|
|
Базы дадзеных |
Трэці сектарНавіны, Мэнэджмэнт, Некамерцыйнае права, Праграмы і конкурсы |
Аб'яднаны шлях |
|
ngo.by → Маніторынг беларускай прэсы
Выдаецца з ліпеня 1995 года на беларускай і рускай мовах, рэгістрацыйнае пасведчанне №246. Вэб-сайт: www.nv-online.by
25(1838) 12.02.04 На пачатак красавіка запланавана экспедыцыя беларускіх альпіністаў у Непал. Там яны збіраюцца падняцца на шосты па вышыні васьмітысячнік свету — гару Чо-Ою, якая дасягае 8201 метр над узроўнем мора. Па словах старшыні Беларускай федэрацыі альпінізму Аляксандра Гадлеўскага, гэта будзе першая экспедыцыя на васьмітысячнік, якая складаецца выключна з прадстаўнікоў Беларусі.
25(1838) 12.02.04 Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" заклікае грамадзян краіны годна адзначыць Міжнародны дзень роднай мовы. У звароце ТБМ да грамадзян Беларусі гаворыцца, што 21 лютага, па ініцыятыве ЮНЕСКА, ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. "Мы святкуем яго таму, што родная мова і стаўленне да яе — гэта паказчык маральнасці чалавека і яго душы. Родная мова — аснова светаўспрымання. Са знікненнем любой мовы людзі губляюць часцінку нашага агульначалавечага багацця і культурнай разнастайнасці", — гаворыцца ў звароце. Яго аўтары падкрэсліваюць, што "у нашай краіне склалася трывожная сітуацыя з беларускай мовай. Пры моўна-культурнай экспансіі расійскага народа беларуская мова фактычна адкінута на перыферыю і не займае належнага ёй месца мовы тытульнай нацыі. Ад гэтага церпяць іншыя моўныя і культурныя супольнасці Беларусі".
18(1831) 03.02.2004 Пасольства ФРГ ў Беларусі адкрые візавае аддзяленне для прыёму дакументаў на групавыя паездкі дзяцей у рамках чарнобыльскіх праграм. Прыём дакументаў будзе арганізаваны ў будынку Міжнароднага адукацыйнага цэнтра па адрасе: пр. Газеты "Правда", 11. Візавае аддзяленне будзе працаваць там з 7 па 23 ліпеня. Яно будзе прымаць заявы выключна для групавых паездак дзяцей і падлеткаў па запрашэнні чарнобыльскіх ініцыятыў з Германіі, Аўстрыі і дзяржаў Бенілюкса (Бельгія, Нідэрланды, Люксембург). Каб забяспечыць хуткую і бесперабойную працу ў гэты перыяд, пасольства Германіі просіць усе дабрачынныя арганізацыі і іх прадстаўніцтвы ў Беларусі як мага раней паведаміць візаваму аддзелу дыпмісіі аб запланаваных на лета паездках. Пасля гэтага пасольства зможа своечасова паведаміць адпаведнай дабрачыннай арганізацыі дату і час падачы дакументаў. Тым самым можна будзе пазбегнуць стварэння чэргаў.
6(1819) 16.01.2004 Сімвалічны чэк на суму 18500 еўра перададзены беларускаму боку ў Зіндэльфінгене. Згаданыя сродкі будуць скіраваны на фінансаванне праекта будаўніцтва SOS-Дзіцячай вёскі ў Мар'інай Горцы (Мінская вобласць). Чэк прыняў ігрок беларускай зборнай і германскага футбольнага клуба "Штутгарт" Аляксандр Глеб, які аказвае актыўную падтрымку гэтаму дабрачыннаму праекту. Вышэйзгаданая сума — гэта частка сродкаў, выручаных падчас прайшоўшага ў першай дэкадзе студзеня 2004 года Кубка юніёраў па футболе ў зале на прызы канцэрна "Даймлер-Крайслер". Юніёрская зборная каманда Рэспублікі Беларусь па футболе ўпершыню ўзяла ўздзел у гэтым штогадовым турніры.
