|
Звязда № 105 (25970), 8.06.2007 IV з’езд Беларускага таварыства iнвалiдаў пройдзе з 11 па 13 чэрвеня ў Вiлейскiм раёне. Пры гэтым, як паведамiў старшыня таварыства Уладзiмiр Патапенка, адным з галоўных на з’ездзе стане пытанне працоўнай рэабiлiтацыi людзей з абмежаванымi магчымасцямi.
Сёння Беларускае таварыства iнвалiдаў аб’ядноўвае звыш 77,5 тыс. чалавек, пераважная большасць з якiх жадаюць працаваць i маюць працоўныя рэкамендацыi медыкаў. Паводле слоў Уладзiмiра Патапенкi, апошнiм часам у краiне павялiчылася колькасць працуючых iнвалiдаў. Разам з тым цяперашняя сiтуацыя з занятасцю людзей «на групе» яшчэ далёка ад iдэальнай, дастаткова сказаць, што зараз на спецыялiзаваных прадпрыемствах таварыства занята крыху больш за 3 тыс. чалавек. Да таго ж даводзiцца канстатаваць, што ў дадзеным выпадку гарантам працаўладкавання не з’яўляецца нават спецыяльнасць. Прынамсi, рэальна знаходзяць сабе месца каля 80 працэнтаў iнвалiдаў з сярэдняй прафесiйнай адукацыяй i толькi палова iнвалiдаў з дыпломамi ВНУ.
Невысокi паказчык занятасцi мае як аб’ектыўныя, так i суб’ектыўныя тлумачэннi. Так, з аднаго боку часцяком iнвалiд прымае рашэнне не працаваць самастойна — каб не пазбаўляцца льгот па санаторна-курортнаму лячэнню. Але з iншага боку не сакрэт: стварэнне працоўных месцаў для людзей з абмежаванымi магчымасцямi патрабуе значных выдаткаў i вядзе да знiжэння канкурэнтаздольнасцi прадпрыемстваў. Сапраўды, сёння прадпрыемствы, дзе занята не менш за 50 працэнтаў iнвалiдаў, могуць карыстацца падатковымi льготамi. Аднак, лiчаць у таварыстве, 50-працэнтная «планка» з’яўляецца занадта высокай i адштурхоўвае многiх наймальнiкаў. На думку Уладзiмiра Патапенкi, у гэтай сiтуацыi больш правiльна перайсцi на новы прынцып — прадастаўляць падатковыя перавагi прапарцыянальна колькасцi занятых людзей з абмежаванымi магчымасцямi.
|