Народная воля

Выдаецца з ліпеня 1995 года на беларускай і рускай мовах, рэгістрацыйнае пасведчанне №246. Вэб-сайт: www.nv-online.by

12 лютага 2004

  • Чо-Ою-ю-ю-ю!..

    25(1838) 12.02.04 На пачатак красавіка запланавана экспедыцыя беларускіх альпіністаў у Непал. Там яны збіраюцца падняцца на шосты па вышыні васьмітысячнік свету — гару Чо-Ою, якая дасягае 8201 метр над узроўнем мора. Па словах старшыні Беларускай федэрацыі альпінізму Аляксандра Гадлеўскага, гэта будзе першая экспедыцыя на васьмітысячнік, якая складаецца выключна з прадстаўнікоў Беларусі.

  • ГА ТБМ заклікае адзначыць Міжнародны дзень роднай мовы

    25(1838) 12.02.04 Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" заклікае грамадзян краіны годна адзначыць Міжнародны дзень роднай мовы. У звароце ТБМ да грамадзян Беларусі гаворыцца, што 21 лютага, па ініцыятыве ЮНЕСКА, ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. "Мы святкуем яго таму, што родная мова і стаўленне да яе — гэта паказчык маральнасці чалавека і яго душы. Родная мова — аснова светаўспрымання. Са знікненнем любой мовы людзі губляюць часцінку нашага агульначалавечага багацця і культурнай разнастайнасці", — гаворыцца ў звароце. Яго аўтары падкрэсліваюць, што "у нашай краіне склалася трывожная сітуацыя з беларускай мовай. Пры моўна-культурнай экспансіі расійскага народа беларуская мова фактычна адкінута на перыферыю і не займае належнага ёй месца мовы тытульнай нацыі. Ад гэтага церпяць іншыя моўныя і культурныя супольнасці Беларусі".


4 лютага 2004

  • Пасольства ФРГ ў Беларусі адкрые візавае аддзяленне

    18(1831) 03.02.2004 Пасольства ФРГ ў Беларусі адкрые візавае аддзяленне для прыёму дакументаў на групавыя паездкі дзяцей у рамках чарнобыльскіх праграм. Прыём дакументаў будзе арганізаваны ў будынку Міжнароднага адукацыйнага цэнтра па адрасе: пр. Газеты "Правда", 11. Візавае аддзяленне будзе працаваць там з 7 па 23 ліпеня. Яно будзе прымаць заявы выключна для групавых паездак дзяцей і падлеткаў па запрашэнні чарнобыльскіх ініцыятыў з Германіі, Аўстрыі і дзяржаў Бенілюкса (Бельгія, Нідэрланды, Люксембург). Каб забяспечыць хуткую і бесперабойную працу ў гэты перыяд, пасольства Германіі просіць усе дабрачынныя арганізацыі і іх прадстаўніцтвы ў Беларусі як мага раней паведаміць візаваму аддзелу дыпмісіі аб запланаваных на лета паездках. Пасля гэтага пасольства зможа своечасова паведаміць адпаведнай дабрачыннай арганізацыі дату і час падачы дакументаў. Тым самым можна будзе пазбегнуць стварэння чэргаў.


23 студзеня 2004

  • У Мар'інай Горцы пабудуюць SOS-дзіцячую вёску

    6(1819) 16.01.2004 Сімвалічны чэк на суму 18500 еўра перададзены беларускаму боку ў Зіндэльфінгене. Згаданыя сродкі будуць скіраваны на фінансаванне праекта будаўніцтва SOS-Дзіцячай вёскі ў Мар'інай Горцы (Мінская вобласць). Чэк прыняў ігрок беларускай зборнай і германскага футбольнага клуба "Штутгарт" Аляксандр Глеб, які аказвае актыўную падтрымку гэтаму дабрачыннаму праекту. Вышэйзгаданая сума — гэта частка сродкаў, выручаных падчас прайшоўшага ў першай дэкадзе студзеня 2004 года Кубка юніёраў па футболе ў зале на прызы канцэрна "Даймлер-Крайслер". Юніёрская зборная каманда Рэспублікі Беларусь па футболе ўпершыню ўзяла ўздзел у гэтым штогадовым турніры.


