Віцебскі арнамент 2.0

Рэгіён:
11.01.2019

Супольнасць Vitebsk4Me запрашае на адукацыйны курс, прысвечаны развіццю гарадскіх і вясковых супольнасцяў. “Віцебскі арнамент” адкрыты для ўдзельнікаў і ўдзельніц без узроставых абмежаванняў, для асоб, якія захапляюцца актыўнасцямі любога напрамку. Галоўнае, каб яны рабілі гарады і вёскі Віцебшчыны больш утульнымі, свабоднымі, прывабнымі.

У 2019 годзе курс будзе скіраваны на праекты, што ўцягваюць уразлівыя групы, – тых, з кім мы не часта сустракаемся або ўзаемадзейнічаем у гарадах і вёсках. Гэта могуць быць самыя розныя людзі: моладзь са спальных раёнаў альбо далёкіх вёсак, людзі, якія ўшчэмленыя ў сваіх правах (пакутуюць ад забруджвання навакольнага асяроддзя, рашэнняў або бяздзейнасці мясцовых уладаў і службаў), пажылыя людзі, і ў цэлым тыя, хто пражывае побач з намі і падвяргаецца дыскрымінацыі па якіх-небудзь прыкметах.

Што мы будзем рабіць? Для пачатку пазнаёмімся з перадавымі практыкамі па арганізацыі падзей і праектаў культурнага, мастацкага, сацыяльнага, экалагічнага і іншых напрамкаў. Вопытныя выкладчыкі і выкладчыцы з розных гарадоў Беларусі распавядуць пра свой досвед, а таксама дадуць парады па праектах слухачоў курса.

Далей мы будзем вучыцца вырашаць праблемы сваіх супольнасцяў пры дапамозе крэатыўных праектаў з актыўным уцягваннем жыхароў і жыхарак. Пасля даработкі сваіх ідэй удзельнікі і ўдзельніцы змогуць прадставіць іх зацікаўленым у партнёрстве бакам – гарадскім службам, камерцыйным прадпрыемствам, грамадскім аб'яднанням, творчым ініцыятывам.

У 2018 годзе пятнаццаць новых праектаў узбагацілі арнамент горада Віцебска. Сёлета будзе ня менш!

Каб прыняць удзел ў адукацыйным курсе, трэба падаць заяўку на адбор. Заяўка запаўняецца па спасылцы. Прыём заявак адкрыты да серады 16 студзеня 2019 г.

Па дадатковых пытаннях звяртайцеся:
vitebsk4me@gmail.com
альбо па тэлефоне +375 29 518 14 98 (Воля).