Два Форумы “Цэнтру “Трэці сектар” названыя ў ліку лепшых грамадскіх падзей 2019 г.

Рэгіён:
20.03.2020
Два Форумы “Цэнтру “Трэці сектар” названыя ў ліку лепшых грамадскіх падзей 2019 г.

Адразу дзьве падзеі, арганізаваныя з актыўным удзелам ГА “Цэнтр “Трэці сектар”, увайшлі ў агляд грамадскіх падзей 2019 года, падрыхтаваны Асамблеяй дэмакратычных няўрадавых арганізацый Беларусі. Гэта Форум інавацыйных ідэй на карысць рэгіянальнага развіцця, а таксама Форум “Годнае даўгалецце: роўныя магчымасці для ўсіх пакаленняў”.

Форум інавацыйных ідэй адбыўся ў красавіку мінулага года ў Магілёве і сабраў прадстаўнікоў амаль 30 арганізацый з усіх рэгіёнаў краіны.

Мэтай імпрэзы была папулярызацыя дзейнасці грамадскіх ініцыятыў і таго ўнёску, які яны робяць у развіццё сваіх рэгіёнаў.

Форум “Годнае даўгалецце: роўныя магчымасці для ўсіх пакаленняў” адбыўся 1-2 кастрычніка 2019 г. у Мінску і быў арганізаваны кааліцыяй “За годнае даўгалецце”.

Удзел у ім узялі больш за 250 экспертаў, прадстаўнікоў дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, міжнародных інстытуцыяў, якія працуюць са сталымі людзьмі і для сталых людзей, актыўныя сталыя людзі з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама выступоўцы і госці з Аўстрыі, Германіі, Ізраіля, Казахстана, Украіны, Расіі, Швайцарыі, Швецыі. 

Форум адкрывалі намеснік міністра Міністэрства працы Аляксандр Румак,  краінавы дырэктар Фонду ААН у галіне народанасельніцтва Хайме Надаль, каардынатар кааліцыі Вітаўт Руднік.

У час Форума ўпершыню быў публічна прэзентаваны і абмеркаваны праект Нацыянальнай стратэгіі “Годнае даўгалецце – 2030”. Таксама ўпершыню былі прадстаўленыя вынікі даследаванняў, прысвечаных патрэбам сталых людзей, а таксама вобразу сталага чалавека ў грамадстве.

Эксперты з Аўстрыі, Германіі, Украіны, Ізраіля, Расіі пазнаёмілі з лепшымі замежнымі практыкамі інтэграванага дагляду, павышэння ўдзелу сталых людзей у жыцці грамадства, арганізацыі дыялогу паміж пакаленнямі. 

У час Форума былі таксама сабраныя рэкамендацыі да Плана рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі «Годнае даўгалецце – 2030», якія былі дасланыя затым у Міністэрства працы.

Пазнаёміцца з матэрыяламі Форума, а таксама прысвечанымі Форуму публікацыямі ў медыях, можна на спецстаронцы на сайце кааліцыі.

Агляд грамадскіх падзеяў 2019 from Грамадскае аб’яднанне “Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадскіх ініцыятыў “Трэці сектар”

Пагартаць поўны тэкст агляду можна па спасылцы:  http://3sektar.by/news/dva-forumyi-tsentru-tretsi-sektar-nazvanyiya-u-liku-lepshyih-gramadskih-padzey-2019-g.html