15 студзеня 2004

  • Справа жодзінцаў за Цэнтрвыбаркама будзе разгледжана 22 студзеня

    2(1815) 10.01.2004 Суд па справе жодзінскіх апазіцыянераў да Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў перанесены на 22 студзеня. У праваахоўныя органы і судовыя інстанцыі звярталіся прадстаўнік ліквідаванага праваабарончага цэнтра "Вясна" Святлана Лапіцкая і яе муж, старшыня мясцовых арганізацый Партыі БНФ і Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны Аляксей Лапіцкі. Яны балаціраваліся ў органы прадстаўнічай ўлады падчас мясцовых выбараў у сакавіку 2003 года. Падставай для гэтых зваротаў сталі, паводле слоў кіраўніка жодзінскай арагнізацыі Партыі БНФ, зафіксаваныя ім шматлікія факты парушэнняў падчас першага і другога тура выбараў. Кіраўнік жодзінскага аддзядення Партыі БНФ патрабуе ад Цэнтральнай камісіі дасканальнага вывучэння дакументаў, якія сведчаць аб фактах фальсіфікацый, а таксама выплаты кампенсацыі за нанесеную маральную шкоду і матэрыяльныя выдаткі ў памеры 2.140.000 рублёў.


18 снежня 2003

  • Аляксандра Герасіменя пакуль не выступае. Затое самая прыгожая

    241(1804) 18.12.03 17-гадовая плыўчыха Аляксандра Герасіменя стала пераможцам конкурсу прыгажосці "Каралева спорту", арганізаванага Нацыянальным алімпійскім камітэтам Беларусі і спартыўнай газетай "Прессбол". Конкурс быў ініцыіраваны камісіяй НАК "Жанчыны і спорт", якую ўзначальвае выдомая гімнастка Марына Лобач. Ідэю падтрымаў Міжнародны алімпійскі камітэт, які выдзеліў грант у памеры 1500 далараў ЗША.


12 снежня 2003

  • Павінны знікнуць тры мільёны беларусаў. Па прагнозах...

    236(1799) 12.12.03 Паводле прагнозаў вучоных-экспертаў Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) да 2300 года насельніцтва Беларусі будзе складаць 6,5 мільёна чалавек. Цяпер у краіне пражывае больш за 9,5 мільёна. У выніку даследванняў эксперты прыйшлі да высновы, што да 2300 года насельніцтва Зямлі складзе 9 мільярдаў чалавек. Цяпер на планеце пражывае 6,3 мільярда. Прагноз ААН грунтуецца на тым, што ў сярэднім у сям'і будуць два дзіцяці. Як зазначаецца ў дакладзе, у краінах Усходняй Еўропы і СНД колькасць насельніцтва будзе паступова скарачацца.

  • Запрашаем на "калядныя сустрэчы"

    236(1799) 12.12.03 З 24 снежня па 8 лютага ў Мінску пройдзе першы калядны фестываль "Сустрэчы на Каляды". Фестываль распачнецца на сцэне Цэнтральнага Дома афіцэраў. Праграма каляднага фестывалю вельмі насычаная, яна арганізавана сумесна з Таварыствам падтрымкі хрысціянскай культуры "Дабралюбства", Домам міласэрнасці і Хрысціянскім адукацыйным цэнтрам св. Кірылы і Мяфодзія. У рамках фестывалю пройдуць канцэрты дзіцячых хораў, фестываль дзіцячай творчасці, выстава-кірмаш "Праваслаўнае раство", выстава мастака Дзяніса Палтарана. Завершыць фестываль праграма "Мір вашаму дому".


14 лістапада 2003

  • Звонкія галасы

    212(1775) 11.11.03 20 лістапада ў Беларусі стартуе ХХХ міжнародны фестываль "Беларуская музычная восень", прысвечаны 70-годдзю Беларускага саюза кампазітараў. Канцэрты "Беларускай музычнай восені" пройдуць ва ўсіх абласцях Беларусі і ў іх будуць задзейнічаны ўсе абласныя філармоніі. Адкрыецца фестываль 20 лістапада канцэртам памяці Анатоля Багатырова. У канцэрце возьмуць удзел розныя калектывы і выканаўцы. 1 снежня ў Віцебску пройдзе канцэрт, які стане афіцыйным закрыццём фестывалю і адкрыццём музычнага форуму імя Івана Салерцінскага.


