|
20-22 красавіка Ў Менску пройдзе "Дударскі Фэст" (Фестиваль волынки)
Чарговы фестываль "Дударскі фэст 2007" адбудзецца 20-22 красавіка ў Мінску. Гэта вялікая сустрэча беларускіх дудароў пры ўдзеле гасцей з Польшчы і Літвы. У праграме 2 канцэрты 20 красавіка ў КЗ "Мінск" (малая зала) і 22 красавіка ў клубе "Спэп". 21 красавіка пройдзе Міжнародная навуковая канферэнцыя пад назвай "Традыцыі захавання дударскай традыцыі".
На фестывальных сцэнах будуць гучаць беларускія, галісійскія, шатландскія, шведскія і латышскія дуды. У фестывалі будзе прадстаўлена дударская музыка ўсіх накірункаў ад традыцыйнага фальклора і да рока з дудамі. Гурт "Стары Ольса" выканае сярэднявечныя еўрапейскія танцы і старадаўнія беларускія песні. Рок-гурт Litvintroll выступіць "у акустыцы" з сапраўднай шатландскай дудой. "Келіх кола" прадставіць публіцы беларускі і латгальскі фальклор 30-х гадоў спалучэнне беларускіх дудаў з нямецкім акардэёнам. Дудары Юрась Панкевіч і Дзяніс Сухі прадставяць рэканструкцыю аўтэнтычнай беларускай манеры грання на дудзе. Магілёўскі гурт "За парогам" пакажа галісійскую дуду. Гурт "Ліцьвінскі хмель" і "Testamentum terrae" (Мінск) выступяць на фестывалі з праграмай, дзе будзе прадстаўлена і беларуская, і еўрапейская дударскія традыцыі. У фэсце будзе ўдзельнічаць адзін з самых паважаных беларускіх майстроў дуды Алесь Лось, які са сваёй капэлай выканае дударскую музыку розных рэгіёнаў Беларусі. Гурт Ceilidh Ceol сыграе традыцыйную ірландскую і шатландскую музыку, выкарыстоўваючы шатландскую дуду.
Сваю дударскую традыцыю прадставяць аўтэнтычныя музыкі з Польшчы і Літвы. Фольклорны гурт "Кудзьмень" пазнаёміць публіку з беларускай дударскай музыкай у спалучэнні з традыцыйнымі беларускімі мужчынскім спевамі. На апошнім канцэрце ў клубе "Стэп" гурт Litvintroll выканае рок-праграму з выкарыстаннем беларускіх і шатландскіх дудаў.
Праграма фэсту:
20 красавіка ў малай залі к/з Мінск адкрыцьцё "Дударскага Фэсту".
Удзельнічаюць: "Стары Ольса", "Тэстамент", "Келіх кола" (Беларусь), Mosaic, Dudziarzy Wielkopolski (Польшча), Vydraga (Літва").
Пачатак 19:00.
Даведкі: 6490888, 7662425
22 красавіка ў клуб"Стэп" працяг "Дударскага фэсту".
Удзельнічаюць: "За парогам", "Капэля Алеся Лася", "Кудзьмень", "Літвінтроль", "Келіх кола", "Ліцьвінскі хмель", "Стары Ольса", Dudziarzy Wielkopolski (Польшча) Vydraga (Літва").
Пачатак 14:00.
Даведкі: 6490888, 7662425
|