|
ДРОЖДЖЫ АМЕРЫКАНСКАГА ЛАДУ ЖЫЦЦЯ
або ШТО ТАКОЕ “ДЫЗАЙН”
Дызайн – гэта дрожджы амерыканскага ладу жыцця. Не памятаю, хто сказаў, але гэта, на мой погляд, адно з самых дакладных, а галоўнае зразумелых, азначэнняў гэтага замежнага слоўца на сучасны момант. Калі пра дызайн разважаць больш сур’ёзна, то пра яго можна хіба што толькі разважаць.
Межы жыццядзейнасці дызайну на сённяшні дзень вельмі шырокія і, як вынік, вельмі няпэўныя. Пацверджаннем таму з’яўляецца адсутнасць агульнапрынятага азначэння гэтаму слову (не кажучы ўжо пра прыватныя погляды на яго прафесіяналаў і тых, хто мае да яго толькі апасродкванае дачыненне). На пытанне “хто такі дызайнер?” таксама фактычна не існуе дакладнага адказу. Мастак гэта, ці мо ўсё ж-такі канструктар з нездаровай фантазіяй.
Як і ў любой іншай справе, калі ёй займацца прафесійна і сур’ёзна, займаючыся дызайнам ,неўзабаве апынаешся ў сферы, дзе ён – паветра, неабходнае для жыцця. Гэтая праца зацягвае. Што ж ёсць гэтая сфера жыцця? Мудрагелістае перапляценне розных сітуацый і слоў, розных матэрыялаў і розных часоў? Патлумачыць цяжка...
Дызайн – з’ява вельмі дынамічная, непарыўна звязаная з рэаліямі жыцця. Змяняецца жыццё – змяняюцца задачы, формы і магчымасці дызайну. Адзін чалавек сказаў: “Выпадковасць – самая вялікая заканамернасць”. Так гэта ці не – пытанне філасофскага плану. Аднак ужо сёння дакладна вядома, што нават хаос існуе па пэўных законах. Тым болей падобнага кшталту законы ёсць і ў такой досыць заканамернай з’яве як дызайн.
На пытанне аб сутнасці дызайну, як я ўжо заўважаў, існуюць розныя погляды. Некаторыя ўжо дасведчаныя дызайнеры, хаця і жартам, кажуць, прынамсі маючы на ўвазе графічны дызайн (ён у асноўным датычыць рэкламы), што вышэйзгаданая з’ява не болей чым проста дарагія штукарствы. Пагадзіцеся, калі нехта друкуе… скажам, рэкламную брашуру сваёй фірмы, няўжо нельга абысціся без таго багацця графікі, якая не нясе практычна ніякай інфармацыі? Хіба нельга абысціся звычайным тэкстам і патрэбнай колькасцю фатаграфій? Сапраўды так. Але, калі будзе выбар паміж поўнаколерным асобнікам і “саўковым”, без залішняй буржуйскай вытанчанасці, сумняюся, што нехта з нас абярэ другі варыянт.
Тут, як і ў любой іншай справе, ёсць свае кансерватары і дэмакраты. Першыя лічаць, што дызайн нязменна павінен вучыць несвядомых спажыўцоў розуму, другія – насупраць, лічаць, што музыку заказвае пакупнік. Хаця ўсе мы цудоўна ведаем, што ў любой справе лепей за ўсё залатая сярэдзіна. Я, у сваю чаргу, наогул не хачу Вам нічога навязваць, а пастараюся памагчы сфармаваць сваю думку самастойна.
Дарэчы, калі ў Вас з’явіцца магчымасць падрабязна азнаёміцца з маркеталагічнымі даследаваннямі ў вобласці дызайну, то Вы ўбачыце, што ў некаторых галінах якасны дызайн можа павялічыць прыбытак прадпрыемства аж да 90%. А гэта ўжо не жарты.
Нагадаю, што калі ў вас ужо з’явіліся пытанні, ці Вы з чымсьці не згодныя, мной сказанага, я буду рады пазнаёміцца з вашай думкай па любым пытанні, закранутым рубрыкай. Мой E-mail:
Закон №1 Дызайн – гэта карысць“...