22 кастрычніка 2003

  • ТБМ запрашае...

    199(1762) 21.10.03 Зноў пачаў працаваць семінар Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны. Працягваюцца сустрэчы з вядомымі беларускімі пісьменнікамі і гісторыкамі. 23 кастрычніка Вы можаце паслухаць Кастуся Тараса. Тэма семінара: "Мінск у часы сталінскіх рэпрэсій". 24, 31 кастрычніка Віталь Скалабан правядзе размову на тэму "Гісторыя ўзнікнення і развіцця беларускіх партый і рухаў у Мінску". 29, 30 кастрычніка Анатоль Грыцкевіч будзе апавядаць пра "Гістарычную тапаграфію і тапаніміку Мінска". Пачатак семінараў а 18-й гадзіне. Адрас сядзібы ТБМ: вул.Румянцава, 13, тэл.284-85-11.


14 кастрычніка 2003

  • Прагаласавалі за Алега Трусава

    194(1757) 14.10.03 На VIII з'езде "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ) старшынёй гэтага грамадскага аб'яднання зноў абраны Алег Трусаў. Свае пасады захавалі і яго намеснікі — Людміла Дзіцэвіч, Сяргей Кручкоў і Алена Анісім, а таксама галоўны рэдактар газеты ТБМ "Наша слова" Станіслаў Суднік. Выбрана рэспубліканская Рада ТБМ у складзе 54 чалавек. Алег Трусаў паведаміў, што зараз ТБМ налічвае 7 тысяч членаў, у тым ліку каля 300 — за мяжой.


13 кастрычніка 2003

  • Над аб'яднаннем — хмары

    192(1755) 10.10.03 Абласное грамадскае аб'яднанне "Гомельская асацыяцыя дзяцей і моладзі" (АСДЕМА) можа быць ліквідавана ў судовым парадку. Такую выснову зрабіла галоўны спецыяліст упраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкама Тамара Стрыжнева па выніках праверкі статутнай дзейнасці а'яднання, якая праводзілася з 21 жніўня па 30 верасня. У даведцы па выніках праверкі зазначаецца, што парушалася перыядычнасць правядзення сходаў і пасяджэнняў рады аб'яднання, а таксама правілы прыёму ў яго члены. Апрача таго, праверка не пацвердзіла абласны статус АСДЕМА і вынайшла, што пячатка аб'яднання не адпавядае дзеючым патрабаванням.


2 кастрычніка 2003

  • У Мінску праходзіць Нямецкі тыдзень

    186(1749) 02.10.03 З 2 па 10 кастрычніка ў рамках Нямецкага тыдня, арганізаванага пад эгідай пасольства ФРГ у Беларусі, у Мінску пройдзе шэраг мерапрыемстваў. Нямецкі тыдзень уключае ў сябе мерапрыемствы на такія тэмы, як "Дыялог культуры і мовы", "Беларусь і Германія: кірмаш магчымасцяў", "Бяром урокі з гісторыі". Адной з найгалоўнейшых падзей будзе міжгаліновая сустрэча прадстаўнікоў беларускай і нямецкай эканомік "Беларусь і Германія: кірмаш магчымасцяў", адкрыццё якой адбудзецца 6 кастрычніка ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць у Інстытуце нямецкіх даследванняў па тэлефоне (017) 237-37-33.

  • У Беларусі адкрыліся Дні Кітая

    186(1749) 02.10.03 Прэзентацыяй нумара часопіса "Всемирная литература", прысвечанага Кітаю, у Беларускім таварыстве дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі ўрачыста адкрыліся Дні Кітая ў Беларусі. У рамках Дзён Кітая ў БелТД пройдуць: вечар сцэнічнай пастаноўкі беларускіх і рускіх казак на кітайскай мове (13 кастрычніка), літаратурна-музычны вечар (21 кастрычніка), а таксама "круглы стол" на тэму "Пяць элементаў кітайскай філасофіі" (23 кастрычніка). На 16 кастрычніка запланавана правядзенне "круглага стала", прысвечанага перспектывам дзелавога і эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем.


