2003

15 снежня 2003

  • Дзяржстандарт асадзіў назад

    46(356) 12.12.2003 Насуперак ранейшаму рашэньню Дзяржстанарту, з 1 студзеня 2004 г. абавязковых надпісаў па-беларуску на ўпакоўках нехарчовых тавараў ня будзе. Пра гэта паведаміла галоўны спецыяліст управы стандартызацыі Дзяржстандарту Галіна Гатоўка. Матывацыя — "паводле жаданьня вытворцаў". Беларускай мовы на этыкетках дабіўся ТБМ, падтрымаў яго ў гэтым Канстытуцыйны суд. ТБМ мае намер змагацца за адмену новага рашэньня Дзяржстандарту.


5 снежня 2003

  • Юбілей Андрэя Зязюлі

    45(355) 05.12.03 125-ю гадавіну з дня нараджэньня паэта-ксяндза Андрэя Зязюлі (Аляксандра Астрамовіча) адзначылі 1 сьнежня ў Сяньне. На могілках паставілі помнік, адслужылі імшу, у краязнаўчым музэі адчынілі выставу. Зрабілі гэта супольна каталіцкая парафія, ТБМ і мясцовая ініцыятыва Каплічка".


24 лістапада 2003

  • Цень Ван Гога

    43(353) 21.11.03 З 12 лістапада ў менскім Палацы мастацтваў адчынілася міжнародная выстава, прысвечаная 150-годдзю з дня народзінаў Ван Гога. Міжнароднае грамадскае аб'яднанне мастакоў і мастацтваў "Майстар" сабрала пад адным дахам палотны, створаныя ў Беларусі, Польшчы, Літве, Расеі, ЗША, Італіі, Францыі, Чэхіі, Баўгарыі. Іх яднае рознай ступені падабенства да стылістыкі знакамітага мастака. Максімальная цана квіткоў для наведвальнікаў — 1200 руб. Выстава будзе працаваць да канца тыдня. Не рэкамэндуецца наведваць выставу зь дзецьмі.


14 лістапада 2003

  • Шалкевіч ў Баранавічах

    42(352) 14.11.03 18 лістапада, у аўторак, у малой залі баранавіцкага Дому афіцэраў адбудзецца выступ гарадзенскага барда Віктара Шалкевіча. Запрасіла яго мясцовая рада ТБМ. Пачатак у 17.30. Запрашаюцца ўсе ахвотныя.


7 кастрычніка 2003

  • Адродзіцца Таварыства беларускіх лекараў

    36(346) 03.10.03 У ЗША вядзецца падрыхтоўка да аднаўлення дзейнасьці Таварыства беларускіх лекараў. Гэтая арганізацыя была ўтворана прадстаўнікамі паваеннай хвалі эміграцыі ды ўжо даўно ня дзейнічае. Цяпер яе адраджаюць новыя беларускія эмігранты і некалькі сыноў эмігрантаў старых. Чакаецца, што ў гэтай арганізацыі будзе свой сайт у Інтэрнэце.


26 верасня 2003

  • З тапанімікай Полацку трэба нешта рабіць

    35(345) 26.09.03 Полацкая філія Беларускай асацыяцыі журналістаў зьвярнулася да старшыні Полацкага гарвыканкаму Ўладзімера Тачылы зь лістом, у якім выказала прапановы па перайменаваньні вуліц горада. Полацак старанна працуе над тым, каб ператварыцца ў галоўны турыстычны цэнтар краіны. Аднак у справе тапанімікі не адбываецца станоўчых зрухаў. За апошнія пяць гадоў меў месца адзіны выпадак перайменаваньня, калі замест вуліцы Фрунзэ зьявілася вуліца Эўфрасіньні Полацкай. Гістарычны цэнтар гораду перанасычаны камуністычнымі назвамі: Леніна, Маркса, Энгельса, Камуністычная і г.д. Полацкія сябры БАЖу прапанавалі свой спіс імёнаў для полацкіх вуліцаў: Рагнеда, Рагвалод, Усяслаў Чарадзей, Сімяон Полацкі, Ян Баршчэўскі, Вацлаў Ластоўскі, Васіль Быкаў.


