|
7 лістапада тры гадзіны курсіраваў па Магілёве тралейбус імя Цішкі Гартнага. Гэтак адзначыла гарадзкая суполка Таварыства беларускай мовы 120 -годзьдзе беларускага пісьменьніка, першага старшыні савецкага ўраду Беларусі Зьмітра Жылуновіча. Сёлета ўлетку гэткім жа чынам адзначылі 125-годзьдзе Янкі Купалы.
«Дарагія магілёўцы, таварыства Беларускай мовы імя Францыска Скарыны віншуе Вас зь днём народзінаў пісьменьніка і палітычнага дзеяча Цішкі Гартнага. Тралейбус рушыць у гонар гэтага сьвята бясплатна!» — з такой абвесткі пачаў свой маршрут тралейбус імя Цішкі Гартнага з бартавым нумарам 318. За тры гадзіны ён праехаў па асноўным вуліцам Магілёву.
Чаму менавіта 7 лістапада вырашылі адзначыць актывісты суполкі юбілей Зьмітра Жылуновіча? Тлумачыць кіраўнік магілёўскага ТБМ Алег Дзячкоў:
«Цішка Гартны — гэта адзін з тых людзей, якія рабілі рэвалюцыю на Беларусі. Адзін са стваральнікаў беларускай савецкай дзяржавы. Сымбалічна і тое, што гэта дзяржава яго, Цішку Гартнага, стваральніка гэтай савецкай краіны, і зьнішчыла».
Усе тры гадзіны актывісты суполкі раздавалі пасажырам буклеты ды распавядалі пра Цішку Гартнага. На борце тралейбуса красаваўся партрэт пісьменьніка.
www.nn.by
|