|
Кроніка грамадзкага жыцьця Гарадзеншчыны
ад Грамадзкага аб’яднаньня
“Цэнтр “Трэці сектар”
а/с 54, Гародня, 230009,
тэл./факс (0-152) 75-71-72,
e-mail:
www: sektar.cjb.net
Выпуск 211
(6 чэрвеня 2006 г.)
Рэдактарка выпуска: Вітаўт Руднік
Над выпускам працавалі: Андрэй Мялешка, Воля Палуйчык
|
Сёньня ў выпуску:
АЛЬТЭРНАТЫВА АФІЦЫЙНАМУ 2
РАЦЫЯ У СЯРЭДНІХ ХВАЛЯХ 2
У СУПРАСЬЛІ АДБЫВАЮЦЦА СУСТРЭЧЫ З МАСТАЦТВАМ І ПРЫРОДАЙ 2
“ВЫРАТУЙЦЕ ГРОДНА!” 3
ШТО ПАКІНЕМ ПАСЛЯ СЯБЕ? 4
“КАКТЭЙЛЬ МОЛАТАВА” АД АСТРАЎЦОВА 5
ПАРТНЭРСТВА ДЗЕЛЯ ПЕРАМЕНАЎ У РЭГІЁНЕ 6
МЕТОДЫКI НАВУЧАННЯ ПРАКТЫЧНАМУ ПРАВУ Ў ШКОЛЕ І ПА–ЗА ЁЙ 7
Падзеі:
Альтэрнатыва афіцыйнаму
Альтэрнатыўны польскі падворак працаваў 3 чэрвеня ў Гародні ў час Фэстывалю нацыянальных культур. Пляцоўкай для падворка была тэрыторыя польскага консульства ў Гародні, якое адзначала гэтымі днямі свой юбілей.
На мерапрыемства былі запрошаныя прадстаўнікі Сэнату і МЗС Польшчы. Імпрэза на тэрыторыі консульства сталася альтэрнатывай падворку, на якім польскую культуру прадстаўлялі Саюз палякаў з кіраўніцтвам, якога Польшча не прызнае.
Законныя, паводле польскага боку, кіраўнікі гэтай арганізацыі на чале з Анжалікай Борыс на фэст не былі запрошаныя.
Паводле pahonia.promedia.by
Рацыя у сярэдніх хвалях
1-га чэрвеня Радыё Рацыя, якое транслюе перадачы з Беластоку на Беларусь, пачало пры дапамозе перадатчыка з Літвы трансляваць першую ранішнюю праграму на сярэдніх хвалях. Ранішняя праграма доўжыцца ад 9-ай да 10 гадзіны беларускага часу. З Беластоку гатовая перадача высылаецца праз інтэрнэт ў Літву, а адтуль на сярэдніх хвалях 612 kHz транслюецца на Беларусь.
Радыё Рацыя аднавіла сваю дзейнасць у лютым гэтага года.
Пасля аднаўлення радыё транслюе двухгадзінную праграму на сярэдніх хвалях 1080 kHz. Цяпер, дзякуючы трансляцыі з Літвы, у Беларусі на сярэдніх хвалях можна слухаць радыё Рацыя на працягу трох гадзін.
Паводле www.pahonia.promedia.by
У Супрасьлі адбываюцца сустрэчы з мастацтвам і прыродай
Фэстываль рэгіянальнай культуры, кулінарыі ды прыроды распачаўся 2 чэрвеня ў мястэчку Супрасьль пад Беластокам.
Традыцыйнае сьвята пад назвай «Урачыска: сустрэчы з прыродай і мастацтвам» штогод ладзіць польскае таварыства «Uroczysko».
Адметнасьцю сёлетняга мерапрыемства зьяўляецца тое, што яно распачынае шэраг сустрэч, накіраваных на ўмацаваньне культурніцкіх і грамадзкіх сувязяў паміж Беласточчынай і Гарадзеншчынай.
Гэта сталася магчымым дзякуючы новаму беларуска-польскаму праекту «Культурнае, экалягічнае і турыстычнае супрацоўніцтва ў рэгіёне Кнышынскай пушчы і Гарадзеншчыны», падтрыманаму польскім Бюро эўрарэгіёна “Нёман”.
З беларускага боку партнэрам па праекце з'яўляецца ГА «Цэнтр «Трэці сектар».
Беларускія ўдзельнікі ўжо бралі ўдзел у першых фэстывальных імпрэзах – тэатральным парадзе і фэсце “На здароўе”. Беларусь будзе прадстаўлена таксама на сустрэчы вандраўнікоў, заплянаванай на 9 чэрвеня.