Нагадаю, што дызайн –з’ява шматгранная. Ёсць прамысловы і графічны дызайн, віртуальны і ландшафтны, якія ў сваю чаргу складаюцца з дызайну вырабаў цяжкай прамысловасці, вырабаў бытавога спажывання, дызайну мэблі і абсталявання, інтэр’ераў, адзення, вітрын і святла (асвятлення) і шмат чаго іншага. Нават рэжысуру масавых дзеяў цяпер часта называюць дызайнам. Дызайн – гэта праект, які можна ўвасобіць у жыццё.
Пачнем жа мы з Вамі менавіта з прамысловага дызайну (industrial design). Прамысловы дызайн гэта – навуковая творчасць (дакладней: навуковая, тэхнічная і мастацкая). Прамысловы дызайн яшчэ называюць аб’ёмным дызайнам. Галоўнае адрозненне прадукту працы дызайнера (ў любой сферы) ад прадукту працы мастака – утылітарнасць (карыснасць). Чалавек, калі бярэ ў рукі рэч, спраектаваную дызайнерам, адразу павінен бачыць, для чаго яна. Калі адразу, узяўшы ў рукі, цяжка зразумець, для чаго рэч, то гэта ўжо не надта добра. Калі гэтай рэччу наогул нічога нельга зрабіць, гэта не дызайн па азначэнні. Відэлец вагой у 5 кг можа з’яўляцца толькі экспанатам музея канцэптуальнага мастацтва.
Зірніце, калі ласка, на гэтую рэч.
Ня важна, што немагчыма назваць яе пэўным імём, справа ў іншым: яе вельмі цяжка карыстаць з пэўнай карысцю. Зрэшты, гэтая штука ніколі і не прэтэндавала на нейкую карыснасць – гэта асобнік арт-дызайну, гаворка пра які будзе ісці пазней.
Вось добры прыклад. Перад вамі на стале стаіць нешта, і Вы, незадумваючыся, націскаеце на яе ў пэўным месцы – грае музыка. Гэта аказалася радыё. Справа ў тым, што рука сама пацягнулася ў належным кірунку, палец сам націснуў кнопку (нават калі яна наогул да кнопкі не падобная). Усё адбываецца нібы само сабой. Насамрэч, сам прадмет зроблены так, што дадзены варыянт дзеянняў уяўляецца адзіна магчымым. І яшчэ, прадмет не пакідае сумневу ў сваёй карыснасці, у тым, што выканае свой абавязак выдатна. Кававарка мае казаць:”Я – гарачая кава”; пыласос мае казаць:”Я – чыстая кватэра”; аўтамабіль кажа (у залежнасці ад таго на які тып спажыўца ён разлічаны):”Я – хуткасць, я – вецер!” -- або, “Я – бяспека тваёй сям’і на дарозе”.
Адушаўленне рэчы, насычэнне яе пэўным зместам (культурным зместам) – задача дызайнера. Дарэчы, забяспечыць максімальную зручнасць карыстання дапамагае навука пад назвай эрганоміка (ад грэч. ergon – работа і nomos – закон). Яна займаецца вывучэннем менавіта тых фактараў, якія робяць узаеміны чалавека і рэчы найбольш зручнымі, прадуктыўнымі і бяспечнымі.
Колер
У практычнай частцы сённяшняга выпуску я пачну расказваць пра колер. Праблема колеру заўсёды была і застаецца актуальнай для ўсіх, хто так ці іначай карыстае колер у сваёй прафесійнай дзейнасці. Тым болей для дызайнера.
Па ідэі, асновы разумення колеру павінны закладвацца на школьнай лаве, як гэта робіцца, напрыклад, у Японіі. Колер – з’ява вельмі цікавая, таму нагэтую тэму можна пісаць і пісаць. На шчасце на гэтую тэму існуе даволі шмат літаратуры, справа толькі за асабістай цікавасцю і вольным часам.
Сам па сабе феномен колеру не просты: у ім ёсць і аб’ектыўны пачатак (святло), і суб’ектыўны. Таму нават элементарныя асновы колеразнаўства абапіраюцца на дадзеныя мноства навук: оптыкі, матэматыкі, фізіялогіі, псіхалогіі і памежных з імі навук.
