“Перапіс” на беларускіх кармушках: колькі налічыце на сваёй?

Рэгіён:
15.01.2020
“Перапіс” на беларускіх кармушках: колькі налічыце на сваёй?

Штогадовая акцыя “Птушкі ля кармушкі” пройдзе 18-19 студзеня. Яе праводзіць грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ), каб сачыць за зменамі ў папуляцыях дробных дзікіх птушак і своечасова рэагаваць на негатыўныя трэнды.

Такія акцыі праводзяцца ў многіх краінах. Менавіта дзякуючы штогадовым падлікам птушак на кармушках у Вялікабрытаніі заўважылі істотнае скарачэнне папуляцыі дразда-спевуна.

Гэты метад называецца «народная навука». Калі тысячы людзей па ўсёй краіне з году ў год лічаць птушак па адной методыцы, то дробныя памылкі ў вызначэнні відаў ці падліку птушак робяцца статыстычна неістотныя, а сур’ёзныя змены ў папуляцыях - заўважнымі.

Наталля Саракавік, спецыялістка АПБ па акцыях і кампаніях “Назіраць за паводзінамі птушак, якія прылятаюць на кармушкі, - гэта як глядзець захапляльны серыял. Выдатны спосаб весела і з карысцю прабавіць час усёй сям’і, адарвацца ад гаджэтаў і руціны. Я вельмі чакаю на сваёй кармушцы таўстадзюба і сініх сініц. А хто прыляціць да вас?”

Паўдзельнічаць у акцыі нескладана: 18 і (або) 19 студзеня падлічыце віды і колькасць птушак на сваёй кармушцы на працягу адной гадзіны і перадайце дадзеныя арганізатарам. Для гэтага можна запоўніць простую форму (яна будзе працаваць з 18 студзеня да 18.00 19 студзеня) ці напісаць паведамленне ў FB або ВК.

Птушак можна лічыць і 3-4 гадзіны, але тады павінна быць 3-4 справаздачы, па адной для кожнай гадзіны. Вазьміце нататнік, з першай чародкай запішыце час і пачніце адлік гадзіны.

Сярод тых, хто дашле вынікі сваіх падлікаў праз форму, АПБ разыграе 10 значыкаў-птушак. Шанец выйграць птушыныя сувеніры маюць і тыя, хто загрузіць свае фота і відэа з кармушак у сацсеткі з хэштэгам #птушкілякармушкі або ў спецыяльны альбом у VKontakte.

АПБ дае парады, як лічыць птушак і як змайстраваць кармушку.

Універсальная падкормка для птушак – нясмажанае несалёнае насенне сланечніка. Да яго можна дадаваць неапрацаванае проса і авёс. Сініцы і дзятлы любяць таксама свежае несалёнае сала. АПБ просіць не карміць птушак хлебам!

Каб вызначыць птушку, можна скарыстацца мабільным дадаткам Ptushki або загрузіць сваё назіранне у фэйсбук-групу “Птушкі Беларусі”. А найлепш – загадзя прайсці анлайн-курс для пачаткоўцаў па вызначэнні 40 відаў гарадскіх птушак.

Натхніцца для ўдзелу ў акцыі дапаможа анлайн-кармушка ў Белавежскай пушчы, адкуль ідзе жывая трансляцыя.

У мінулым годзе самымі незвычайнымі відамі на птушыных сталоўках сталі сівая жаўна, малы дзяцел і чорны дрозд.

Дзяліцца ўражаннямі і здымкамі, дапамагаць адно аднаму з вызначэннем птушак можна ў тэлеграм-чаце “Ціў-ціў”.

Кантактная асоба для прэсы – Наталля Саракавік, +375 29 101-68-87, sarakavik@ptushki.org

Даведка АПБ: Грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) - найбуйнейшая прыродаахоўная грамадская арганізацыя Беларусі і нацыянальны партнёр міжнароднай сеткі прыродаахоўных арганізацый "BirdLifeInternational". АПБ - гэта больш за 3000 сябраў і прыхільнікаў, 120 школьных клубаў і 14 мясцовых аддзяленняў па ўсёй краіне. Арганізацыя працуе дзеля захавання біяразнастайнасці і далучэння насельніцтва да прыродаахоўнай дзейнасці. Толькі разам мы зможам захаваць дзікую прыроду нашай краіны – далучайцеся і вы!

Кантакты арганізацыі: г. Мінск, вул. Парніковaя 11, пам. 4
(+375 17) 348 76 13, (+375 29) 223 06 13, (+375 29) 101 68 87
info@ptushki.org