|
Закон № 2. Тэхналагічнасць
Інакш кажучы, прыдатнасць ідэі для ўвасаблення ў жыццё
Як ўжо адзначалася раней, дызайнер праектуе працэс. Працэс зносінаў чалавека і рэчы. Дызайнер – гэта рэжысёр. Ён рэжысіруе узаемадачыненні чалавека і запальнічка, чалавека і чайніка, чалавека і аўтамабіля. Дызайнер праектуе рэч, якую будуць выпускаць як найменш сотнямі асобнікаў. Рэч для масавай вытворчасці. Рэч для масавага спажыўца.
Перш чым спраектаваць рэч дызайнер павінен правесці дасканалы аналіз умоў, у якіх ёй будуць карыстацца. Дызайн – гэта рэжысура не толькі ўзаемінаў чалавека і рэчы падчас карыстання, але і працэсу вытворчасці, захоўвання на складзе, упакоўкі, транспартыроўкі, продажу, магчымасці рамонту (сэрвісу) і, нарэшце, утылізацыі. З вышэйсказанага вынікае, што дызайнер павінен ведаць, хай і не ў такіх дробязях як тэхнолаг, тэхналагічны працэс, наогул тэхналагічныя магчымасці прадпрыемства. У той жа час абавязкова павінен быць у курсе апошніх дасягненняў навукі і тэхнікі. Павінен ведаць матэрыялы і іх уласцівасці.
Почасту паміж дызайнерам і тэхнолагам узнікаюць спрэчкі: новыя дызайн распрацоўкі патрабуюць грашовых выдаткаў на змену тэхналагічнага працэсу, набыццё новага абсталявання і засваенне новых матэрыялаў. Як паказве практыка, у пераважнай большасці выпадкаў, усе выдаткі акупаюцца. Але думка тэхнолага, а разам з ім і канструктара, звычайна, як здаровая цэнзура для літаратуры, з’яўляюцца для дызайнера добрым стымулам не забывацца на рэаліі жыцця і шукаць аптымальныя шляхі для ўтаймавання творчых парываў, якія сапраўды не падлягаюць рэалізацыі.
Наогул, дызайнер сваёй ідэяй звязвае ўсё прадпрыемства. Усе на прадпрыемстве робяць на яго ідэю. Скажам, дызайн-бюро канцэрна Audi распрацавала праект новага аўтамабіля. Усё! Увесь інжынерны састаў прадпрыемства шукае магчымасці развязання тэхналагічных перашкод. У выніку ўсе да аднаго рабочыя дбайна збіраюць па шрубчыках цацку, якую прыдумаў дызайнер. Хаця, канешне, на айчынных прадпрыемствах усё не так прыгожа, як хацелася б. У нас, звычайна, ўсё вырашае адсутнасць грошай на хоць якія змены тэхналагічнага працэсу. А таму памяняюць месцамі бензабакі ,з аднаго мапеда на другі, пафарбуюць па-новаму, наклеюць модную наклейку – новая мадэль. Але не станем засмучацца. Будзем спадзявацца, што гэта часовая з’ява і інвестыцыі нарэшце знойдуць нас і насілкуюць і нашу прамысловасць.
Колер
У гэтым выпуску я працягну свой расповед аб колеры. Колеравы круг.
Перад вамі стандартны колеравы круг мастака. Менавіта так ён выглядае. Яго практычнае значэнне, па-першае, ў тым, што супрацьлеглыя колеры ў схеме з’яуляюцца кантрастнымі (супрацьлеглымі). Па-другое, калі ў яго упісаць раўнабокі трохкутнік, то вяршыні гэтага трохкутніка апынуцца ў пэўных колерах, якія ўтвараюць сабой трыяду колераў, якія найбольш гарманічна стасуюцца між сабой. Паспрабуйце хаця б зрокава павярцець уяўны трохкутнік вакол яго цэнтру: кожны раз, калі любая з яго вяршынь апынаецца ў нейкім колеры, дзве астатнія вяршыні ўказваюць на колеры, якія яму найбольш “пасуюць”.
Будова дадзенага колеравага круга базуецца на так званай асноўнай трыядзе: чырвоны – сіні – жоўты (мал.1)
Відаць па ўсім асноўным фактарам, што паўплываў на вылучэнне менавіта гэтых колераў стала тое, што ў прыродзе мае перавагу колер, што атрыманы ў выніку люстравання сонечнага святла ад прадметаў. А пры імітацыі такога варыянта на практыцы немагчыма атрымаць змешваннем менавіта дадзеныя колеры. Затое можна атрымаць іншыя адценні змешваннем менавіта гэтых трох колераў. Дапусцім разнастайныя адценні зялёнага мы атрымліваем змешваннем жоўтага і сіняга ў розных прапорцыях. Чырвоны і сіні даюць розныя адценні фіялетавага. Араньжавы і яго адценні – чырвоны плюс жоўты. Калі змяшаць атрыманы ўжо зялёны і зыходны сіні – атрымаем сіне-зялёны і гэтак далей. (мал.2).

