Канферэнцыя для моладзі TEDxYouth@Minsk адбудзецца ў верасні

Рэгіён:
15.05.2020
Канферэнцыя для моладзі TEDxYouth@Minsk адбудзецца ў верасні

Маштабная інтэлектуальная канферэнцыя для моладзі TEDxYouth@Minsk адбудзецца ў сталіцы 19 верасня. На ёй свае ідэі ў сферы тэхналогій, экалогіі, інклюзіі і культуры прадставяць дзесяць старшакласнікаў з усёй краіны – фіналісты конкурсу «Першыя», які праводзіцца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў TEDxMinsk. Рэгістрацыя на падзею ўжо пачалася. Уваход вольны. Усе спікеры будуць выступаць па-беларуску.

Магчымасць прэзентаваць свае праекты ў сусветна вядомым фармаце TED атрымалі вучні 9-х, 10-х і 11-х класаў. Журы конкурсу «Першыя» прагледзела больш за сотню відэазаявак і выбрала дзесяць лепшых ідэй. Іх аўтары і выйдуць 19 верасня ў знакаміты чырвоны круг TED з 10-хвіліннай прамовай, якую ўжо зараз рыхтуюць разам з ментарамі – прадстаўнікамі беларускай супольнасці TED. Сярод удзельнікаў:

  • Самуіл Алексін (Мінск, 11 клас);
  • Павел Ананіч (Магілёў, сярэдняя школа №21, 11 клас);
  • Лізавета Грынюк (Слуцк, сярэдняя школа №11, 10 клас); 
  • Настасся Кундзір (Віцебск, сярэдняя школа №12, 9 клас); 
  • Канстанцін Муліца (Іўе, гімназія №1, 10 клас);
  • Дзяніс Рабчук (Брэст, гімназія №1, 10 клас); 
  • Ангеліна Себік (Гомель, гімназія №10, 10 клас); 
  • Вікторыя Сідарэнка (Гомель, сярэдняя школа №44 імя М.А. Лебедзева, 10 клас); 
  • Соф’я Федчанка (Мінск, гімназія №4, 9 клас);
  • Кацярына Янголь (Крэва, сярэдняя школа, 11 клас).

Канферэнцыя TEDxYouth@Minsk адбудзецца ў Беларусі ў другі раз і з’яўляецца часткай сусветнага руху TED у нашай краіне. Па традыцыі прамовы ўсіх спікераў будуць гучаць па-беларуску, бо адна з мэтаў праекта – пашырэнне выкарыстання беларускай мовы і яе вядомасці ў сусветнай прасторы.

«У беларускай моладзі ёсць шмат незвычайных і карысных ідэй, а глабальная місія TED акурат палягае ў тым, каб іх распаўсюджваць. Мы прапануем падлеткам магчымасць падзяліцца сваімі задумамі і быць пачутымі. На канферэнцыі выступяць аўтары сапраўды цікавых праектаў. Яны шмат рыхтаваліся, авалодвалі прамоўніцкім майстэрствам, і іх выступ у сусветна вядомым фармаце можа стаць натхняльным прыкладам для іншых школьнікаў», – адзначыў Мікалай Брэдзелеў, начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 – генеральнага партнёра канферэнцыі TEDxYouth@Minsk.

Сацыяльна-адукацыйны праект «Першыя» праводзіцца кампаніяй А1 пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk.

Гэта конкурс яскравых ідэй пакалення Z, абвешчаны ў кастрычніку 2019 года для вучняў 9-х, 10-х і 11-х класаў. Цягам навучальнага года школьнікі распрацоўвалі свае праекты ў чатырох тэматычных кірунках – «Экалогія», «Тэхналогіі», «Інклюзія» і «Культура», а таксама бралі ўдзел у крэатонах у Мінску, Віцебску, Магілёве, Гомелі і Гродне. Спецыяльна для канкурсантаў быў запушчаны першы беларускамоўны падкаст для моладзі, у якім прафесіяналы з розных сфер дзяліліся парадамі па запуску і прэзентацыі праектаў. 

Больш падрабязнай інфармацыі – на сайце www.generation.A1.by.

http://socnews.by/opportunites/2020/05/13/article_54135