Праграма валянтэрства ў Польшчы

ГА “Цэнтар “Трэці сэктар” разам з польскім “Цэнтрам супрацы моладзі” шукаюць валянтэраў для працы ў Асацыяцыі для дзяцей і моладзі “Вітава” (Польшча). Праект пачнецца ў верасьні 2016 г. і скончыцца ў жніўні 2017 г.
 
Цэнтар працуе зь дзецьмі з праблемных сем’яў (выхоўваюцца адным з бацькоў, праблемы з алькаголем, залежнасьцямі, беспрацоўныя, малазабясьпечаныя, псыхічны й фізычны гвалт у сям’і). Дзецям найперш патрэбная дапамога з вучобай і эмацыйная падтрымка. Галоўная мэта праграмы – стварыць умовы для рэгулярнага разьвіцьця дзяцей у атмасфэры бясьпекі й прыняцьця й дапамагчы ім адолець псыхалягічныя траўмы.
 
Валянтэры будуць мець магчымасьць разьвіваць свае захапленьні ды працаваць над імі разам зь дзецьмі й моладзьдзю з Цэнтру. Яны атрымаюць досьвед выкладаньня, дапамагаючы дзеткам з хатнімі заданьнямі або ладзячы тэматычныя майстар-клясы. Дзякуючы штодзённай супрацы з прафэсійнымі псыхолягамі й пэдагогамі, у валянтэраў будзе магчымасьць вучыцца ў іх і атрымліваць досьвед. Галоўнай задачай валянтэраў будзе дапамога ў працы пэрсаналу й падтрымка дзяцей у штодзённых занятках Асацыяцыі.
 
Да ўдзелу запрашаецца беларуская моладзь ва ўзросьце ад 18 да 30 гадоў, моладзі з Гарадзенскай вобласьці будзе надавацца перавага. Валянтэр мусіць цікавіцца працай зь дзецьмі й моладзьдзю, быць крэатыўным і мець цікавае хобі, валодаць базавымі ведамі ангельскай і расейскай моваў, жаданьне вучыць польскую вітаецца.
 
Каб прыняць удзел, неабходна даслаць запоўненую заяўку праз эл. адрас: з пазнакай у тэме “EVS in Vitava”.
 
Усе выдаткі на праект, улічваючы транспарт, візавую падтрымку, пражываньне й харчаваньне, кампэнсуюцца арганізатарамі.
 
Апошні тэрмін падачы заявак: 1 траўня 2016 г.
 
Паводле adukacyja.info 

belngo.info

31 студзеня 2016