АПБ запрашае на першы Адкрыты зімовы чэмпіянат па фотабёрдынгу!

Рэгіён:
12.01.2019

Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” ладзіць зімовыя спаборніцтвы па фатаграфаванні птушак. Яны пройдуць упершыню ўзімку – у суботу 26 студзеня, і ўпершыню – па ўсёй Беларусі. Да ўдзелу запрашаюцца сем’і, фатографы і аматары дзікай прыроды.

Што трэба рабіць?

Знайсці партнёра, каб зрабіць каманду, ці падрыхтавацца ўдзельнічаць самому (самой).

Падсілкаваць батарэі да свайго суперзума ці камеры з добрым аб’ектывам.

Фатаграфаваць дзікіх птушак у прыродзе!

А каб перамагчы ў чэмпіянаце, трэба за 5 гадзін – з 10.00 да 15.00 – наздымаць як мага больш розных відаў птушак.

За кожны від налічваюцца балы. Прычым найбольш балаў за кожны від атрымаюць тыя, хто правільна вызначыць від сфатаграфаванай птушкі. Зрабіць гэта дапамогуць анлайн-вызначальнік або мабільны дадатак.

Як фатаграфаваць птушак узімку? Вось некалькі парадаў.

Падрабязныя правілы чэмпіянату, чэк-лісты індывідуальнага ўдзельніка або каманды можна спампаваць на сайце АПБ.

Як запісацца на чэмпіянат?

Спампаваць форму простай заяўкі, запоўніць яе і даслаць на адрас levy@ptushki.org.

Заяўкі прымаюцца да 17.00 пятніцы 25 студзеня

Можна ўдзельнічаць індывідуальна або ў камандзе з двух чалавек.

Удзел у чэмпіянаце бясплатны. Чэмпіянат адкрыты і для ўдзельнікаў з іншых краін.

Па выніках будуць вызначаныя пераможцы і прызёры, таксама асобна будзе абраны найлепшы здымак. Як і на папярэдніх спаборніцтвах, журы можа ўвесці дадатковыя намінацыі і адзначыць яшчэ некалькі цікавых фота або ўдзельнікаў. Пераможцы атрымаюць прызы на з'ездзе АПБ 9 лютага або потым па пошце.

Сямён Левы, каардынатар чэмпіянату: "У краіне зімуе 131 від птушак! Гэта будзе эксперыментальны чэмпіянат. Упершыню ён адбудзецца зімой. Фатаграфаванне птушак гэтай парой мае асаблівасці. Трэба больш сачыць за фатакамерай. Акрамя таго, гэтым разам мы не збіраем удзельнікаў у адным месцы. Гэта добра, таму што зараз будзе магчымасць узяць удзел кожнаму, хто раней не змог даехаць на чэмпіянаты ў Брэст, Гомель ці Мінск. Фатограф сам выбірае маршрут і тактыку. Дазвол на выкарыстанне аўтамабіляў значна пашырае магчымасці за пяць гадзін пабываць у розных месцах, а таксама і сагрэцца, калі будзе мароз. Мы спадзяемся, што будуць прыгожыя фотаздымкі птушак і цікавыя гісторыі ад удзельнікаў. Магчыма, хтосьці сфатаграфуе цікавы для навукі зімуючы від."

Чэмпіянат па фотабёрдынгу пройдзе ў межах зімовых назіранняў і ўлікаў птушак.

Даведка: Раней чэмпіянаты па фотабёрдынгу праходзілі вясной і восенню ў розных гарадах Беларусі: ў Мінску чатыры разы, а таксама па два разы ў Гомелі і Брэсце. Зімовы ўсебеларускі фармат спаборніцтваў выкарыстоўваецца ўпершыню.

Кантактная асоба для прэсы — Сямён Левы, 8 (029) 101-68-87, levy@ptushki.org

Спампаваць ілюстратыўны здымак “Сіняя сініца ў палёце”

Спампаваць ілюстратыўны здымак “Вялікая сініца на заснежанай галінцы”

Грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) — найбуйнейшая прыродаахоўная грамадская арганізацыя Беларусі і з 2005 года — нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі "BirdLife International", у якую ўваходзяць арганізацыі са 121 краіны. АПБ — гэта больш за 2500 сябраў і валанцёраў і больш за 30000 прыхільнікаў, 130 школьных клубаў і 14 мясцовых аддзяленняў па ўсёй краіне. Арганізацыя працуе дзеля захавання біяразнастайнасці і далучэння насельніцтва да актыўнай аховы прыроды. Толькі разам мы зможам захаваць дзікую прыроду нашай краіны — далучайся і ты!

Кантакты арганізацыі:
г. Мінск, вул. Парніковaя 11, офіс 4
(+375 17) 369 76 13, (+375 29) 223 06 13, (+375 29) 101 68 87
info@ptushki.org