Для тых, хто сумняецца магу параіць узяць ў рукі акварэльныя фарбы і паэксперыментаваць самому.
Зараз зноў да нашай трыяды. Маючы гэтыя фарбы, мастак мае магчымасць скласці практычна любы колер. Адзін мастак у юныя гады, калі вучыўся ў мастацкім вучылішчы і толькі пачынаў свой творча-прафесійны шлях, быў вельмі азадачаны пачуўшы, што з усім багаццем колераў справа абстаіць так проста. Дзеля эксперыменту ён убраў са сваёй палітры ўсе фарбы акрамя трох вышэйзгаданых (чырвоны – сіні – жоўты). У выніку работы яго набылі вельмі шмат па якасці і цэльнасці колеру, а мысленне ягонае заработала ў зусім іншым напрамку. Гэта быў вялікі крок наперад. Трэба толькі дадаць, што белую і чорную фарбы на палітру вярнуць усё-ткі давялося – яны дапамагаюць мадэляваць святло і тон (мал.3).
Выкарыстоўваючы гэтыя тры колеры можна атрымаць араньжавы праз змешванне чырвонага і жоўтага, фіялетавы – сіняга з чырвоным, зялёнага – жоўтага з сінім. Зірніце на карцінку – менавіта яны знаходзяцца паміж трыма асноўнымі колерамі (мал.4).

Такія складаныя колеры другога ўзроўню называюцца дадатковымі. І тут таксама ёсць заканамернасць, бо знаходзячыся ў пары з процілеглым у крузе асноўным колерам, яны утвараюць акцэнтную пару, максімальна ўзмацняючы асноўны колер, яго гучанне. Звычайна ў такой пары асноўнага колеру з дадатковым ( процілеглым у крузе) больш цёплы колер павінен вызначаць пярэдні план, а больш халодны – другі план. Так араньжавы на сінім будзе глядзецца цудоўна, але сіні на араньжавым – нібы дзірка ў нашай пластычнай прасторы.

Такая псіхалогія ўспрыняцця колеру: цёплыя колеры заўсёды ўспрымаюцца вокам як бліжэйшыя (у прасторы) за халодныя. Праверыць справядлівасць гэтых слоў вельмі проста. Вазьміце любую каляровую рэпрадукцыю з выявай пейзажу і разьбярыцеся, якія колеры пераважаюць на пярэднім плане, а якія на заднім.
Мусіць, я забыў расказаць якія колеры лічацца цёплымі, а якія халоднымі? Выбачайце! Каротка. Умоўна наш колеравы круг можна падзяліць напалам. У выніку такога дзялення злева мы будзем мець чырвоны, араньжавы і жоўты, зправа – фіялетавы, сіні і зялёны. Хаця трэба дадаць, што зялёны колер – колер спецыфічны, бо стаіць на мяжы цёплых і халодных колераў і з’яўляецца пераходным. Так зялёны ў нашай схеме бліжэй да сіня-зялёнага чымся да жоўта-зялёнага (у простанароддзі – салатавага). Цёплыя колеры нагадваюць нам лета, спёку паўдзённы прыпар, або полымя агню; халодныя – зіма, мароз, лёд.
Натуральна, гэта яшчэ не гармонія. Гэта – напружанне, максімальны акцэнт, які выкліканы процістаяннем колераў. Але ўлік правілаў дастасоўвання колераў адзін да аднаго паводле вышэйзнесенага колеравага круга, вельмі дапаможа Вам не зрабіць грубейшых памылак пры выкарыстанні колераў у жыцці, што ў любым выпадку будзе вам на карысць.
Практычнае выкарыстоўванне тэорыі колеразнаўства ў творчай практыцы
Для атрымання больш цёмнага ці больш светлага адценняў “экватарыяльнага” колеру дастаткова змяшаць яго у патрэбнай прапорцыі з чорным ці белым колерам. На малюнку 3 – прыклад атрымання цёмна-зялёнага і светла-зялёнага з насычанага зялёнага праз змешванні з чорным і белым. Так жа сама атрымліваюць і чырвона-карычневыя, і бардо, і ўсе іншыя колеры.
Гэта – жывапісная частка тэорыі. Але галоўнае хараство гэтай тэорыі – у яе кампазіцыйных магчымасцях і магчымасцях яе практычнага выкарыстання. То возьмем тры асноўныя колеры і створым праз папарнае змешванне прамежкавыя: араньжавы, зялёны і фіялетавы (мал.4). Так у нас з’явілася спрошчаная схема колеравага круга. Яго асноўная асаблівасць – наяўнасць асноўных і дадатковых колераў. Але дадатковымі гэтыя колеры (араньжавы, фіялетавы і зялёны) завуцца таму, што яны ўзмацняюць уласцівасці процілеглага па схеме асноўнага колеру (мал.5). Кожны колер у гэткай пары змушае максімальна гучаць свой антыпод, так жа сама гучыць і ён сам. Вядома, такіх пар – незлічонае мноства. Для кожнага колеру заўсёды ёсць дадатковы. А для чорнага – гэта белы.
Але зусім неабавязкова “напружваць” колер на ўсю поўніцу, асабліва калі робіце нешта для Internet’а. Але прывёўшы колер у гармонію, у Вас з’явіцца дадатковы фактар поспеху. Калі Вы будзеце разумна карыстаць гэтыю тэорыю на практыцы, то зможаце будаваць патрэбныя вам колеразлучэнні з патрэбным напружаннем. Правільна акцэнтаваць свае web-старонкі і мастацкія работы. І ўсялякім там супер дызайнерам у супер дызайн-канторах будзе ўжо зусім ня так проста ўперці Вам часам да немагчымасці чэзлыя шэра-араньжавыя або блакітна-ружовыя высокамаламастацкія колеразлучэнні. Таксама Вы зразумееце, што выбар колеразлучэнняў – гэта ня проста падстаноўка трох-чатырох колераў у сістэму метадам навуковага тыку, а досыць разумная лагічная аперацыя з выкарыстаннем пэўных ведаў і Вашага эстэтычнага досведу. Бадай, на сёння – гэта ўсё. Адзінае, што хочацца дадаць пытанні, пажаданні і прапановы наконт любога з выпускаў дасылайце на адрас .
|