Арол беларускіх балотаў: АПБ абвясціла птушку 2019 года

Рэгіён:
03.11.2018

На змену сёлетняму крылатаму сімвалу – чорнагаловаму шчыгелу – прыходзіць вялікі арлец

Вялікі арлец – адна з самых рэдкіх драпежных птушак Еўропы, ёй пагражае глабальнае знікненне. Адна з найбольшых яе папуляцый у свеце гняздуецца ў Беларусі. 120-150 пар гэтых птушак жыве ў нашых лясах – гэта больш, чым ва ўсім Еўрасаюзе.

Гэтыя арляцы любяць глухія мясціны на балотах і ля балот, вельмі баяцца турбавання чалавекам.

Для таго, каб захаваць папуляцыю вялікага арляца ў Беларусі, АПБ ужо некалькі гадоў праводзіць акцыю “Выратуй арляня!”, грошы на якую сабіралі краўдфандынгам. У межах акцыі ладзяцца экспедыцыі па пошуку гнёздаў гэтых птушак, каб потым аддаць гэтыя ўчасткі пад ахову, інспектуюцца вядомыя гнёзды, каб папярэдзіць шкоду для арляцоў ці пакараць парушальніка. Штогод пасля лістапада валанцёры АПБ бяруць удзел у пошуках гнёзд на новых гнездавых участках.

Вялікія арляцы ўжо адляцелі на поўдзень. Летась спецыялісты АПБ прымацавалі перадатчыкі на 8 арляцоў. За іх міграцыяй і перамяшчэннямі на зімоўцы ў Грэцыі і Афрыцы можна сачыць на карце ptushki.org/eagle.

Нацыянальную кампанію “Птушка года” АПБ праводзіць з 2000 года, каб прыцягнуць увагу людзей да дзікіх птушак Беларусі іх праблемаў і неабходнасці захавання тых месцаў, дзе яны жывуць. Увесь наступны год будуць праходзіць мерапрыемствы, прысвечаныя вялікаму арляцу, да якіх змогуць далучыцца дарослыя і дзеці.

Цікава ведаць. Птушку года з трох кандыдатаў абіраюць сябры АПБ. Хочаш паўплываць на выбар крылатага сімвала? Далучайся да нас і ўдзельнічай у галасаванні на штогадовым з’ездзе. Ужо ў пачатку наступнага года сябры АПБ змогуць аддаць галасы за птушку 2020

года.

http://ptushki.org/news/650956.html