НДА будуць справаздачыцца пра захады супраць фінасаваньня тэрарызму

Рэгіён:
16.07.2020
НДА будуць справаздачыцца пра захады супраць фінасаваньня тэрарызму

Неўзабаве ўсе грамадзкія аб’яднаньні і фонды, зарэгістраваныя ў Беларусі, будуць абавязаныя рыхтаваць і публікаваць справаздачы пра меры, якія прымаюцца ў межах барацьбы зь фінансаваньнем тэрарызму і распаўсюджваньня зброі масавага паражэньня. 

Закон “Аб зьмяненьні Закона Рэспублікі Беларусь “Аб мерах па прадухіленьні легалізацыі даходаў, якія атрыманыя злачынным шляхам, фінансаваньня тэрарыстычнай дзейнасьці і фінансаваньня распаўсюджваньня зброі масавага паражэньня” быў прыняты 13 траўня 2020 году. Ён быў апублікаваны 19 траўня 2020 году на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і павінны набыць моц праз шэсьць месяцаў пасьля публікацыі, гэта значыць у лістападзе. Урад ў гэты тэрмін павінны забясьпечыць прывядзеньне актаў заканадаўства ў адпаведнасьць з новым законам.

Новым актам у дзеючы закон ўводзіцца новы Артыкул 9-2 “Іншыя меры па прадухіленьні фінансаваньня тэрарыстычнай дзейнасьці і фінансаваньня распаўсюджваньня зброі масавага паражэньня”.

Гэтым артыкулам устаноўлена, што Міністэрства юстыцыі вызначае склад, парадак захоўваньня і давядзеньня да ўсеагульнага ведама грамадзкімі аб’яднаньнямі і фондамі справаздачнасьці аб іх дзейнасьці ды іншых зьвестак, якія неабходныя для прыняцьця мераў па прадухіленьні фінансаваньня тэрарыстычнай дзейнасьці і фінансаваньня распаўсюджваньня зброі масавага паражэньня.

На дадзены момант не паступала інфармацыі пра тое, што Мінюстам падрыхтаваны парадак ажыцьцяўленьня гэтай новай формы справаздачнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў і фондаў. Маюцца толькі папярэднія неафіцыйныя запэўніваньні Ўпраўленьня па пытаньнях некамэрцыйных арганізацыяў Мінюста аб тым, што рэгіструючы орган плянуе зрабіць новы від справаздачнасьці няцяжкім для арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці.

Папраўкі былі распрацаваныя Камітэтам дзяржаўнага кантролю сумесна з Нацыянальным банкам, Мiнiстэрствам юстыцыi ды іншымі дзяржаўнымі органамі. Распрацоўшчыкі закона адзначаюць, што ён накіраваны на павышэньне празрыстасьці інфармацыі аб дзейнасьці некамэрцыйных арганізацыяў (фондаў, грамадзкіх аб’яднаньняў ды інш.) з мэтай супрацьдзеяньня іх магчымаму ўдзелу ў фінансаваньні тэрарыстычнай дзейнасьці і адмываньні злачынных даходаў. Норма артыкула 9-2 была прынятая Парлямэнтам бязь зьменаў у параўнаньні з той вэрсіяй, якая была накіраваная ў Палату Прадстаўнікоў суб’ектам права заканадаўчай ініцыятывы (урадам).

Цікава, што дэкляруючы мэту ўзмацніць празрыстасьць НДА ў дачыненьні да пагрозаў адмываньня грошай, распрацоўшчыкі закона  ў артыкуле 9-2 не ахапілі гэтую тэму – справаздачнасьць ня будзе датычыць менавіта адмываньня грошай, яна будзе датычыць толькі фінансаваньня тэрарызму і распаўсюджваньня зброі масавага паражэньня.

Варта падкрэсліць, што новая форма справаздачнасьці ня будзе распаўсюджвацца на камэрцыйныя арганізацыі, а таксама на ўсе астатнія формы некамэрцыйных арганізацыяў (НКА), апроч фондаў і грамадзкіх аб’яднаньняў. Патрэба ўкараненьня новай формы справаздачнасьці не закране арганізацыі грамадзянскай супольнасьці, зарэгістраваныя ў форме ўстановаў (самая простая і найбольш распаўсюджаная на дадзены момант у Беларусі форма для рэгістрацыі новых НКА) і асацыяцыяў (саюзы юрыдычных асобаў і/альбо індывідуальных прадпрымальнікаў). Застаецца нявырашаным пытаньне пра тое, ці закране новая форма справаздачнасьці саюзы і асацыяцыі грамадзкіх аб’яднаньняў (іх дзейнасьць урэгуляваная законам “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”, у адрозьненьні ад іншых саюзаў і асацыяцыяў), а таксама палітычныя партыі і прафсаюзы (якія, хоць рэгулююцца адмысловымі законамі, але ў шырокім разуменьні Грамадзянскага кодэкса адносяцца да грамадзкіх аб’яднаньняў).

