|
Прыярытэтныя праблемы моладзі і шляхі іх вырашэння вызначалі ўдзельнікі круглых сталоў, якія адбыліся на працягу сакавіка ў Гомелі, Калінкавічах і Рагачове.
Сустрэчы ладзіліся ў межах моладзевага доўгатэрміновага праекту Усходнееўрапейскага дэмакратычнага цэнтру. Па выніках мерапрыемстваў высветлілася, што пытанні рэформы адукацыі, адмены прымусовага размеркавання і абавязковай вайсковай службы, паляпшэння сацыяльных умоў і стварэння магчымасцяў самарэалізацыі дагэтуль застаюцца нявырашанымі. Выйсце з дадзенай сітуацыі ўдзельнікі круглых сталоў бачаць па-рознаму. Найбольш важкія з іх – інфармаванне моладзі, стварэнне спрыяльных умоў для працы ў вёсцы, дзяржаўныя датацыі для моладзевых арганізацый і ініцыятыў, пераход на страхавую медыцыну.
Арганізатар сустрэч Алесь Карніенка ўпэўнены, што напрацаваныя матэрыялы маюць усе шанцы стаць асновай для стварэння Маніфесту маладых, які пасля можна будзе выкарыстоўваць у стасунках з моладдзю і ўладамі.
(Па матэрыялах інфармацыйнай рассылкі GOMEL HART NEWS).
|