Віцебскі біскуп заклікаў не дзяліць Хрыста

Рэгіён:
25.04.2003

ВІЦЕБСКІ БІСКУП ЗАКЛІКАЎ НЕ ДЗЯЛІЦЬ ХРЫСТА

Напярэдадні Вялікадня (дзякуючы беларускамоўнасьці Касьцёлу беларуская назва
сьвята наўпрост асацыюецца са сьвяткаваньнем па сучасным календары) Віцебскі
рыма-каталіцкі біскуп, ксенз Уладзіслаў Блін традыцыйна запрасіў да сябе ў
госьці віцебскіх журналістаў. У сваім выступе перад імі ён знайшоў месца для
вечнага ды надзённага, для здзейсьненага ды запланаванага. У кастрычніку
мінулага году рыма-каталікі на Віцебшчыне адзначылі трохгадовы юбілей утварэньня
асобнай дыяцэзіі. Асноўным сярод дасягнутага за гэты час віцебскі біскуп лічыць
тое, што цяпер вернікі па-за межамі Віцебска маюць магчымасьць памаліцца ў сябе
ў горадзе ці ў мястэчку, а не ехаць, як тры гады таму, з Лёзна ў Віцебск.
Увогуле ж , паводле словаў ксянза Уладзіслава, зараз на Віцебшчыне на 5 тыс.
насельніцтва цяпер прыпадае адзін сьвятар адной з канфесіяў. Маладыя клерыкі з
Віцебшчыны навучаюцца зараз у Польшчы, Нямеччыне, Італіі, а з наступнага году
двое студэнтаў будуць вучыцца ўва Францыі. Ужо з восені пачне працу асобна
прызначаны біскупам на стварэньне дыяцэзіяльнай бібліятэкі чалавек. Гаворачы пра
хлеб надзённы, біскуп Уладзіслаў згадаў пра свае планы стварыць у Віцебску
пякарню, каб даць дзецям шмат булачак на сняданак. Пэўна, пад уражаньнем ад
апошніх выказваньняў кіраўніка Беларусі біскуп Уладзіслаў запярэчыў уяўленьням
пра надзвычайную дапамогу неправаслаўным хрысьціянам з-за мяжы і адсутнасьць
такой дапамогі праваслаўным. Ён заклікаў не дзяліць Хрыста на часткі і не
разбураць такім чынам хрысьціянства. Згадаўшы перадачу мясцовага тэлебачаньня,
дзе гаварылася пра выключна праваслаўную прыналежнасьць віцебскіх храмаў, ён
заклікаў трымацца гістарычнай праўды.

Сярод планаў на гэты год былі названыя ўрачыстсьці 1 траўня з нагоды наданьня
сьвятарскага сану некалькім дыяканам у віцебскім касьцёле Святой Барбары, на 14
верасьня прызначанае асьвячэньне новага жаночага кляштару ў Докшыцах, на 25
кастрычніка сьвяткаваньне 400-гадовага юбілею храма і парафіі Святога Яна
Хрысьціцеля ў Камаях, а 12 лістапада, на 380-ыя ўгодкі пакутніцкай сьмерці
Сьвятога Язафата, пройдуць урачыстасьці ў Аршанскім касьцёле Святога
Язэпа.