Укараненьне новай формы справаздачнасьці, па інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю, будзе спрыяць збліжэньню заканадаўства нашай краіны з міжнароднымі стандартамі ў гэтай сфэры. Новаўвядзеньні супадаюць з падвядзеньнем вынікаў міжнароднай ацэнкі беларускай сыстэмы барацьбы з адмываньнем грошай і фінансаваньнем тэрарызму, якая адбывалася ў 2018-2020 гг.

У лютым 2020 году Эўразійская група па супрацьдзеяньні легалізацыі злачынных даходаў і фінансаваньню тэрарызму (ЭАГ) апублікавала выніковую “Справаздачу ўзаемнай ацэнкі Рэспублікі Беларусь” аб мерах па барацьбе з адмываньнем грошаў і фінансаваньнем тэрарызму (дакумент  перакладзены і на рускую мову). Гэта другі падобны дакумэнт для Беларусі – папярэдні раўнд ацэнкі наша краіна праходзіла ў 2008 годзе.

ЭАГ зьяўляецца асацыяваным сябрам ФАТФ – міжнароднай структуры, якая займаецца пытаньнямі AML/CTF (Anti-Money Laundering/Combating The Financing Of Terrorism) і зьяўляецца адной зь дзевяці так званых “рэгіянальных групаў па тыпу ФАТФ”. Гэтыя групы праводзяць узаемныя ацэнкі, у межах якіх нацыянальныя сыстэмы AML/CTF дзяржаваў-удзельніцаў правяраюцца на адпаведнасьць міжнародным стандартам. Пад ўзаемнасьцю маецца на ўвазе, што прадстаўнікі ўсіх дзяржаваў-сябраў рэгіянальных групаў ацэньваюць іншыя дзяржавы-сябры па чарзе ў адпаведнасьці з графікам ацэнак. Напрыклад, актуальная ацэнка для Беларусі зьдзяйсьнялася прадстаўнікамі Ўзбэкістану, Кыргызстану і Расеі, а таксама прадстаўнікамі сакратарыяту ЭАГ. Падобныя ацэнкі таксама праводзяць Міжнародны валютны фонд (справаздача МВФ па Беларусі да 2004 году таксама зьяўляецца публічным дакумэнтам), Сусьветны банк і непасрэдна сама Група распрацоўкі фінансавых мераў барацьбы з адмываньнем грошай (ФАТФ).

Сыстэма ўзаемных ацэнак рэгіянальных групаў грунтуецца на рэкамэндацыях ФАТФ і на адмысловай Мэтадалёгіі ФАТФ, якая была прынятая ў 2004 і затым зьмененая, і дапоўненая ў 2009. У ЭАГ як у рэгіянальную групу ўваходзяць дзевяць дзяржаваў: Беларусь, Індыя, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Расея, Таджыкістан, Туркмэністан і Ўзбэкістан. Нягледзячы на розны характар пагрозаў ды выклікаў, якія стаяць перад краінамі-сябрамі ЭАГ у межах барацьбы з тэрарызмам, пэўная блізкасьць іх палітычных рэжымаў накладвае адбітак на характар ўзаемнай ацэнкі, у тым ліку і ў дачыненьні да ацэнкі ўцягваньня НКА ў дзейнасьць, зьвязаную з адмываньнем грошай і фінансаваньнем тэрарызму.

Абагульняючы ацэнку беларускай палітыкі AML/CTF у дачыненьні да НКА (гэта значыць у межах  ацэнкі выкананьня Рэкамэндацыі 8), справаздача ЭАГ адзначае, што ў Рэспубліцы Беларусь выбудаваная сыстэма агульнага кантролю за дзейнасьцю НКА шляхам прымяненьня мераў нагляду за фінансава-гаспадарчай дзейнасьцю ўпаўнаважанымі асобамі. Аднак пры гэтым адсутнічаюць выразныя мэханізмы для забесьпячэньня падкантрольнасьці сэктара ў цэлым, у тым ліку адсутнічае рызыка-арыентаваны нагляд, а таксама разумныя меры для выяўленьня і мінімізацыі рызыкаў, якія зьвязаныя з выкарыстаньнем НКА ў супрацьпраўных мэтах. Акрамя таго, адсутнічае сыстэма сталага ўзаемадзеяньня з НКА ў мэтах павышэньня празрыстасьці іх дзейнасьці і дасьведчанасьці пра патэнцыйныя рызыкі.