2(1815) 10.01.2004 Суд па справе жодзінскіх апазіцыянераў да Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў перанесены на 22 студзеня. У праваахоўныя органы і судовыя інстанцыі звярталіся прадстаўнік ліквідаванага праваабарончага цэнтра "Вясна" Святлана Лапіцкая і яе муж, старшыня мясцовых арганізацый Партыі БНФ і Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны Аляксей Лапіцкі. Яны балаціраваліся ў органы прадстаўнічай ўлады падчас мясцовых выбараў у сакавіку 2003 года. Падставай для гэтых зваротаў сталі, паводле слоў кіраўніка жодзінскай арагнізацыі Партыі БНФ, зафіксаваныя ім шматлікія факты парушэнняў падчас першага і другога тура выбараў. Кіраўнік жодзінскага аддзядення Партыі БНФ патрабуе ад Цэнтральнай камісіі дасканальнага вывучэння дакументаў, якія сведчаць аб фактах фальсіфікацый, а таксама выплаты кампенсацыі за нанесеную маральную шкоду і матэрыяльныя выдаткі ў памеры 2.140.000 рублёў.
241(1804) 18.12.03 17-гадовая плыўчыха Аляксандра Герасіменя стала пераможцам конкурсу прыгажосці "Каралева спорту", арганізаванага Нацыянальным алімпійскім камітэтам Беларусі і спартыўнай газетай "Прессбол". Конкурс быў ініцыіраваны камісіяй НАК "Жанчыны і спорт", якую ўзначальвае выдомая гімнастка Марына Лобач. Ідэю падтрымаў Міжнародны алімпійскі камітэт, які выдзеліў грант у памеры 1500 далараў ЗША.
236(1799) 12.12.03 Паводле прагнозаў вучоных-экспертаў Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) да 2300 года насельніцтва Беларусі будзе складаць 6,5 мільёна чалавек. Цяпер у краіне пражывае больш за 9,5 мільёна. У выніку даследванняў эксперты прыйшлі да высновы, што да 2300 года насельніцтва Зямлі складзе 9 мільярдаў чалавек. Цяпер на планеце пражывае 6,3 мільярда. Прагноз ААН грунтуецца на тым, што ў сярэднім у сям'і будуць два дзіцяці. Як зазначаецца ў дакладзе, у краінах Усходняй Еўропы і СНД колькасць насельніцтва будзе паступова скарачацца.
236(1799) 12.12.03 З 24 снежня па 8 лютага ў Мінску пройдзе першы калядны фестываль "Сустрэчы на Каляды". Фестываль распачнецца на сцэне Цэнтральнага Дома афіцэраў. Праграма каляднага фестывалю вельмі насычаная, яна арганізавана сумесна з Таварыствам падтрымкі хрысціянскай культуры "Дабралюбства", Домам міласэрнасці і Хрысціянскім адукацыйным цэнтрам св. Кірылы і Мяфодзія. У рамках фестывалю пройдуць канцэрты дзіцячых хораў, фестываль дзіцячай творчасці, выстава-кірмаш "Праваслаўнае раство", выстава мастака Дзяніса Палтарана. Завершыць фестываль праграма "Мір вашаму дому".
212(1775) 11.11.03 20 лістапада ў Беларусі стартуе ХХХ міжнародны фестываль "Беларуская музычная восень", прысвечаны 70-годдзю Беларускага саюза кампазітараў. Канцэрты "Беларускай музычнай восені" пройдуць ва ўсіх абласцях Беларусі і ў іх будуць задзейнічаны ўсе абласныя філармоніі. Адкрыецца фестываль 20 лістапада канцэртам памяці Анатоля Багатырова. У канцэрце возьмуць удзел розныя калектывы і выканаўцы. 1 снежня ў Віцебску пройдзе канцэрт, які стане афіцыйным закрыццём фестывалю і адкрыццём музычнага форуму імя Івана Салерцінскага.
