавання і вырашэння мясцовых праблем. У склад савета ўвайшлі прадстаўнікі мясцовай улады, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў раёна і грамадскасці. Пасяджэнні савета плануецца праводзіць 4 – 5 разоў на год.

Як зрабіць лепшым жыццё грамадства і што для гэтага ўлічыць, найлепш падкажа само грамадства. Каб даведацца, як жыхары рэгіёна ставяцца да тэмы праекта, якія яны бачаць моцныя і слабыя бакі развіцця Міёршчыны і праекта ў прыватнасці, каб атрымаць карысную зваротную сувязь, у канцы першага года рэалізацыі праекта было праведзена сацыялагічнае даследаванне. Яго вынікі апублікаваныя на сайце праекта. Другі этап даследавання пройдзе праз два гады, каб ацаніць, як праект паўплываў на жыццё мясцовых жыхароў.

https://euprojects.by/blr/news/an-active-year-for-the-community-and-nature-of-miory/

 

 

 

 

 

 

 

 

 

FASHION NEWS