Жыхары сельскай мясцовасці Беларусі пазнаёміліся з лепшым досведам у галіне сельскагаспадарчага бізнеса

18.07.2017

З 23 па 24 чэрвеня адбыўся двухдзённы азнаямляльны візіт па Мінскай і Гродзенскай абласцях «Мой сельскагаспадарчы бізнес: гісторыі поспеху і лепшы досвед». Праграма візіта прадугледжвала сустрэчы з фермерамі і прадпрымальнікамі, уладальнікамі аграсядзіб і асабістых падсобных гаспадарак, прадстаўнікамі некамерцыйных арганізацый і кааператываў. Удзельнікамі візіту сталі 22 сельскіх жыхара - супрацоўнікі некамерцыйных арганізацый і члены ініцыятыўных груп, прадстаўнікі бізнесу і мясцовых органаў улады, а таксама людзі, якія шукаюць дадатковы даход.

Азнаямляльны візіт пачаўся з наведвання фермерскай гаспадаркі «ДАК». Фермерская гаспадарка знаходзіцца ў экалагічна чыстай мясціне ў Дзяржынскім раёне і валодае 100 гектарамі зямлі, 800 козамі зааненскай пароды з фермай для утрымання жывёлы, сучасным даільным абсталяваннем, участкам па перапрацоўцы малака з цэхам сыраварэння, а таксама Музеем коз. Фермерская гаспадарка вырошчвае корм без ужывання гербіцыдаў, пестыцыдаў і мінеральных угнаенняў и валодае сертыфікатам адпаведнасці тэхналогіям Еўрапейскага рэгламенту арганічнага земляробства IOAS.

Далей па праграме было наведванне фермерскай гаспадаркі «Экафлора». У «Экафлоры» вырошчваюць звыш 100 відаў аднагадовых кветак і ёсць гадавальнік з іглічнымі дэкаратыўнымі раслінамі. Насенне і саджанцы гаспадарка набывае непасрэдна ў сусветных селекцыянераў - палякаў, амерыканцаў, галандцаў ды немцаў, пастаянна пашыраючы свае партнёрскія сеткі і асартымент.

Каля «Экафлоры» знаходзіцца аграсядзіба «Коні-поні». Аграсядзіба прапануе экскурсіі на дыліжансе па наваколлі, дзіцячыя святкаванні з поні, фотасесіі ў карэтах і іншае. У сядзібе ёсць заапарк з поні, казлянятамі, ягнятамі, трусамі і птушыны двор.

Таксама ўдзельнікі візіту наведалі фермерскую гаспадарку «Вермі экапрадукт». Гаспадарка першай у Беларусі прайшла сертыфікацыю па стандартах Еўрапейскага саюза. На 20 га зямлі вырошчваюць экалагічна чыстую прадукцыю, у тым ліку парэчку, гародніну, зеляніну і іншыя культуры. Уся прадукцыя вырошчваецца без ужывання мінеральных угнаенняў і хімічных сродкаў абароны раслін. «Вермі экапрадукт» перамагло ў рэспубліканскім конкурсе «Устойлівая гаспадарка», заняўшы першае месца.

Знаёмства з прынцыпамі экалагічнага земляробства працягнулася ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры «Надзея». Для вырошчвання прадукцыі на базе ДРАЦ «Надзея» ўведзены два севазвароты агульнай плошчай 18,2 га. У цэнтры вырошчваюцца гародніна і зеляніна, а таксама пладовыя дрэвы і кусты.

Завяршыўся азнаямленчы візіт круглым сталом, на якім удзельнікі сустрэліся з заснавальнікамі крамы фермерскіх арганічных прадуктаў «Тук-тук. Латук!». Крама рэалізуе натуральныя, экалагічна чыстыя прадукты ад беларускіх фермераў. Удзельнікі візіту даведаліся, якім чынам арганізавана праца ў краме і як можна прадставіць на продаж сваю прадукцыю.

За два дні ўдзельнікі азнаямленчага візіту пазнаёміліся з лепшым досведам вытворчасці і рэалізацыі экалагічна чыстай і арганічнай сельскагаспадарчай прадукцыі, вырошчвання і рэалізацыі кветак і саджанцаў, вытворчасці малака і прадуктаў з малака, кааператыўнай вытворчасці і прасоўвання тавараў, работ і паслуг, развіцця аграэкатурызму і прадастаўлення спадарожных паслуг, а таксама змаглі наладзіць кантакты з практыкамі ў названых абласцях.

Уражаннямі дзеліцца ўдзельнік азнаямленчага візіту Кахавец Эдуард, індывідуальны прадпрымальнік і рамеснік з паселішча радавых маёнткаў «Росы» (в. Петрусоўшчына Валожынскага раёну): «Больш за ўсё мне спадабаўся досьвед фермера Ігара Хвашчэўскага па тэхналогіі аднаўлення глебы і сустрэча з прадстаўнікамі «Тук-тук. Латук!». Наведаў яшчэ раз семінар Ігара Хвашчэўскага і больш падрабязна вывучыў пытанне аднаўлення ўрадлівасці глебы. Падзялюся сваімі ўражаннямі на бліжэйшым сходзе паселішча радавых маёнткаў «Росы». Паспрабую пашырыць тэрыторыю апрацованых земляў у сваёй асабістай гаспадарцы, і прадаць вырашчаную прадукцыю праз гандлёвую сетку «Тук-тук. Латук!».

Сівуда Іван, пчаляр з г.Камянец Брэсцкая вобласці, кажа: «Вельмі радасна было сустрэць новы круг аднадумцаў, новых сяброў, убачыць і «ў жывую» дакрануцца да піянераў экалагічнага земляробства. Пытанне здаровага харчавання становіцца ўсё больш актуальным. Еўропа ў пытаннях аховы здароўя ўжо даўно мае на ўзбраенні дыетычнае харчаванне, а гэта і ёсць ужыванне чыстых і здаровых прадуктаў харчавання. Нам паказалі, што існуе падтрымка гаспадарак у гэтым кірунку і арганізавана рэалізацыя прадуктаў».

Атрыманыя веды і досвед дапаможа ўдзельнікам візіту адкрыць або істотна пашырыць свой бізнэс, ужыць новыя падыходы і інструменты да вядзення сельскай гаспадаркі, павысіць эфектыўнасць і атрымаць дадатковы даход з асабістай гаспадаркі, а таксама будзе спрыяць прымяненню экалагічных тэхнік і падыходаў у сельскай гаспадарцы.

Праект «Пашырэнне эканамічных магчымасцяў у сельскай Беларусі» рэалізуе Фонд «Новая Еўразія» пры фінансаванні Еўрапейскага саюза і суфінансаванні Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID).

http://euprojects.by/blr/news/belarusian-rural-dwellers-studied-the-best-practices-of-doing-agricultural-business/

 

Air Jordan XX9 29 Shoes