Як уяўляецца, такая выснова справаздачы не адпавядае рэаліям беларускага грамадзянскага сэктару, для якога характэрная татальная заўрэгуляванасьць і строгі кантроль дзяржавы за дзейнасьцю НКА, у тым ліку і ў фінансавай сфэры.

У дачыненьні да названай ўзаемнай ацэнкі па Беларусі была выказаная крытыка з боку Асамблеі дэмакратычных НДА Беларусі ўжо на стадыі яе падрыхтоўкі ў межах агульнага маніторынгу прававога становішча грамадзянскай супольнасьці CSO Meter. У прыватнасьці, адзначаецца, што заснаваны на ацэнцы рызыкі падыход да рэкамэндацыі 8 (менавіта гэтая рэкамэндацыя тычыцца рызыкаў, якія зьвязаныя з уцягваньнем НКА ў дзейнасьць па адмываньні грошай і фінансаваньні тэрарызму) ня быў рэалізаваны належным чынам на ўзроўні нацыянальнага заканадаўства. Ацэнка рызыкі канкрэтных арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці не праводзілася, але была праведзеная агульная ацэнка рызыкаў, у межах якой рызыка ўцягваньня беларускіх НКА ў дзейнасьць па адмываньні грошай і фінансаваньні тэрарызму лічыцца нізкай.

Пры гэтым ступень кантактаў групы па ацэнцы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці была надзвычай малая і абмяжоўвалася кансультацыямі з прадпрымальніцкімі аб’яднаньнямі і бізнэс-асацыяцыямі. На жаль, візыт групы экспэртаў ЭАГ у сакавіку і верасьні 2019 году не прадугледжваў адкрытых кантактаў з шырокім колам няўрадавых арганізацыяў.

Зьмены ў нацыянальнае заканадаўства, якія прадугледжваюць увядзеньне новай справаздачнасьці для грамадзкіх аб’яднаньняў і фондаў у рамках барацьбы з фінансаваньнем тэрарызму, былі прадстаўленыя менавіта як вынік імплемэнтацыі высноваў і рэкамэндацыяў па выніках гэтай узаемнай ацэнкі ЭАГ. Такім чынам, закон увёў дадатковы тып справаздачнасьці для НКА, нягледзячы на тое, што рызыка ўцягваньня саміх НКА Беларусі ў азначаную  дзейнасьць зьяўляецца нізкай.

Урад Беларусі апублікаваў кароткі пераказ нацыянальнай ацэнкі рызыкаў легалізацыі (адмываньня) даходаў, якія атрыманыя злачынным шляхам, і фінансаваньня тэрарыстычнай дзейнасьці, што была праведзеная ў адпаведнасьці з мэтадалёгіяй і міжнароднымі стандартамі ФАТФ у межах падрыхтоўкі да ўзаемнай ацэнцы міжнароднымі экспэтамі ЭАГ. У прыватнасьці, адсутнасьць фактаў выкарыстаньня НКА для дзеяньняў, якія зьвязаныя з адмываньнем грошай, сьведчыць аб нізкай рызыцы іх уключэньня ў гэткую злачынную дзейнасьць. Дзейнасьць міжнародных тэрарыстычных арганізацыяў, іх філіялаў або сябраў не была зарэгістраваная ў Рэспубліцы БеларусьНе зафіксавана выпадкаў прысутнасьці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь фізічных або юрыдычных асобаў, уключаных у санкцыйны сьпіс ААН, а таксама не было выяўлена іх маёмасьці альбо іншых прыналежных ім актываў. Арганізацыі не прызнаваліся тэрарыстычнымі па рашэньнях беларускіх судоўФактаў выкарыстаньня арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці для фінансаваньня тэрарыстычнай дзейнасьці ў Рэспубліцы Беларусь не было.

Нягледзячы на гэткія абставіны, аўтары ацэнкі палічылі патрэбным рэкамэндаваць ўвесьці ў нацыянальнае заканадаўства дадатковыя захады па зьніжэньні патэнцыйных рызыкаў фінансаваньня тэрарыстычнай дзейнасьці органамі, якія кантралююць дзейнасьць такіх НКА. Абгрунтоўваецца гэта парадаксальнай логікай: “У Беларусі НКА не выкарыстоўваюцца для адмываньня грошай і фінансаваньня тэрарызму. Але ва ўсім сьвеце ў міжнароднай практыцы НКА маюць вялікую рызыку датычнасьці да фінансаваньня тэрарызму. Таму давайце ўвядзем для беларускіх НКА абавязковую справаздачнасьць па мерах у дачыненьні да прадухіленьня таго, чым яны і так не займаюцца”. Менавіта такая логіка была рэалізаваная заканадаўцам пры ўнясеньні зьменаў, якія прадугледжваюць увядзеньне новага віду абавязковай справаздачнасьці для грамадзкіх аб’яднаньняў і фондаў.