199(1762) 21.10.03 Зноў пачаў працаваць семінар Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны. Працягваюцца сустрэчы з вядомымі беларускімі пісьменнікамі і гісторыкамі. 23 кастрычніка Вы можаце паслухаць Кастуся Тараса. Тэма семінара: "Мінск у часы сталінскіх рэпрэсій". 24, 31 кастрычніка Віталь Скалабан правядзе размову на тэму "Гісторыя ўзнікнення і развіцця беларускіх партый і рухаў у Мінску". 29, 30 кастрычніка Анатоль Грыцкевіч будзе апавядаць пра "Гістарычную тапаграфію і тапаніміку Мінска". Пачатак семінараў а 18-й гадзіне. Адрас сядзібы ТБМ: вул.Румянцава, 13, тэл.284-85-11.
194(1757) 14.10.03 На VIII з'езде "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ) старшынёй гэтага грамадскага аб'яднання зноў абраны Алег Трусаў. Свае пасады захавалі і яго намеснікі — Людміла Дзіцэвіч, Сяргей Кручкоў і Алена Анісім, а таксама галоўны рэдактар газеты ТБМ "Наша слова" Станіслаў Суднік. Выбрана рэспубліканская Рада ТБМ у складзе 54 чалавек. Алег Трусаў паведаміў, што зараз ТБМ налічвае 7 тысяч членаў, у тым ліку каля 300 — за мяжой.
192(1755) 10.10.03 Абласное грамадскае аб'яднанне "Гомельская асацыяцыя дзяцей і моладзі" (АСДЕМА) можа быць ліквідавана ў судовым парадку. Такую выснову зрабіла галоўны спецыяліст упраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкама Тамара Стрыжнева па выніках праверкі статутнай дзейнасці а'яднання, якая праводзілася з 21 жніўня па 30 верасня. У даведцы па выніках праверкі зазначаецца, што парушалася перыядычнасць правядзення сходаў і пасяджэнняў рады аб'яднання, а таксама правілы прыёму ў яго члены. Апрача таго, праверка не пацвердзіла абласны статус АСДЕМА і вынайшла, што пячатка аб'яднання не адпавядае дзеючым патрабаванням.
186(1749) 02.10.03 З 2 па 10 кастрычніка ў рамках Нямецкага тыдня, арганізаванага пад эгідай пасольства ФРГ у Беларусі, у Мінску пройдзе шэраг мерапрыемстваў. Нямецкі тыдзень уключае ў сябе мерапрыемствы на такія тэмы, як "Дыялог культуры і мовы", "Беларусь і Германія: кірмаш магчымасцяў", "Бяром урокі з гісторыі". Адной з найгалоўнейшых падзей будзе міжгаліновая сустрэча прадстаўнікоў беларускай і нямецкай эканомік "Беларусь і Германія: кірмаш магчымасцяў", адкрыццё якой адбудзецца 6 кастрычніка ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць у Інстытуце нямецкіх даследванняў па тэлефоне (017) 237-37-33.
186(1749) 02.10.03 Прэзентацыяй нумара часопіса "Всемирная литература", прысвечанага Кітаю, у Беларускім таварыстве дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі ўрачыста адкрыліся Дні Кітая ў Беларусі. У рамках Дзён Кітая ў БелТД пройдуць: вечар сцэнічнай пастаноўкі беларускіх і рускіх казак на кітайскай мове (13 кастрычніка), літаратурна-музычны вечар (21 кастрычніка), а таксама "круглы стол" на тэму "Пяць элементаў кітайскай філасофіі" (23 кастрычніка). На 16 кастрычніка запланавана правядзенне "круглага стала", прысвечанага перспектывам дзелавога і эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем.
173-174(1736-1737) 13.09.03 У Мінскім яўрэйскім абшчынным доме адбылася прэзентацыя унікальнага зборніка "Ваеннапалонныя. 1945-1956". Кніга выдадзена мінскім дабрачынным таварыствам вязняў гета "Гілф" пры падтрымцы Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і абшчын. У кнізе, заснаванай на архіўных матэрыялах Беларусі, краін Балтыі, Германіі, Расіі і Украіны, адлюстраваныя прававыя, палітычныя, эканамічныя, ваенныя і сацыяльныя аспекты палону.
