Здаровы лад жыцця і ахова прыроды - сярод прыярытэтаў устойлівага развіцця Міёршчыны

У лютым 2021 года на Міёршчыне пачата рэканструкцыя двух буйных сацыяльных аб'ектаў: экалагічнай сцежкі на балоце “Ельня” і спартыўнай залы гарадскога спарткомплексу.

Усё - дзякуючы праекту міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Міёрскім райвыканкамам у партнёрстве з ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім Сельскім Форумам.

Экасцежка на найбуйнейшым верхавым балоце Беларусі была пабудавана яшчэ ў 2014 годзе. Яе працягласць складае 1,5 км. Аднак пачынаецца сцежка не ад мяжы заказніка. Да яе трэба прайсці яшчэ каля кіламетра, а ў межсезонне і дажджы гэта вельмі складана зрабіць. “Ідэя падоўжыць экасцежку існавала ў галовах ужо даўно, і добра, што ў рамках праекта нам удасца яе ажыццявіць”, - адзначыла тэматычны каардынатар па “зялёнай” інфраструктуры праекта Марына Гернат.

Падаўжэнне знакамітага драўлянага насцілу экалагічнай сцежкі “Азяраўкі-Ельня” дазволіць не толькі прывабіць у заказнік больш наведнікаў, але і палегчыць доступ да сцежкі для маламабільнай групы людзей.

На тэрыторыі заказніка ў рамках праекта таксама з’явіцца месца для адпачынку. Ужо ўсталяваны драўляны навес. Да пачатку летняга турыстычнага сезона паставяць смеццевыя кантэйнеры і інфармацыйныя ўказальнікі.

У рамках праекта таксама ідзе капітальны рамонт гарадской спартыўнай залы фізкультурна-спартыўнага клуба “Міёры”. Гэты аб'ект значны, у першую чаргу, для мясцовых жыхароў. Тут праходзяць заняткі для дзяцей і дарослых па футболе, валейболе і лёгкай атлетыцы, а таксама раённыя і абласныя спаборніцтвы.

Плануецца, што спартыўную залу здадуць у эксплуатацыю 25 сакавіка, адзначыў тэматычны каардынатар па развіцці спорту Уладзіслаў Уткін.

Алена Шокель, менеджар сайта і па сувязях з грамадскасцю праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”

Адрас: вул. Камуністычная, 52, г. Міёры, Віцебская вобласць, Беларусь
Тэл. +375 29 293 40 29
E-mail: mioryproekt@tut.by
Праект у сацыяльных сетках:
www.facebook.com/mioryproekt
vk.com/mioryproekt
ok.ru/mioryproekt

04.03.2021