|
Грамадзкае аб’яднаньне “Беларуская асацыяцыя клюбаў ЮНЭСКА” абвясьціла пра фармаваньне групы ўдзельнікаў валянтэрскага летніка “Сядзіба”.
Добраахвотнікі будуць працаваць на аднаўленьні старадаўняй сядзібы ў пасёлку Сьмілавічы ў Чэрвеньскім раёне Менскай вобласьці. У праграме таксама навучальныя трэнінгі, фота-пленэр, экскурсіі і іншыя культурныя мерапрыемствы.
У летнік, які пройдзе 9 – 23 ліпеня пры фінансавай падтрымцы Амбасады Францыі ў Беларусі, запрашаецца моладзь зь Беларусі, Італіі і Францыі. Прыярытэт пры адборы будуць мець сябры клюбаў ЮНЭСКА.
У Сьмілавічах разьмяшчаецца сядзіба Ваньковічаў, вядомая з XVI ст. Цяперашні палацавы комплекс быў закладзены ў ХІХ ст. У гэтым мястэчку нарадзіўся Хаім Суцін мастак, чыі творы выстаўленыя ў лепшых музэях Францыі.
“На жаль, на гэты момант будынак палаца знаходзіцца ў аварыйным паўразбураным стане і патрабуе тэрміновага ўмяшальніцтва спэцыялістаў, а пра вядомага зямляка наўрад ці хто чуў нават зь мясцовых жыхароў,” – адзначаецца ў інфармацыі арганізатараў летніку. Валянтэры будуць займацца ачысткай парку і высечкай хмызьняку, добраўпарадкаваньнем старых габрэйскіх могілак, ачысткай берага ракі Волма, археалягічнымі працамі і падрыхтоўкай памяшканьняў для экспазыцыі рэпрадукцыяў твораў Х.Суціна на тэрыторыі палаца.
Апошні тэрмін падача заяўкі 1 ліпеня.
Усім зацікаўленым ва ўзросьце 18 – 26 гадоў Асацыяцыя клюбаў ЮНЭСКА прапануе атрымаць больш падрабязную інфармацыю на вэб-пляцоўцы www.belau.info .
Кроніка грамадзкага жыцьця Гарадзеншчыны
|