183(1746) 25.09.03 12 кастрычніка ў Мінску адбудзецца VIII чарговы з'езд грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ). На з'езде мяркуецца падвесці вынікі працы за два гады, што прайшлі пасля VII з'езда, і абраць новае кіраўніцтва ТБМ. Галоўная задача ТБМ — захаванне арганізацыі, яе структур і дзвюх газет — "Наша слова" і "Новы час". Па словах Алега Трусава, ГА ТБМ будзе развіваць працу ў рэгіёнах, культурна-асветніцкую і мемарыяльную дзейнасць, а таксама рабіць усё для захавання беларускамоўнай адукацыі і Нацыянальнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа.
165(1728) 04.09.03 Міністэрства юстыцыі Беларусі вынесла пісьмовае папярэджанне грамадскаму аб'яднанню "Фонд імя Льва Сапегі". Падставай, як сцвярджаецца ў лісце Мінюста, стала тое, што арганізацыя "ажыццяўляе дзейнасць, якая не прадугледжана яе статутам і супярэчыць дзеючаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь". На думку члена "Фонду імя Льва Сапегі", юрыста Андрэя Завадскага, гэтае папярэджанне міністэрства неабгрунтаванае.
164(1727) 03.09.03 Фотавыставай сучаснай архітэктуры Японіі ў мінскім Доме дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі адкрыліся Дні Японіі ў Беларусі. Старшыня прэзідыума Беларускага таварыства дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі Ніна Іванова адзначыла, што Дні Японіі ў Беларусі пройдуць з 1 па 25 верасня. У іх праграме: краязнаўчая вечарына "Токіо — сталіца Японіі", маладзёжны турнір па інтэлектуальнай гульні го, абмеркаванне шляхоў вырашэння экалагічных праблем спецыялістамі абедзвюх дзяржаў, якія перажылі трагедыі першых атамных бамбардзіровак і Чарнобыля, конкурс на веданне японскай мовы і іншыя мерапрыемствы.
156-157(1719-1720) 23.08.03 Прадстаўнік Праграмы развіцця ААН, рэзідэнт-каардынатар ААН у Беларусі Ніл Бунэ завяршае сваю працу ў Мінску і пакіне краіну напрыканцы жніўня 2003 года. Ніл Бунэ працуе ў Беларусі з 1999 года. Пасля завяршэння сваёй місіі ў Беларусі ён накіруецца на працу ў Балгарыю. На пасаду новага кіраўніка прадстаўніцтва ААН у Беларусі прызначана Флавія Бустрэа (Італія), якая, як чакаецца, прыбудзе ў Беларусь у кастрычніку 2003 года.
154(1717) 21.08.03 Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь вынесла пісьмовае папярэджанне РГА "Беларускі Хельсінскі камітэт". У лісце за подпісам першага намесніка міністра юстыцыі Аляксандра Петраша ўказваецца, што РГА "Беларускі Хельсінскі камітэт", "нягледзячы на вусныя прэтэнзіі рэгіструючага органа ", карыстаецца бланкам, штампам і пячаткай, на якіх "назва арганізацыі не адпявадае статутнай". У выпадку паўторнага ўстанаўлення Міністэрствам юстыцыі парушэння, нават тэхнічнай памылкі, за якую грамадскаму аб'яднанню было вынесена папярэджанне, РГА "Беларускі Хельсінскі камітэт" можа быць ліквідаваны.
Інфармацыя на партале не з'яўляецца афіцыйнай пазіцыяй БРГА «Аб'яднаны шлях».
Адміністрацыя партала можа не падзяляць думкі аўтараў размешчаных матэрыялаў.
© БРГА «Аб’яднаны шлях», 2003—2010
Пры выкарыстанні матэрыялаў партала спасылка на крыніцу абавязкова.
