Музей-сядзіба Агінскага запрашае гасцей на традыцыйны фэст

13.08.14.16 жніўня музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага запрашае гасцей на традыцыйны фэст-кірмаш “Залессе запрашае сяброў”.

Пра тое, чаго чакаць ад свята сёлета, расказала старшыня мясцовага дабрачыннага фонду “Залессе запрашае сяброў” Ала Шыцікава:
 
Сёлетняе свята мае назву “На дажынкі да Міхала”. У адрозненне ад папярэдняга ўсе фестывальныя мерапрыемствы пройдуць на тэрыторыі сядзібы – год таму на ёй вяліся аднаўленчыя работы. Удзельнікамі музычнай праграмы стануць мясцовыя выканаўцы, а таксама калектывы са Смаргоні і Маладзечна, госці з Літвы, Латвіі і Польшчы.
 
Народныя майстры і мастакі змогуць прапанаваць свае вырабы на алеях майстроў, а для дзяцей арганізуем гульнёвую пляцоўку.
 
Спадабаюцца гасцям і падворкі Залесся і навакольных вёсак, дзе можна будзе пачаставацца мясцовымі стравамі і напоямі, прайсці майстар-клас па іх прыгатаванні. Можна будзе набыць як мясцовыя сувеніры з візітоўкай Залесся, так і дары залесскіх гаспадароў – бульбу і гародніну, грыбы і ягады, мёд, малако і сыры, яйкі і масла.
Наталія Валынец
16 жніўня 2014