Важным элемэнтам супрацы стане інтэрактыўная вэб-пляцоўка, з дапамогай якой прэзентаваць сваю дзейнасьць змогуць беларускія і польскія арганізацыі і прыватныя асобы, зацікаўленыя ў транспамежным супрацоўніцтве.
Фінальным акордам праекта стане партнэрская канфэрэнцыя ў кастрычніку. Удзел у ёй змогуць узяць беларускія грамадзкія арганізацыі, прыватныя ўстановы (у тым ліку – агратурыстычныя гаспадаркі) і асобы, якія дзейнічаюць у сфэрах культуры, аховы навакольнага асяродзьдзя і турызма.
Падрабязнасьці шукайце на www.uroczysko.pl
Вітаўт РУДНІК
“Выратуйце Гродна!”
1-га чэрвеня беларускія гісторыкі, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, а таксама студэнты звярнуліся да міжнароднага грамадства з адкрытым лістом, у якім заклікалі падтрымаць іх ініцыятыву “Выратуйце Гродна!”
У звароце ўказваецца, што абласны горад Гродна быў адным з важнейшых у часы Вялікага княства Літоўскага, фактычна, адной са сталіц Рэчы Паспалітай.
Пабудаваная ў ХІІ стагоддзі Каложская царква рэкамендавана да ўнясення ў спісы сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Аднак многія гістарычныя пабудовы, у прыватнасці, храмы, былі знесены ў савецкія часы, частка гістарычнага цэнтра была заменена плошчай Леніна.
“Сёння гарадзенскія ўлады па ўзгадненні з Менскам спрабуюць знішчыць усё тое, што засталося,” – гаворыцца ў адкрытым лісце. Так, рэканстукцыя Старога горада праводзілася без археалагічных раскопак. “Пацярпелі часткі палаца Радзівілаў і былой Ратушы, была знішчана рынкавая плошча, замест санацыі помнікаў праводзіцца рэканструкцыя, устанаўленне на іх месцы танных, дрэнных копій,” – указваюць беларускія гісторыкі.
Яны таксама адзначылі, што звярталіся да гарадскіх уладаў Гродна, аднак усе заклікі засталіся без увагі.
Аўтары звароту сцвярджаюць, што “беларускі ўрад ігнаруе меркаванне міжнароднай супольнасці ў пытаннях палітыкі, аднак працягваецца супрацоўніцтва з міжнароднымі культурнымі арганізацыямі і спрабуе захаваць рэнамэ, калі пытанне ідзе пра захаванне гістарычнай і культурнай спадчыны”.
Сярод тых, хто падпісаў ліст, ёсць прадстаўнікі Германіі, Індыі, Нідэрландаў, Польшчы, Партугаліі, Харватыі.
Паводле www.pahonia.promedia.by
Што пакінем пасля сябе?
З такім запытам падчас Фестывалю нацыянальных культур звярталіся да жыхароў і гасцей Гродна ўдзельнікі акцыі па спыненню разбуральнай “рэканструкцыі” горада.
У розных месцах горада 3 і 4 чэрвеня неабыякавыя гарадзенцы раздавалі паштоўкі. На іх паралельна з выявамі старажытнай Гародні адлюстраваны разбурэнні ад сучасных будаўнічых работ.
“Я лічу, – значыцца ў тэксце паштоўкі, – што планы рэканструкцыі і планіроўкі гораду павінны быць шырока абмеркаваныя сярод усіх зацікаўленых прадстаўнікоў грамадства з асвятленнем розных поглядаў у сродках масавай інфармацыі, як гэта прынята ва ўсім свеце і як гэта робіцца ў Менску.”
На адваротным баку паштоўкі пазначаны адрас атрымальніка – Гродзенскі абласны савет дэпутатаў. Кожны ўладальнік паштоўкі можа яе адаслаць і тым самым падтрымаць ініцыятыву арганізатараў акцыі па прыцягненні ўвагі ўладаў да праблемы.
Ініцыятары кампаніі выказалі прапанову стварыць грамадскі дарадчы орган з гарадзенскіх гісторыкаў, краязнаўцаў і іншых спецыялістаў, якія маглі б кансультаваць гарадскія і абласныя ўлады аб шляхах, метадах і сродках аднаўлення і рэканстукцыі горада.
Галоўнымі задачамі гэтай акцыі было не толькі выказаць абурэнне дзеяннямі ўладаў, але і прадухіліць страты іншых гістарычных каштоўнасцяў. “Тое, што зрабілі з плошчай Савецкай, не павінна паўтарыцца яшчэ раз у нашым горадзе, а на яе рэканструкцыі яны спыняцца не збіраюцца”, – пракаментаваў адзін з ініцыятараў акцыі.
