Чаму зялёная эканоміка такая важная для Беларусі

Рэгіён:
05.06.2018

Краіне, якая найбольш пацярпела ад Чарнобыльскай аварыі, а цяпер з цяжкасцю праводзіць структурную трансфармацыю эканомікі, істотна забяспечваць устойлівы рост, не павялічваючы пры гэтым экалагічныя рызыкі.

Такі канцэпт развіцця прынята называць “Зялёнай эканомікай”, калі ўвага надаецца і аднаўляльным крыніцам энергіі, экалагічнаму транспарту, арганічнай сельскай гаспадарцы і іншым відам эка-інавацый. Але каб эфектыўна ўкараняць гэты падыход, неабходны як адпаведныя тэхналогіі, так і жаданне ўладаў.

Менавіта на гэта быў накіраваны буйны праект Еўрапейскага Саюза “Спрыянне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай” эканомікі”, які скончыўся ў снежні 2017. За тры гады па ўсёй краіне былі рэалізаваны больш 23 пілотныя ініцыятывы, а мы паспрабуем разглядзець самыя цікавыя з іх.

Арганічная сельская гаспадарка

Экалагічна чыстая ежа, якая вырошчваецца з улікам усіх неабходных стандартаў робіцца новым трэндам на Захадзе. Такую прадукцыю цяжэй вырошчваць, яна атрымліваецца даражэй, для яе неабходна мець асобную тэхніку, а таму далёка не ўсе фермеры гатовы рызыкаваць. Потым яшчэ трэба прайсці доўгую працэдуру сертыфікацыі (можа заняць да трох гадоў), якая каштуе для вытворцы не маленькіх грошай.

І тым не менш, гаспадаркі Ашмян, Валожына і Смаргоні рызыкнулі: “Усё больш фермераў пачынае думаць над тым, каб адыходзіць ад экстэнсіўнай сельскай гаспадаркі і пераходзіць на арганічную. Гэта можа быць больш прыбыткова. Да таго ж, няма патрэбы ў такой колькасці дарагой хіміі і іншых сінтэтычных угнаенняў” - кажа Елена Хвашчэўская, мэнэджерка пілотнай ініцыятывы. “Да таго ж фермеры разумеюць, што так яны не выпальваюць глебу, пакідаюць яе здаровай”.

Дзякуючы пілотнай ініцыятыве, плошчы, адведзеныя пад арганічную сельскую гаспадарку павялічыліся на 43 гектары. Абраная фермерская гаспадарка закупіла адмысловае абсталяванне для вытворчасці арганічных угнаенняў, прайшло неабходную сертыфікацыю.

Але галоўныя выклікі хаваюцца не ў гэтым: “Цяжка працаваць без дзяржаўная падтрымкі. Пакуль у нас няма адмысловага закона аб арганічнай сельскай гаспадарцы, любы вытворца можа сказаць, што робіць усё “арганік”, ніякіх пацверджанняў ці сертыфікатаў не трэба. Закон жа створыць рынак арганічнай прадукцыі, вытворцы зразумеюць навошта ім сертыфікацыя, змогуць экспартаваць сваю прадукцыю ў суседнія краіны. Пакуль жа кожны, у каго ёсць лецішча за горадам лічыць, што ў яго арганічная прадукцыя”.

Пры ўсіх цяжкасцях, тэма цікавіць прагрэсіўных фермераў: “Мы праводзілі адукацыйныя мерапрыемствы і вучыцца да нас прыехала 50 фермераў. Усе запытваліся пра нашы Рэкамендацыі па вядзенню арганічнай гаспадаркі. Самыя моцныя фермерскія гаспадаркі пачынаюць пераходзіць на арганіку”.

Зялёныя дахі

У гарадах з бетону і асфальту, дзе ўжо не хапае месца для дрэваў і раслін, усё часцей пачынаюць азеляняць дахі будынкаў. Гэта не проста прыгожы крок і моднае месца для адпачынку, але яшчэ і энергаэфектыўная мера. Такія дахі з’яўляюцца прыроднай тэрмаізаляцыяй, збіраюць дажджавую ваду, адкідаюць патрэбу ў складанай дрэнажнай сістэме.

Адзін з такіх зялёных дахаў зрабіла сабе гімназія ў Мар’інай горцы. “У нас даўно было жаданне перанесці зелень на дах будынку, такі экадызайн увогуле вельмі папулярны зараз у свеце. Пры гэтым, акрамя сацыяльных, экалагічных і эканамічных аспектаў, мы шмат увагі надаем адукацыі. Мы распрацавалі адмысловую праграму па біялогіі і экалогіі, да нас прыязджаюць вучні і настаўнікі з усяго раёна” - кажа Міхаіл Дубавік, старшыня грамадскага аб’яднання “Пухавіцкі край”.