26 верасня 2003

  • "Ваеннапалонныя. 1945-1956"

    173-174(1736-1737) 13.09.03 У Мінскім яўрэйскім абшчынным доме адбылася прэзентацыя унікальнага зборніка "Ваеннапалонныя. 1945-1956". Кніга выдадзена мінскім дабрачынным таварыствам вязняў гета "Гілф" пры падтрымцы Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і абшчын. У кнізе, заснаванай на архіўных матэрыялах Беларусі, краін Балтыі, Германіі, Расіі і Украіны, адлюстраваныя прававыя, палітычныя, эканамічныя, ваенныя і сацыяльныя аспекты палону.


25 верасня 2003

  • ГА "Таварыства беларускай мовы" збірае з'езд

    183(1746) 25.09.03 12 кастрычніка ў Мінску адбудзецца VIII чарговы з'езд грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ). На з'езде мяркуецца падвесці вынікі працы за два гады, што прайшлі пасля VII з'езда, і абраць новае кіраўніцтва ТБМ. Галоўная задача ТБМ — захаванне арганізацыі, яе структур і дзвюх газет — "Наша слова" і "Новы час". Па словах Алега Трусава, ГА ТБМ будзе развіваць працу ў рэгіёнах, культурна-асветніцкую і мемарыяльную дзейнасць, а таксама рабіць усё для захавання беларускамоўнай адукацыі і Нацыянальнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа.


4 верасня 2003

  • За што ж папярэдзілі?

    165(1728) 04.09.03 Міністэрства юстыцыі Беларусі вынесла пісьмовае папярэджанне грамадскаму аб'яднанню "Фонд імя Льва Сапегі". Падставай, як сцвярджаецца ў лісце Мінюста, стала тое, што арганізацыя "ажыццяўляе дзейнасць, якая не прадугледжана яе статутам і супярэчыць дзеючаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь". На думку члена "Фонду імя Льва Сапегі", юрыста Андрэя Завадскага, гэтае папярэджанне міністэрства неабгрунтаванае.


3 верасня 2003

  • Дні Японіі ў Беларусі

    164(1727) 03.09.03 Фотавыставай сучаснай архітэктуры Японіі ў мінскім Доме дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі адкрыліся Дні Японіі ў Беларусі. Старшыня прэзідыума Беларускага таварыства дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі Ніна Іванова адзначыла, што Дні Японіі ў Беларусі пройдуць з 1 па 25 верасня. У іх праграме: краязнаўчая вечарына "Токіо — сталіца Японіі", маладзёжны турнір па інтэлектуальнай гульні го, абмеркаванне шляхоў вырашэння экалагічных праблем спецыялістамі абедзвюх дзяржаў, якія перажылі трагедыі першых атамных бамбардзіровак і Чарнобыля, конкурс на веданне японскай мовы і іншыя мерапрыемствы.


25 жніўня 2003

  • Ніл Бунэ ад'язджае, Флавія Бустрэа — прыязджае

    156-157(1719-1720) 23.08.03 Прадстаўнік Праграмы развіцця ААН, рэзідэнт-каардынатар ААН у Беларусі Ніл Бунэ завяршае сваю працу ў Мінску і пакіне краіну напрыканцы жніўня 2003 года. Ніл Бунэ працуе ў Беларусі з 1999 года. Пасля завяршэння сваёй місіі ў Беларусі ён накіруецца на працу ў Балгарыю. На пасаду новага кіраўніка прадстаўніцтва ААН у Беларусі прызначана Флавія Бустрэа (Італія), якая, як чакаецца, прыбудзе ў Беларусь у кастрычніку 2003 года.


22 жніўня 2003

  • Смехатворнае папярэджанне

    154(1717) 21.08.03 Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь вынесла пісьмовае папярэджанне РГА "Беларускі Хельсінскі камітэт". У лісце за подпісам першага намесніка міністра юстыцыі Аляксандра Петраша ўказваецца, што РГА "Беларускі Хельсінскі камітэт", "нягледзячы на вусныя прэтэнзіі рэгіструючага органа ", карыстаецца бланкам, штампам і пячаткай, на якіх "назва арганізацыі не адпявадае статутнай". У выпадку паўторнага ўстанаўлення Міністэрствам юстыцыі парушэння, нават тэхнічнай памылкі, за якую грамадскаму аб'яднанню было вынесена папярэджанне, РГА "Беларускі Хельсінскі камітэт" можа быць ліквідаваны.

Страницы: 1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11