Крыху гісторыі. Першабытныя (цяперашнія “прымітыўныя”) народы атаясамліваюць колер з найбольш каштоўнымі для іх рэчывамі і жыццёва важнымі (паводле іх паняццяў) стыхіямі. У іх пытанне аб класіфікацыі колераў вырашаўся ў цеснай сувязі з пытаннем аб устройстве космасу, свету багоў і людзей. Ускладненне культуры і ўтрата адзінства спосабу мыслення ў старажытным грамадстве прывялі да ўскладнення праблемы класіфікацыі колеру.
У 17 ст. ўсім добра вядомы Ньютан уводзіць натуральна-навуковую (фізічную) аснову класіфікацыі колераў.
У 18 ст. Гётэ прапанаваў класіфікаваць колеры паводле фізіялагічнага прынцыпу.
У 19 ст. дзякуючы працам Г. Гельмгольца ўдакладняецца пытанне аб асноўных колерах – імі аказаліся чырвоны, зялёны і сіні. Пры складанні гэтых колераў у розных злучэннях атрымліваюцца ўсе астатнія колеры (рознай насычанасці).
Нягледзячы на тое, што колеры прыроды акружаюць чалавека з самага пачатку яго існавання і людзі знаходзяцца пад яго уплывам з даўніх часоў, тым не меней мы толькі адносна нядаўна аказаліся ў стане ствараць фарбы па ўласным жаданні і выкарыстоўваць іх у самых розных сітуацыях (як гэта ёсць зараз). Да 19 ст. была вядома толькі абмежаваная колькасць адценняў і пігментаў (рэчываў, з якіх робяць фарбы). У асноўным яны былі арганічнага паходжання і акрамя таго вельмі дарагімі. Таму каляровыя тканіны і роспісы былі прывілеем багатых. Сотні тысяч слімакоў меліся развітацца з жыццём, каб рымскія імператары маглі насіць свае пунсовыя строі, у той час як іхнім падданым даводзілася задавольвацца нябеленымі тканінамі з бавоўны, льну, шкурамі ці поўсцю. Толькі за апошнія сто гадоў гэтая карціна значна змянілася, перш за ўсё дзякуючы сінтэзу анілінавых фарбаў, а затым дзякуючы вытворчасці каменнавугальных смол і вокіслам металаў.
Сёння засталося вельмі мала вырабляемых намі прадметаў, якія захоўваюць свой натуральны выгляд, не падвяргаючыся поўнай ці частковай афарбоўцы, роспісу ці танаванню. У цяперашні момант існуюць тысячы фарбаў кожнага адцення і інтэнсіўнасці, якія можна скарыстаць калі захочаш і для чаго захочаш.
Выкарыстоўванне фарбаў, якое ўвесь час павялічваецца разам з паўсюднай канкурэнцыяй сярод прадпрымальнікаў, прывяло да хуткага развіцця псіхалогіі колеру, хаця частка даследчыцкай работы, перш за ўсё ў вобласці маркетынгу, была ні чым іншым, як разнастайнымі спробамі. Вытворца цукру, напрыклад, ведае, што яму не варта прадаваць свой прадукт у зялёным пакунку; парфума ў карычневай тары стаіць на паліцах, у той час як у ружовых ужо прададзеная. Фарбы ўплываюць на нас, і гэты уплыў уздзейнічае глыбока на наш псіхічны і фізічны стан – хочам мы таго ці не.
Прадпрымальнікі павінны ведаць матывы, што прыводзяць нас да пакупкі, каб быць упэўненымі, што спажывец аддасі перавагу менавіта ягонаму тавару. Калі ён вырабляе цукар, то павінен прапаноўваць яго пакупніку ў блакітным пакунку. У любым выпадку яму ня варта рабіць пакунак зялёным, але чаму, гэта яму не вядома. Блакітны колер псіхалагічна звязаны з адчуваннем мяккага, пяшчотнага і салодкага.
