|
Звязда №75(26188), 19.04.2008 18 красавіка "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) атрымала пiсьмо арцыбiскупа Тадэвуша Кандрусевiча Мiтрапалiта Мiнска-Магiлёўскага ў падтрымку iнiцыятывы за забарону веснавога палявання на вадаплаўных птушак у Беларусi.
"У большасцi краiн Еўропы, уключаючы нашых суседзяў, веснавое паляванне забаронена, як з прычыны той шкоды, якую наносiць жывой прыродзе, так i з этычных меркаванняў. У прыватнасцi, такое паляванне забаронена дырэктывай Савета Еўропы ад 2 красавiка 1979 г. аб ахове дзiкiх птушак", — гаворыцца ў пiсьме.
"Веснавое спартыўнае паляванне вядзецца не для забеспячэння надзённых патрэб чалавека, а для задавальнення яго эгаiстычных iнстынктаў, — сцвярджае арцыбiскуп Тадэвуш Кандрусевiч Мiтрапалiт Мiнска-Магiлёўскi. — Я падтрымлiваю iнiцыятыву грамадскай арганiзацыi "Ахова птушак Бацькаўшчыны" па забароне веснавога палявання на вадаплаўных птушак i заклiкаю хрысцiян i ўсiх людзей добрай волi, не чакаючы фармальнай забароны, устрымацца ад гэтага занятку. Час, аддадзены гэтаму жорсткаму спорту, касцёл прапануе прысвяцiць мiрнаму дыялогу з прыродай, з iншымi людзьмi, праслаўленню створанага Богам хараства гэтага свету ў малiтве i ў практычных справах".
Веснавое паляванне на вадаплаўных птушак забаронена амаль ва ўсiх краiнах Еўропы, акрамя Беларусi i некаторых рэгiёнаў Расii. Актывiсты АПБ сабралi ўжо больш за 10 000 подпiсаў жыхароў нашай краiны за адмену палявання ўвесну.
Перыяд росквiту прыроды, абуджэння ад зiмовага сну неабходны птушкам для таго, каб рабiць гнёзды i выводзiць птушанят, а не загiнуць пад стрэламi паляўнiчых i пакiнуць асiрацелыя гнёзды!
|