Эколагі заклапочаныя станам малых рэк

15.06.11 Пра гэта заявіў старшыня праўлення міжнароднага экалагічнага грамадскага аб’яднання «Прырода і мы» Алег Лысянок 14 чэрвеня на пасяджэнні грамадскага каардынацыйнага экалагічнага савета пры Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў Мінску.

Паводле слоў Лысянка,малыя рэкі часта забруджаны сцёкамі прадпрыемстваў: многія з іх, асабліва ў райцэнтрах, не абсталяваны ачышчальнымі збудаваннямі, або такія збудаванні працуюць неэфектыўна.
Апрача таго, часта малыя рэкі захламлены, іх берагі ператвораны ў непадкантрольныя сметнікі. Стан многіх рэк з’яўляецца крытычным, яны знаходзяцца на мяжы гібелі. У прыватнасці гэта тычыцца малых рэк Віцебскай вобласці.
Прадстаўнік грамадскага аб’яднання прапанаваў праект па аднаўленні чысціні і паўнаводнасці малых рэк Віцебскай вобласці. У адпаведнасці з ім у васьмі раёнах рэгіёну пры сельсаветах павінны быць арганізаваны экалагічныя пасты. Кожны год такія пасты павінны выбіраць праблемны ўчастак на мясцовых рэках і наводзіць там парадак. Лысянок прапаноўвае супрацоўнічаць з латвійскім бокам у рэалізацыі праекта: арганізоўваць сумесныя семінары па абмене вопытам, распрацаваць практычны дапаможнік па метадах ацэнкі стану малых рэк.
Начальнік упраўлення рэгулявання ўздзеяння на атмасфернае паветра і водныя рэсурсы Мінпрыроды Сяргей Заўялаў у сваю чаргу зазначыў, што ў Беларусі няшмат афіцыйнай інфармацыі аб стане малых рэк. Апошні даведнік аб рэках быў выдадзены ў 1975 годзе. Згодна з ім,
у Беларусі больш за 20 тыс. рэк, у тым ліку 19 тыс. 198 — даўжынёй да 10 км.
Паводле слоў Заўялава, маніторынг стану вод у рэках вядзецца выбарачна. На Віцебшчыне ён арганізаваны для чатырох малых рэк. У двух з іх, паводле слоў эколага, «пачынае праяўляцца» праблема забруджання вод аманійным азотам і фосфарам. Гэта дазваляе заключыць, што праблема забруджання рэк сцёкамі сапраўды актуальная.
Разам з тым прадстаўнік Мінпрыроды лічыць, што ў шэрагу выпадкаў эколагі перабольшваюць праблему забруджання рэк. Напрыклад, на яго думку, не трэба весці работы па ачыстцы рэк ад расліннасці на берагах і ў вадзе. «Немагчыма ачысціць раку ад кожнага лісціка і зламанага кусціка. Гэта толькі парушыць натуральныя працэсы», — сказаў Заўялаў.
У цэлым ён падтрымаў праект МЭГА «Прырода і мы», скіраваны на аднаўленне малых рэк.
 
16 чэрвеня 2011