|
НОВЫЯ IДЭI ДЛЯ РЭАБIЛIТАЦЫI ПОСТЧАРНОБЫЛЬСКАГА РАЁНА
(Звязда № 137 (26002))
У Слаўгарадскiм раёне распрацоўваюцца новыя праекты ў межах мiжнароднай праграмы «Супрацоўнiцтва дзеля рэабiлiтацыi».
На нядаўнiм навучальным семiнары CORE жыхары Слаўгарадчыны вылучылi свае iдэi для перспектыўных праектаў. Найбольшая ўвага — сферы аховы здароўя. Педыятры прапанавалi рэалiзаваць у раёне праект пад назвай «Жалезнае здароўе» для прафiлактыкi анемii ў крывi дзяцей. Iншы праект датычыцца папярэджання i лячэння цукровага дыябету. Тэрапеўты прапануюць забяспечваць хворых на дыябет i тых, хто знаходзiцца ў групе рызыкi, глюкометрамi. Паводле iдэi праекта, людзi, якiя навучацца самастойна кантраляваць узровень цукру ў крывi, могуць перадаць свой вопыт iншым.
На базе адной са слаўгарадскiх школ плануецца ажыццявiць праект рэспублiканскага iнстытута радыялогii. Тут мяркуецца пабудаваць цяплiцу i праводзiць эксперыменты па селекцыi, каб вырошчваць радыелагiчна чыстую гароднiну. А ў прафесiйным лiцэi № 3 ужо нават знайшлi партнёраў у Iталii для рэалiзацыi свайго праекта: у цяплiцы лiцэiсты будуць вырошчваць расаду кветак з выкарыстаннем сучасных тэхналогiй. З новымi метадамi работы навучэнцы лiцэя пазнаёмяцца ў Iталii на стажыроўцы.
У Слаўгарадзе з’явiлася iдэя стварэння маладзёжнага клуба. Ён будзе разнапланавы: яго ўдзельнiкаў навучаць iграць на музычных iнструментах, а таксама клуб будзе займацца рэканструкцыяй гiстарычных падзей, якiя адбывалiся ў раёне. У перспектыўным плане — прадстаўленне бiтвы са шведамi каля вёскi Лясная, а таксама чарнобыльская катастрофа i лiквiдацыя яе наступстваў.
Паводле слоў памочнiцы праграмы «Супрацоўнiцтва дзеля рэабiлiтацыi» ў Слаўгарадскiм раёне Наталлi Данiленка, рэалiзаваны i знаходзяцца ў рабоце 23 праекты CORE, а таксама яшчэ дзесятак новых iдэй плануюцца на перспектыву.
|