Урачыстая прэзентацыя жывапіснага твора Восіпа Любіча (1896–1990) «Нацюрморт са збанам»

Рэгіён:
01.06.2018

1 чэрвеня 2018 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстая цырымонія перадачы ў дар жывапіснага твора Восіпа Любіча (1896–1990) «Нацюрморт са збанам» ад Пасольства Рэспублікі Беларусь у Швейцарскай Канфедэрацыі. Гэта ўжо другі твор нашага земляка, прадстаўніка знакамітай Парыжскай школы, жывапісца, графіка, што папоўніць калекцыю музея.

На сённяшні дзень важнай задачай музея з’яўляецца стварэнне інтэгральнай карціны развіцця айчыннага мастацтва ХХ стагоддзя – гэтага складанага, насычанага перыпетыямі і супярэчнасцямі стагоддзя. Віцебскі авангард і мастацтва эмігрантаў, якое стала класікай Парыжскай школы, сацрэалізм і суровы стыль, нонканфармісты і постмадэрністы – вось такая толькі пункцірам акрэсленая канва беларускага мастацтва ХХ стагоддзя. Аднак, здавалася б, усё, што сёння знаходзіцца на паверхні, да нядаўняга часу было вядома толькі вузкім спецыялістам.

Актыўная рэактуалізацыя забытых і невядомых старонак беларускай культуры і мастацтва пачынаецца з канца 1980-х гадоў, калі пад уплывам рэформ «перабудовы» ў мастацкую прастору ўрываецца магутны струмень «вернутай» мастацкай спадчыны. Пачаўся працэс вяртання з забыцця імёнаў мастакоў, ранней адсунутых на перыферыю грамадскай увагі. З канца 1980-х гг. у мастацтвазнаўчых даследаваннях пачынаюць фігураваць імёны М. Шагала, К. Малевіча, В. Ермалаевай, Э. Лісіцкага і інш. Ужо ў ХХI стагоддзі для беларускіх гледачоў становяцца вядомымі мастакі знакамітай Парыжскай школы – інтэрнацыянальнай супольнасці мастакоў, што ўладкаваліся ў Парыжы ў першай палове ХХ стагоддзя, дзе важкую ролю адыгрывалі мастакі з беларускімі каранямі, якія эмігравалі хто да, а хто пасля рэвалюцыі 1917 года.

У гэтай сувязі перадача ў падарунак твора Восіпа Любіча – важны крок на шляху фарміравання паўнавартаснай калекцыі. Пасля стараннага вывучэння гэты музейны прадмет будзе дэманстравацца на тэматычных выставах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і іншых музеяў.

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь