Смачна і насычана: экалагічнае свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” запрашае!

Рэгіён:
14.09.2020
Смачна і насычана: экалагічнае свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” запрашае!

19 верасня 2020 г. у г. Міёры Віцебскай вобласці адбудзецца экалагічнае свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”, якое стала традыцыйным для рэгіёна і пройдзе ўжо ў восьмы раз.

Месца і час правядзення незвычайнага свята абраныя нездарма: менавіта ў верасні пачынаецца сезон збору журавін, а па запасах гэтых ягад мясцовае балота Ельня займае першае месца ў Беларусі. Акрамя таго, Міёршчына штогод прымае ў госці больш за 35000 шэрых жураўлёў і дзясяткі тысяч гусей розных відаў, якія спыняюцца на адпачынак на балоце і навакольных палях падчас восеньскай міграцыі.

У праграме свята - бясплатнае наведванне экалагічнага візіт-цэнтра заказніка “Ельня”, назіранні за жураўлямі, майстар-класы па традыцыйных народных рамёствах (ганчарства, маляванка, валенне з воўны, саломапляценне, ласкутнае шыццё, кулінарыя і г.д.), выраб экалагічных сувеніраў, роспіс пернікаў з выявамі журавін і жураўля, продаж журавін і журавінавых прысмакаў і шмат іншых цікавостак!

Шчыра запрашаем!

Падрабязную праграму свята глядзіце ў дадатку.

Экалагічнае свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” пройдзе ў рамках праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”, які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім Сельскім Форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

Дадатковую інфармацыю пра свята можна атрымаць па тэл. +375 2152 5 18 85,
5 18 84 (Праектны офіс), 5 19 20 (аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Міёрскага раённага выканаўчага камітэта) або ў сацыяльных сетках:

www.facebook.com/mioryproekt

vk.com/mioryproekt

ok.ru/mioryproekt