25 верасня 2003

  • Праваабаронца, бараніся сам

    34(344) 19.09.03 Сьледам за "Прававой дапамогай насельніцтву" перад пагрозай закрыцьця апынуўся праваабарончы цэнтар "Вясна". Кіраўнік арганізацыі Алесь Бяляцкі лічыць, што іх "замовілі". Дамоклаў меч закрыцьця вісіць ня толькі над "Вясной". Тры папярэджаньні ад Мінюсту мае Назалежнае таварыства прававых дасьледваньняў, праверка з падатковай інспекцыі працуе цяпер у Хельсінскім каміцеце. Вясноўцы будуць і надалей бараніць людзей у судах, сачыць за сытуацыяй з правамі чалавека, выдаваць бюлетэнь і падтрымліваць сайт.

  • Гарадзкая ластаўка — птушка-2004

    34(344) 19.09.03 Налета "Птушкай году" ў краіне будзе гарадзкая ластаўка. Гэтак пастанавілі сябры грамадзянскай арганізацыі "Ахова птушак Беларусі". У мінулыя гады гэтую пачэсную пасаду займалі белы бусел, белая пліска, авяльга і верабей.


22 жніўня 2003

  • Цэны на нерухомасьць узьляцелі

    30(340) 22.08.03 Сярэдняя цана квадратнага мэтра жытла ў сталіцы за апошні квартал вырасла на 20,9 даляра і дасягнула рэкорднага ўзроўню ў 448 даляраў (падлік Менскага таварыства ацэншчыкаў). Эксперты разыходзяцца ў тлумачэньні прычынаў гатага ўзьлёту і ў прагназаваньні далейшых тэндэнцыяў на рынку.

  • Дзень зачыненых газэтаў

    30(340) 22.08.03 Беларуская асацыяцыя журналістаў ладзіць 14 верасьня, у Дзень міжнароднай салідарнасьці журналістаў, акцыю "Дзень зачыненых газэтаў". У менскім гатэлі "Беларусь" адбудзецца вечарына з абмеркаваньнем праблемаў недзяржаўнае прэсы.


28 ліпеня 2003

  • Праз два пакаленьні ўсе загавораць па-беларуску

    27(337) 25.07.03 17 ліпеня ў Беларускім ПЭН-цэнтры адбыўся круглы стол, прысьвечаны праблеме наяўнасьці двух варыянтаў правапісу ("наркамаўкі" ды "тарашкевіцы") і функцыянальнасьці беларускай мовы. Удзел у ім узялі доктар Ян Запруднік (Нью-Ёрк), прафэсар Генадзь Цыхун, галоўны рэдактар выдавецтва "Тэхналёгія" Зьміцер Санько, рэдактар газэты "Салідарнасць" Аляксандр Старыкевіч, кандыдат філялягічных навук Юрась Бушлякоў, гісторык Алесь Белы, рэдактар часопісу "Arche" Валер Булгакаў і іншыя.


24 ліпеня 2003

  • Па Караляўцы з Пагоняй

    26(336) 18.07.03 5 ліпеня ў Караляўцы адбыўся штогадовы Дзень гораду. У фэсьце бралі ўдзел нацыянальныя дыяспары, у тым ліку і "Беларускае таварыства культуры". Сябры таварыства зь дзеткамі, апранутыя ў нацыянальныя строі, зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і велічнай Пагоняй, віталі калінінградцаў. На канцэртнай пляцоўцы завадатарам быў ансамбль таварыства "Тутэйшыя музыкі".


18 чэрвеня 2003

  • Упішуць "Залатым пяром"

    22(332) 13.06.03 Штогадовая ўзнагарода Сусьветнае асацыяцыі газэтаў "Залатое пяро свабоды" сёлета прысуджаная Беларускай асацыяцыі журналістаў. На 56-м Сусьветным кангрэсе газэтаў у Дубліне з рук Глёрыі Браўн Андэрсан з Форуму рэдактараў узнагароду атрымала прэзыдэнтка БАЖу Жанна Літвіна. "Залатое пяро свабоды" ўручаецца штогод, пачынаючы з 1961 г.


