|
Звязда № 22 (26135), 05.02.2008 На мiнулагодняй восеньскай генеральнай канферэнцыi ЮНЕСКА было прынята рашэнне аб уключэннi ў спiс памятных дат 200-годдзе з дня нараджэння паэта, драматурга i артыста Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча.
У рамках шырокай праграмы юбiлейных урачыстасцяў 5 i 6 лютага ў Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi Інстытут лiтаратуры iмя Я. Купалы пры падтрымцы Нацыянальнай камiсii па справах ЮНЕСКА праводзiць мiжнародную навукова-практычную канферэнцыю "Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч у еўрапейскiм кантэксце". Яе мэта — асэнсаваць шматгранную творчую спадчыну пiсьменнiка ў нацыянальным i мiжнародным кантэксце, яго ўклад у развiццё беларускай лiтаратуры i тэатра. У канферэнцыi ўдзельнiчаюць навукоўцы i дзеячы культуры Беларусi, Вялiкабрытанii, Польшчы, Расii, патомкi В. Дунiна-Марцiнкевiча. 5 лютага ў Нацыянальным тэатры iмя Я. Купалы адбудзецца ўрачысты вечар i паказ спектакля па п’есе Дунiна-Марцiнкевiча "Iдылiя". А 6 лютага ў Валожынскiм раёне, дзе пахаваны драматург, пройдзе лiтаратурна-мастацкае свята. З нагоды юбiлею славуты твор Дунiна-Марцiнкевiча "Пiнская шляхта" перакладзены на некалькi еўрапейскiх моў.
|