Такім чынам, грамадзкім аб’яднаньням, незалежна ад маштабу іх дзейнасьці і аб’ёму бюджэту, у бліжэйшы час давядзецца рыхтаваць некалькі тыпаў агульных справаздачаў:

  • Агульныя справаздачы рэгіструючаму органу згодна з ужо дзеючым законам “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях” – падаюцца усімі грамадзкімі аб’яднаннямі да 1 сакавіка кожнага году.
  • Магчымая новая справаздача, у тым ліку фінансавая, для публікацыі – яе меўся ўвесьці ў 2020 годзе законапраект, анансаваны ўрадам на 2020 год (праект быў унесены ў Парлямэнт у сьнежні 2019 году, але неўзабаве быў адкліканы ўрадам для дапрацоўкі).
  • Справаздача аб мерах па прадухіленьні фінансаваньня тэрарыстычнай дзейнасьці і фінансаваньня распаўсюджваньня зброі масавага паражэньня ў адпаведнасьці з абноўленым законам “Аб мерах па прадухіленьні легалізацыі даходаў, якія атрыманыя злачынным шляхам, фінансаваньня тэрарыстычнай дзейнасьці і фінансаваньня распаўсюджваньня зброі масавага паражэньня”.

Новыя патрабаваньні да справаздачнасьці ўводзяцца ў дадатак да спэцыяльных галіновых справаздачаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, у Белдзяржстрах, структуры статыстычнай справаздачнасьці, а таксама да справаздачаў у Дэпартамэнт па гуманітарнай дзейнасьці (пры атрыманьні бязвыплатнай замежнай дапамогі) або справаздачнасьці перад ўнутранымі донарамі пры атрыманьні спонсарскай дапамогі з унутраных крыніцаў (такія справаздачы зьяўляюцца абавязковымі незалежна ад жаданьня самога донара згодна з указам №300).

Гэткая колькасьць справаздачаў, якія ў тым ліку дублююць адна адну, шкодзіць дзейнасьці НКА,  вымушае іх нерацыянальна выдзяляць рэсурсы на папяровую працу, адцягваючы іх ад працы па дасягненьні статутных мэтаў.

Варта ўлічваць, што артыкул 7 закона “Аб мерах па прадухіленьні легалізацыі даходаў, якія атрыманыя злачынным шляхам, фінансаваньня тэрарыстычнай дзейнасьці і фінансаваньня распаўсюджваньня зброі масавага паражэньня” абавязвае банкі кантраляваць, ці адпавядаюць фінансавыя апэрацыі НКА іх статутным мэтам. Закон прадугледжвае, што фінансавыя апэрацыі НКА падлягаюць адмысловаму кантролю незалежна ад таго, ці былі яны ажыцьцеўлены ці не, калі яны не адпавядаюць мэтам дзейнасьці, што прадугледжаныя ўстаноўчымі дакумэнтамі НКА, відам або характару дзейнасьці НКА. Банкі нясуць адказнасьць за асаблівы кантроль над такімі транзакцыямі.

У справаздачы CSO Meter па Беларусі, якая была апублікаваная ў 2019 годзе, гаворыцца, што меры, прадугледжаныя нацыянальным заканадаўствам аб AML/CTF, неадпаведныя і не заснаваныя ані на ацэнцы рызыкаў, ані на захаваньні стандартаў у галіне правоў чалавека. Справаздачнасьць па AML/CTF варта ўводзіць толькі для тых арганізацыяў, якія падпадаюць пад крытэры рызыкі ў адпаведнасьці са стандартамі ФАТФ.  

Неабходна ўвесьці ў заканадаўства аб AML/CFT рызыка-арыентаваны падыход, які ўлічвае рэальную адсутнасьць ангажаваньня арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці у дзейнасьць па адмываньні грошай і фінансаваньні тэрарызму, у тым ліку адмовіцца ад ацэнкі адпаведнасьці апэрацыяў арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці iх статутам у якасьці крытэру аднясеньня фінансавых апэрацыяў да апэрацыяў, якія патрабуюць адмысловага кантролю. Самі арганізацыі грамадзянскай супольнасьці мусяць быць ня проста назіральнікамі, а актыўнымі ўдзельнікамі працэсу распрацоўкі нормаў, датычных рэгуляваньня азначаных аспэктаў.

Аўтар: Юры Чавусаў, юрыст Асамблеі НДА Беларусі.

Крыніца Unsplash

https://belngo.info/2020.nda-buduts-spravazdachytstsa-pra-zahady-suprats-finasavannnya-teraryzmu.html