Страсці па хоспiсе

Рэгіён:
26.03.2009

№ 55 (26413) 25.03.09 Упраўленне аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама i грамадская дабрачынная арганiзацыя "Гродзенскi дзiцячы хоспiс" вырашылi пытанне аб супрацоўнiцтве. Пасля прэтэнзiй адно да аднаго, якiя пачалiся з публiкацыi нашай газетай артыкула "Жыццё на валаску", бакi вырашылi сумесна каардынаваць свае дзеяннi ў адборы дзяцей для хоспiса, аказаннi iм палiятыўнай дапамогi.

Прэтэнзii пачалiся пасля вышэйназванай публiкацыi ад 15 студзеня гэтага года. На адрас рэдакцыi прыйшлi лiсты з упраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама i "Гродзенскага дзiцячага хоспiса".

У лiсце ад упраўлення значылася, што грамадская дабрачынная арганiзацыя "Гродзенскi дзiцячы хоспiс" не з’яўляецца хоспiсам. Аўтары лiста спасылалiся на загад Мiнiстэрства аховы здароўя "Аб арганiзацыi аказання палiятыўнай дапамогi дзецям". Згодна з iм, у функцыi хоспiса ўваходзiць кантроль сiмптомаў захворвання, псiхалагiчная падтрымка пацыента i членаў яго сям’i, навучанне iх правiлам догляду за цяжкахворым дзiцем i г.д.

"Мы лiчым, што арганiзацыяй не выконваюцца функцыi хоспiса. Не маючы лiцэнзii на медыцынскую дзейнасць, без узаемадзеяння i ўдзелу спецыялiстаў арганiзацый аховы здароўя дапамогу назваць "палiятыўнай" (кiрунак медыцыны, што заклiканы да палягчэння апошнiх дзён жыцця людзей, якiх ужо немагчыма выратаваць — заўв. аўт.) нельга. Арганiзацыю называць "хоспiсам" няправiльна", — пiша ўпраўленне.

Аўтары лiста таксама сцвярджалi, што супрацоўнiкi хоспiса не падавалi iнфармацыi пра сябе i сваю дзейнасць нi ва ўпраўленне, нi ва ўстановы аховы здароўя г. Гродна i Ваўкавыскага раёна (дзе хоспiс аказвае палiятыўную дапамогу таксама).

Для высвятлення сiтуацыi рэдакцыя патэлефанавала ва ўпраўленне, а таксама да дырэктара хоспiса Вольгi Шульгi. Вользе быў перададзены лiст для азнаямлення з прэтэнзiямi.

Гродзенскi абласны камiтэт здароўя, куды звярнуўся наш уласны карэспандэнт, прапанаваў вырашыць пытанне самастойна, без умяшальнiцтва газеты.

Але праз тыдзень прыйшоў лiст ад ГДА "Гродзенскi дзiцячы хоспiс" з просьбай камандзiраваць аўтара артыкула для высвятлення сiтуацыi. Заснавальнiкi пiсалi, што iх арганiзацыя прайшла афiцыйную рэгiстрацыю (даслалi зацверджаную ксеракопiю пасведчання), што ўпраўленне аховы здароўя ведала i давала згоду на стварэнне арганiзацыi (афiцыйны адказ з упраўлення таксама быў дасланы). Згодна з лiстом хоспiс iснуе на дабрачынныя ахвяраваннi, яго супрацоўнiкi аказваюць псiхалагiчную, сацыяльную i духоўную дапамогу. А таксама i матэрыяльную: дапамагаюць каляскамi, медыцынскiм абсталяваннем i матэрыяламi. Каментары ўпраўлення аховы здароўя да артыкула, па словах заснавальнiкаў, уплываюць на рэпутацыю сем’яў, якiя знаходзяцца пад апекай хоспiса.

Рэдакцыя вырашыла арганiзаваць сустрэчу прадстаўнiкоў хоспiса з работнiкамi ўпраўлення аховы здароўя.

На сустрэчы ў аблвыканкаме прысутнiчалi Лiзавета Баранава, галоўны педыятр упраўлення, i Іна Сiцько, намеснiк галоўнага ўрача гарадской цэнтральнай палiклiнiкi; Вольга Шульга, дырэктар ГДА "Гродзенскi дзiцячы хоспiс" , а таксама некаторыя з заснавальнiкаў хоспiса.

Першапачаткова размова працякала вельмi напружана. Бакi выказвалi прэтэнзii адзiн да аднаго.

— Ваша арганiзацыя не можа называцца хоспiсам, бо вы ж не маеце медыцынскай лiцэнзii, — сцвярджала Лiзавета Баранава.

— У нас жа ёсць ваш лiст, згодна з якiм вы пагаджаецеся на тое, каб арганiзацыя называлася "хоспiс". Але вы ж ведаеце, што з сямi хоспiсаў, якiя ёсць у нашай краiне, толькi адзiн мае медыцынскую лiцэнзiю, i то толькi пасля 11 гадоў працы, — парыравалi заснавальнiкi хоспiса.

Паступова размову ўдалося перавесцi ў больш канструктыўнае рэчышча. Суразмоўцы пачалi шукаць пункты ўзаемадзеяння. Гэта i iнфармацыйны бок, каб урачы расказвалi пра iснаванне хоспiса тым, каму патрэбна дапамога. А таксама давалi iнфармацыю хоспiсу пра такiя сем’i.

Вольга Шульга прапанавала ўключыць у мабiльную брыгаду хоспiса медыкаў-спецыялiстаў, каб была магчымасць аказваць поўную палiятыўную дапамогу. Але, па словах Лiзаветы Баранавай, законных падстаў для гэтага няма. I дакумента, па якiм гэта можна зрабiць, таксама.

— Каардынацыя нашых дзеянняў, пакуль вы не маеце медыцынскай лiцэнзii, можа праходзiць у двух аспектах, — кажа Лiзавета Баранава. — Па-першае, гэта адбор сем’яў, якiм патрэбна дапамога. Згодна з загадам Мiнiстэрства аховы здароўя, адбор дзяцей ажыццяўляюць медыцынскiя ўстановы. Можа быць, давайце возьмем дзiцячую палiклiнiку i для пачатку папрацуем на гэтай тэрыторыi. Складзём спiсы сем’яў, якiм найбольш патрэбна такая дапамога.

Другi аспект. Калi, напрыклад, вашы супрацоўнiкi прыходзяць у сям’ю i бачаць, што з дзiцем нешта не так, калi ласка, патэлефануйце ў палiклiнiку i выклiчце ўрача, няхай прыйдзе i дапаможа.

Калi мы не пачнём узаемадзеянне зараз, няхай у вас i няма медыцынскай лiцэнзii, то нiчога i надалей у нас не атрымаецца.

— Мэта нашай размовы была ў тым, каб зняць усе вострыя пытаннi, — каментуе вынiкi сустрэчы Вольга Шульга. — А таксама пачаць супрацоўнiчаць разам. Мэты сваёй мы дасягнулi. Была выбрана адна палiклiнiка, якая дасць нам iнфармацыю наконт дзяцей, i мы пачнём працаваць.

nike lunar forever 2 mens cheap shoes sale store