Такі дах цягам году забяспечвае кіслародам 100 чалавек, ён паглынае пыл і шкодныя газы з навакольнага асяроддзя, зімою забяспечвае пасіўнае цеплазберажэнне. “Па сутнасці мы першыя, хто азеляніў прамысловы будынак у Беларусі, гэта быў вялікі выклік і для праектных арганізацый, і для дзяржэкспертызы, і для будаўнікоў” - кажа Міхаіл. 

Вытворчасць паперы з другасных рэсурсаў

Цяпер у Беларусі можна набыць высакаякасную офісную паперу, якая выраблена з макулатуры. Такі праект з бюджэтам 860 000 еўра быў рэалізаваны на “Папяровай фабрыцы” Дзяржзнака ў Барысаве.

“Як камерцыйнае прадпрыемства, якое не атрымлівае датацый ад дзяржавы, нам заўсёды цікава тэма пашырэння асартыменту прадукцыі ды паляпшэнне эканамічнай эфектыўнасці” - апавядае Аляксей Кашын, намеснік галоўнага інжынера. “Пераапрацоўка макулатуры нас цікавіць даўно, яшчэ раней закупілі простае абсталяванне для гэтых патрэбаў, але як даведаліся пра ініцыятыву ЕС - адразу падалі заяўку”.

У выніку, пасля ўсталявання італьянскага абсталявання, каля 35% бялізнай цэлюлозы будзе заменена макулатурай. Скарачэнне выдаткаў на сыравіну складзе каля 800 000 еўра ў год. Яшчэ каля 17 000 еўра атрымаецца зэканоміць дзякуючы энергаэфектыўнасці новага абсталявання, якое было закуплена пры падтрымцы ЕС. 

“Звычайна макулатуру перапрацоўваюць у нізкаякасную, упаковачную паперу. Нашы высокатэхналагічныя працэсы дазваляюць вырабляць з макулатуры белую паперу. ”

Экалагічна бяспечны антыфрыз

Ахалоджваючыя вадкасці, якімі карыстаюцца аўтаўладальнікі звычайна надзвычай таксічны. Калі такі антыфрыз трапляе на глебу, то некалькі гадоў там нічога не прарасце. Нечакана, але “Гомельхімторг” знайшлі рашэнне праблемы.

“На адной з сустрэч з дырэктарам той паставіў на стол бутэльку з мутнаватай вадкасцю і сказаў, што гэта новы экалагічны антыфрыз, зроблены па інавацыйнай тэхналогіі на падставе іншага кампанента” - узгадвае Яўген Зуеў, дырэктар установы "Садзейнічанне развіццю бізнесу", які рэалізоўваў дадзеную ініцыятыву.

“Наш антыфрыз амаль бяспечны. Мы рабілі нават эксперымент, палівалі ім фікус і нічога, расце, здаровы. Звычайны антыфрыз - гэта яд для прыроды, а жорсткіх патрабаванняў па ўтылізацыі няма.”

У межах праекту для “Гомельхімторга” было закуплена новае абсталяванне, створаны працоўныя месцы, вытворчасць на першым этапе складзе 1000 тон у год.

“Насамрэч, гэтая 1000 тон - толькі першая ластаўка. Мы плануем істотна нарошчваць вытворчасць, бачым пазітыўныя водгукі. Прыемна, калі людзі, якія даведваюцца пра нашу ініцыятыву здзіўляюцца, што ў Беларусі могуць распрацоўваць такое тэхналагічнае ноў-хаў”.

Хоць часам такія ініцыятывы маюць лакальны характар, але той факт, што інтарэс да развіцця зялёнай эканомікі бачны па ўсёй краіне не можа не натхняць. Пры гэтым ва ўкараненні “зялёных” падыходаў зацікаўлены як недзяржаўныя арганізацыі, так і прыватны бізнес. Дзяржава таксама намагаецца не прапусціць гэты трэнд. Так у самым канцы 2016 быў прыняты Нацыянальны план дзеянняў па развіцці “зялёнай” эканомікі да 2020 г. Улічваючы такі імпэт і падтрымку Еўрапейскага Саюза, выразна відаць, што “зялёны” падыход спакваля пачне перамагаць старыя метады вядзення бізнесу ў краіне.

Aўтар: Антон Раднянкоў

http://euprojects.by/blr/news/why-green-economy-is-so-important-for-belarus/