|
Звязда № 64 (25929),5.04.2007 14 красавiка Мiнiстэрства лясной гаспадаркi плануе правесцi агульнарэспублiканскую добраахвотную акцыю «Дзень лесу-2007». У гэты дзень плануецца высадзiць 10 мiльёнаў дрэў лясных парод, заклаўшы такiм чынам новыя лясы для нашчадкаў.
Паводле слоў прэс-сакратара Мiнлясгаса Ружэны Навiцкай, iдэя правядзення добраахвотнай акцыi выклiкала шмат станоўчых водгукаў як з боку грамадскiх арганiзацый, так i асобных грамадзян. «Яе называюць светлай акцыяй, кажуць, што яе час даўно настаў». Найбольшую актыўнасць, iнтарэс пакуль праявiлi пярвiчкi БРСМ, школьнiкi, шэраг грамадскiх арганiзацый. Дарэчы, перанос рабочага дня з панядзелка 16 красавiка на суботу 14 красавiка нiяк не адаб’ецца на даце правядзення акцыi. «Наадварот, у гэты дзень многiя працоўныя калектывы, калi пажадаюць, могуць арганiзаваць для сябе своеасаблiвы суботнiк i паўдзельнiчаць у пасадцы дрэў».
Як расказала далей Ружэна Навiцкая, зараз рыхтуецца пералiк канкрэтных аб’ектаў, дзе будзе праходзiць добраахвотная акцыя, i месцаў збору ўсiх ахвотных. Праз некалькi дзён гэтыя звесткi размесцяць на сайце мiнiстэрства, а таксама будуць даводзiць да грамадзян рознымi спосабамi, у тым лiку i праз аб’явы ў электрычках. Такiя аб’екты будуць лiтаральна ў кожным раёне краiны, каб усiм ахвотным было зручна да iх дабiрацца.
Па больш падрабязную iнфармацыю зацiкаўленыя могуць звяртацца ў Мiнлясгас па тэлефонах 220-42-42 i 226-39-59.
|