16 траўня 2003

  • Жалезная вада

    18(328) 16.05.03 У Барані пры падтрымцы праграмы альянсу Каўнтэрпарт (ЗША) рэалізуецца праект "Чыстая вада". Ініцыятары акцыі — аршанская арганізацыя ТБМ, "Асацыяцыя шматдзетных бацькоў" ды іншыя. У горадзе бракуе якаснай пітной вады. Утрыманьне жалеза і кальцыю ў ёй у 3-5 разоў перавышае норму. Каб вырашыць праблему, плянуецца збудаваць сыстэму абезжалезваньня вады, увесьці ў эксплюатацыю новыя артэзіянскія сьвідравіны, замяніць састарэлы водаправод.


13 траўня 2003

  • У Беларускім ПЭН-Цэнтры

    17(327) 12.05.03 13 траўня а 16-й гадзіне ў ПЭН-Цэнтры (вул.Казлова, 7-101) адбудзецца сустрэча з францускім сацыёлягам Рананам Эрвуэ. Удзел возьме таксама беларускі палітоляг Алесь Лагвінец.

  • Дэпалітызаванае пакаленьне

    17(327) 12.05.03 У Спатканьні маладых літаратараў, што адбылося ў Менску з 1 па 4 траўня, узялі ўдзел фіналісты конкурсу імя Натальлі Арсеньневай, зладжанага Беларускім ПЭН-цэнтрам. 18 фіналістаў, абраных з 177 удзельнікаў, на чатыры дні занурыліся ў сьвет творчасці. Старшыня журы, доктар філялёгіі Міхась Тычына, лічыць супольнай рысай наймаладзейшага пакаленьня творцаў дэпалітызаванасьць і пэўную безасабовасьць. З твораў фіналістаў конкурсу будзе ўкладзены зборнік.

  • "Ратуша" адраклася рызографа

    17(327) 12.05.03 Асамблея няўрадавых арганізацый 3 траўня распачала акцыю "Наша салідарнасьць". 16 арганізацый, у тым ліку Фонд Сапегі, Беларуская асацыяцыя журналістаў, ПЭН-Цэнтар, Праваабарончы цэнтар "Вясна", магілёўскі цэнтар "Кола сяброў", зьвярнуліся ў Мінюст з прапановаю прыпыніць працэдуру ліквідацыі грамадзкіх арганізацый "Ратуша" і "Варута", вакол якіх віравала грамадзкае жыцьцё ў іхных рэгіёнах, а таксама Моладзевага хрысьціянска-сацыяльнага саюзу. Да акцыі салідарнасьці далучыліся таксама найбуйнейшыя польскія арганізацыі. Рэакцыі з Мінюста пакуль ныма, затое ў Гомелі ўлады паведамілі пра ліквідацыю аналягічнага гомельскага рэсурсавага цэнтру "Грамадзянскія ініцыятывы".


20 сакавіка 2003

  • Ахвяры ў Балівіі

    7(317) 21.02.2003 Не менш за 30 чалавек загінулі ў Балівіі. Верныя ўраду войскі патапілі ў крыві бунт сялянаў і паліцэйскіх, якія пратэставалі супраць павышэння падаткаў.


18 сакавіка 2003

  • Розьніца між Жлобінам і Вязьмай

    7(317) 21.02.2003 Аўтарскі паказ новага фільму Юр'я Хашчавацкага "Каўкаскія палоньнікі" ў Беларускім ПЭН-цэнтры сабраў дзесятак гледачоў. Карціна змантажавана з кадраў, адзьнятых чатырма апэратарамі розных расейскіх тэлеканалаў. Голаўны герой, маладзенькі афіцэр марской пяхоты, суправаджае "груз 200" на радзіму. Афіцэра суправаджае апэратар. Па дарозе афіцэр спавядаецца ў камэру. Фільм дакумэнтуе для нас дзьве сьмерці з 12-ці тысяч — менавіта столькі абаронцаў айчыны страціла Расея на той вайне.


12 сакавіка 2003

  • Паўтара стагодзьдзя літоўскай фатаграфіі

    6(316) 14.02.2003 У будынку Віленскай ратушы было свята. Тут прэзентавалі салідны альбом — "Літоўская фатаграфія да ХХІ стагодзьдзя". Гэта вялікая і доўгачаканая падзея для краіны, дзе існуе культ фотамастацтва. Нават у Віленскай мастацкай акадэміі чытаецца асобны курс — фатаграфія.