Пры разглядванні карціны ці каляровай фатаграфіі псіхалагічнае значэнне фарбаў застаецца неўсвядомленым, бо тут грае ролю яшчэ мноства фактараў. Але калі мы маем справу з асобнымі колерамі, то можна зрабіць цалкам дакладныя высновы. Перавага, якая аддаецца аднаму колеру, і непрыняцце іншага, маюць пэўнае значэнне: выбар колеру дакладна адлюстроўвае душэўны стан. Дзесяткі тысяч вопытаў на людзях самых разнастайных культурных узроўняў, амаль па ўсім свеце паказалі, што ўплыў колеру існуе ўсюды і не залежыць ад расы, полу і сацыяльнага становішча.
Ведаць, як уплывае колер на чалавека-спажыўца дызайнеру проста неабходна. Сучасная навука азначае колер як пачуццё, якое ўзнікае ў органах зроку чалавека пры уздзеянні на яго святла. Але што стаіць за гэтай натуральнай з’явай?
Псіхалагічны аспект успрыняцця колеру непарыўна звязаны з сацыяльна-культурным і эстэтычным. Любы твор дызайну – сцены будынкаў, дэкаратыўныя тканіны, вопратка, машыны – ствараюць колеравае асяроддзе, якое так ці іначай фармуе душэўны стан людзей, уплывае на лад яго думак і узровень працаздольнасці. Памятаеце дзіцячую лічылку: чорцік аднойчы жалейку знайшоў, бадзёра сабраўся фукаць першая літара кожнага слова азначае адзін з колераў вясёлкі? Вось кароткая характарыстыка гэтай цудоўнай сямёркі:
Чырвоны – ён узрушвае, сагравае; актыўны, энергічны, які пранікае, як той казаў, у самую сярэдзіну; цеплавы, актывізуе ўсе функцыі арганізму.
Аранжавы – танізуючы; уздзейнічае ў тым жа напрамку, што і чырвоны, але слабей, слушней сказаць – мякчэй.
Жоўты (самы светлы ў спектры) – танізуючы, фізіялагічна аптымальны, стамляе меней за ўсе іншыя. Нехта Вам можа сказаць, што гэта яшчэ і колер здрады, але вы не верце – паглядзіце, які ён прыгожы.
Зялёны (самы звыклы для органаў зроку) – фізіялагічна аптымальны, цудоўна настройвае на рабочы лад.
Блакітны – ён супакойвае, расслабляе, нават запавольвае думкі.
Сіні – таксама супакойвае, але, па меры знаходжання ў ім, прыгнятае.
Фіялетавы – злучае эфекты чырвонага і сіняга колераў.
Акрамя таго чалавек ужо даўно заўважыў, што пэўны колер не толькі прымушае яго ўсміхнуцца ці наадварот адчуць трывогу, але выклікае і нейкія фізічныя асацыяцыі. Напрыклад вагавыя: лёгкі, цяжкі, бязважкі, які цісне;
тэмпературныя: цёплы, халодны, гарачы, ледзяны;
акустычныя: ціхія, гучныя, глухія, звонкія.
Пералік можна працягваць. Але тут гаворка пойдзе ўжо аб колеразлучэннях і колерах больш складаных: не проста зялёны, а жоўта-зялёны, не чырвоны, а чырвона-карычневы і гэтак далей. Аб гэтым я раскажу ў наступным выпуску, а зараз хачу Вам прапанаваць паспрабаваць прымяніць тое, што Вы ўжо ведаеце на практыцы.
А зараз Вы, паважаны чытач, можаце задаць пытанне: “Дык у чым жа палягае твая практыка?” Пытанне цалкам законнае. Тлумачу. Лепшай практыкай на мой погляд будзе з’яўляцца крытыка тых рэчаў, якія вас акружаюць з гледзішча дызайну. Пакуль мы ведаем яшчэ надта мала, каб даваць паўнаважкія характарыстыкі ўбачанаму. Але трэба пачаць. Калі вам спадабалася рэч аналізуйце, што менавіта ў ёй добра і чаму. Справа ў тым, што сённяшнія графічныя праграмы “зроблены для чалавека”, г. зн. кожны карыстальнік можа іх засвоіць. Corel Drow – элементарна (калі, канешне ў ёй пасядзець)!
|