Выстава «Беларуская лялька»

З 10 верасня ў Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах працуе выстава «Беларуская лялька» з фондаў клуба фальклорнай і народнай лялькі «Папараць-кветка».

На выставе прадстаўлены аўтарскія керамічныя лялькі ў традыцыйных беларускіх строях і лялькі – персанажы міфалогіі беларусаў. Большая частка калекцыі прадстаўлена багатым этнаграфічным матэрыялам – анучнымі народнымі лялькамі. Лялькі, сабраныя падчас шматлікіх экспедыцый па рэгіёнах Беларусі, з'яўляюцца самабытнымі і ўнікальнымі. Ахоўныя ці гульнёвыя лялькі заўсёды прысутнічалі ў жыцці беларусаў, але само паняцце «беларуская лялька» было памылкова заменена на агульнапрынятае – «народная славянская лялька». На выставе можна пазнаёміцца з народнай лялькай не толькі з тэкстылю, але і з зусім нечаканых матэрыялаў – пяску, травы, шэрсці жывёл, імху, пілавіння, воску і нават бульбы. Асаблівую ўвагу варта звярнуць на ўнікальных лялек з розных абласцей Беларусі – урадлівых.

Таксама на выставе прадстаўлены традыцыйныя рускія народныя ахоўныя і гульнёвыя лялькі. Многія з гэтых лялек шырока вядомыя і часта выкарыстоўваюцца як дапаможнік для вырабу на майстар-класах – «Дзесяціручка», «Вепская», «Кувадка», «Благадаць». Сезонныя лялькі, лялькі з вясельнага цыкла, з нагоды нараджэння дзіцяці, ад розных хвароб і немачы – «Вербніца», «Калядная каза», «Нявеста», «Ліхаманкі», «Бяссонніца» – могуць быць для некаторых нечаканым адкрыццём.

Национальный художественный музей Республики Беларусь
[email protected]
 
 
27 верасня 2016