Так, ужо агучаны праект пабудовы элітарных дамоў на Вялікай Траецкай вуліцы, што прывядзе да разбурэння гістарычных пабудоў у гэтай частцы горада.
Акрамя гэтага, на месцы 28 будынкаў у гістарычным цэнтры (гэтак званым “Новым свеце”) па вуліцах Міцкевіча, Горкага і 17-га верасня, сярод якіх есць помнікі ў стылі канструктывізму, запланаваны гатэльны комплекс.
Шмат пытанняў тычыцца і плануемай рэканструкцыі Каложскай царквы ХІІ ст.: па-першае, яе аднаўленне па ўзоры сярэдзіны ХІХ ст. наўрадці мэтазгодна, а па-другое, рэканструкцыя царквы па сучасных тэхналогіях прынясе вялізныя страты.
Гэта быў толькі першы этап кампаніі, скіраванай на развіццё дыялогу з уладамі горада. Кампанія, па словах яе ініцыятараў, працягнецца да таго часу, пакуль прапановы па рэканструкцыі Гародні не будуць пачуты ўладамі.
Больш падрабязную інфармацыю па рэканструкцыі Гародні шукайце на вэб-пляцоўцы www.harodnia.com
Воля ПАЛУЙЧЫК
“Кактэйль Молатава” ад Астраўцова
Прэзентацыя новай кнігі вядомага гарадзенскага журналіста і пісьменьніка Сяргея Астраўцова адбудзецца 7 чэрвеня ў Гародні.
Удзельнікаў прэзентацыі чакае, сярод іншых прыемных момантаў, і аўтарскае выкананьне гарадзенскіх эсэ.
Ад імя ГА “Цэнтр “Трэці сектар” віншуем Сяргея, які быў адным з заснавальнікаў арганізацыі, з гэтай падзеяй і зычым яму новых творчых зьдзяйсьненьняў!
Вітаўт РУДНІК
Абвесткі:
Партнэрства дзеля пераменаў у рэгіёне
Беларускія няўрадавыя арганізацыя могуць браць удзел у спаборы «Перамены ў рэгіёне RITA (Region in Transition)». Умовай удзелу з'яўляецца наяўнасьць партнэрскай арганізацыі ў Польшчы.
Праграма скіраваная на перадачу польскага досьведу дэмакратычных і рынкавых рэформаў.
Атрымальнікамі сродкаў у падпраграме «Найлепшы польскі досьвед» могуць быць дасьведчаныя польскія арганізацыі, якія маюць досьвед партнэрскіх праектаў з замежнымі арганізацыямі з-за ўсходняй мяжы Польшчы.
Апошні тэрмін падачы заявак на ўдзел у гэтай падпраграме – 15 кастрычніка.
У межах падпраграмы «Лакальнае супрацоўніцтва» за ўдзелу ў спаборы запрашаюцца прадстаўнікі мясцовых НГА і школаў з Польшчы, якія зацікаўленыя ў партнэрскіх праектах (у т.л. з беларускімі арганізацыямі).
Найбліжэйшы тэрмін падачы заявак на ўдзел у гэтай падпраграме – 15 верасьня.
Дадатковую інфармацыю пра спабор шукайце на вэб-пляцоўцы http://www.rita.edudemo.org.pl/articles.php?lng=pl&pg=40
альбо пытайце ў каардынатара спабора (Bartosz J?drzejczak)
Вітаўт РУДНІК
Методыкi навучання практычнаму праву ў школе і па–за ёй
Санкт-Пецярбургскі інстытут права імя Прынца П.Г.Альдэнбургскага ў межах праграмы «Методыкi навучання практычнаму праву ў школе і па–за ёй» запрашае ўзяць удзел у шасцідзённым трэнінгу па інавацыйных метадах навучання, асаблівасцях падрыхтоўкі і правядзення заняткаў па правах чалавека.
Трэнінг адбудзецца ў ваколіцах Санкт-Пецярбурга (Расія) з 7 па 13 жніўня 2006 года (7 жніўня – пачатак працы; другая палова дня 13 жніўня – ад'езд).
Да ўдзелу ў трэнінгу запрашаюцца настаўнікі сярэдніх школ, а таксама прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў Рэспублікі Беларусь, зацікаўленыя ў авалоданні іннавацыйнымі метадамі выкладання прадметаў “Чалавек. Грамадства. Дзяржава”, “Правы чалавека”, “Асновы права”.
Дадатковую інфармацыю гл. у дадатку да “Кронікі”.
Вітаўт РУДНІК
|