|
“Кроніка грамадзкага жыцьця Гарадзеншчыны” зьяўляецца дадаткам да часапісу “Трэці сэктар”.
Дадатак дасылаецца па сьпісах рассылкі інфармацыі для НГА Беларусі.
У “Кроніцы” выкарыстоўваецца інфармацыя ўласных карэспандэнтаў “ТС”, а таксама інфармацыя з гарадзенскіх СМІ і іншых даступных нам крыніц інфармацыі.
***
Падзеі
Нёман займеў сваю вэб-пляцоўку
Прэзэнтацыя ўнікальнага інтэрнэт-рэсурсу, прысьвечанага Нёману, адбылася 30 сакавіка ў Гародні. Стваральніцай пляцоўкі http://www.nemanenvironment.org/ зьяўляецца вядомая гарадзенская журналістка Ніна Палуцкая. Наведвальнікі пляцоўкі маюць магчымасьць пазнаёміцца з гісторыяй ракі, расьлінным і навакольным сьветам басэйну Нёману. Асобны разьдзел пляцоўкі прысьвечаны будаўніцтву ГЭС на Нёмане і магчымым нэгатыўным наступствам гэтага праекту.
Нагадаем, што Ніна Палуцкая была ініцыятаркай грамадзянскай кампаніі супраць будаўніцтва ГЭС. У 2001 г. у межах праекту ГА «Цэнтр «Трэці сектар» ёю былі арганізаваныя Адкрытыя грамадзкія слуханьні па гэтым пытаньні, выдадзены бюлетэнь, прысьвечаны розным аспэктам будаўніцтва ГЭС, арганізаваны сплаў пратэсту супраць будаўніцтва ГЭС.
Ніна Палуцкая так тлумачыць задуму стварэньня вэб-пляцоўкі: “Нёман – адна з найбольш значных рэк басэйну Балтыйскага мора. І ўжо таму варты сваёй вэб-пляцоўкі. Узяўшы свой пачатак у Беларусі, працягнуўшы свой шлях празь Летуву і тэрыторыю Расеі, закранаючы сваім прытокам нават кавалак Польшчы, Нёман зьяўляецца тыпова транспамежнай ракой. І мы, грамадзяне ўсіх гэтых краін, калі насамрэч любім сваю прыроду і хочам захаваць яе ўнікальныя аб’екты для сябе і нашчадкаў, павінны рабіць гэта разам. А гэта немагчыма без абмену інфармацыяй…Спадзяюся, што пляцоўка стане рэальным мастком для шчыльнага супрацоўніцтва грамадзкасьці і спэцыялістаў у галіне аховы прыроды ўсіх краін нёманскага басэйну”.
Вітаўт Руднік
За здаровы лад жыцьця
У Гародні працягваецца ажыцьцяўленьне праекту «Пашырэньне доступу падлеткаў і моладзі да паслугаў і інфармацыі ў вобласьці рэпрадуктыўнага здароўя».
Выканаўцамі праекту зьяўляюцца Міністэрства адукацыі, Міністэрства аховы здароўя, гарадзенскі клюб ЮНЭСКА «Клюв» і іншыя арганізацыі.
У межах праекту ў шэрагу навучальных установаў былі ўнесеныя зьмяненьні ў навучальныя пляны, якія тычацца рэпрадуктыўнага здароўя моладзі і мэтадаў працы па яго фармаваньню. У кожнай вобласьці былі вызначаныя дзьве школы для правядзеньня экспэрымэнту па дадатковым навучаньні здаровага ладу жыцьця з выкарыстаньнем інтэрактыўных мэтодык.
Гэтаксама плянуецца адчыніць 5 абласных і 1 гарадзкі маладзёвы цэнтар здароўя, якія будуць аказваць моладзі паслугі ў сфэры рэпрадуктыўнага здароўя і кансультаваць па гэтай тэме.
Як адзначыў для “Кронікі” рэгіянальны каардынатар Гарадзенскіх клюбаў ЮНЭСКА Юры Груца, у Гародні гэткі цэнтар плянуецца адчыніць у 2006 годзе.
Праект стартаваў у верасьні 2003 году і будзе дзейнічаць да жніўня 2007 году.
Падрыхтавала Алеся БЯЛЕНІК
***
Абвесткі
Стыпэндыя на правядзеньне дасьледаваньня па праблемах грамадзянскай супольнасьці.
Удзел у стыпэндыі Joel L. Fleishman Civil Society Fellows Program, Duke University, Durham, NC могуць браць грамадзяне кожнай краіны. Праграма разьлічаная на 4 тыдні, пачынаючы зь 1 кастрычніка 2005 году.
Удзельнікі атрымаюць магчымасьць працаваць у бібліятэцы ўнівэрсытэту і наведваць заняткі. Кампэнсуюцца выдаткі на пражываньне й навучаньне. Дадаткова стыпэндыянты атрымліваюць рахунак на $6000.
Апошні тэрмін падачы заяўкі – 1 траўня 2005 году.
Дадатковую інфармацыю і аплікацыйныя формы можна знайсьці на web-пляцоўцы ўнівэрсытэту: www.pubpol.duke.edu/centers/civil/index.html.
Падрыхтавала Лана РУДНІК паводле www.amcenter.by
ІІ Форум жанчын-прадпрымальніц Беларусі
Каардынацыйная Рада сеткі жанчын-прадпрымальніц Беларусі запрашае да ўдзелу ў ІІ Форуме жанчын-прадпрымальніц Беларусі. Гэтаксама арганізатарам Форуму зьяўляецца грамадзкае аб’яднаньне “Жаночы незалежны дэмакратычны рух”.
Мэтай Форуму ёсьць спрыяньне жаночаму эканамічнаму ўплыву праз разьвіцьцё й пашырэньне жаночага прадпрымальніцтва. Запрашаюцца жанчыны-кіраўніцы прыватнага малога і сярэдняга бізнэсу, індывідуальныя прадпрымальніцы. У межах падрыхтоўкі да мерапрыемства будзе праводзіцца спабор “Жанчыны-прадпрымальніцы году”.
Зарэгістравацца на ўдзел у Форуме можна на web-пляцоўцы сеткі прадпрымальніц Беларусі: www.bbwom.net.
Мерапрыемства адбудзецца 19-20 траўня ў Менскім Міжнародным Адукацыйным Цэнтры (IBB) па адрасе: пр-т газэты “Правда”, 11, Менск.
За дадатковай інфармацыяй зьвяртацца па тэл.: (017) 272-20-98, альбо па e-mail: .
Падрыхтавала Лана РУДНІК
Трэнінг для трэнераў YMCA
YMCA Беларусі запрашае ўзяць удзел у трэнінгу для трэнэраў “Як арганізаваць і правесьці эфэктыўны трэнінг”.
Трэнінг адбудзецца 21-24 красавіка 2005 году пад Менскам.
Дадзенае мерапрыемства праводзіцца для трэнэраў YMCA Беларусі з магчымасьцю ўдзелу ў ім прадстаўнікоў іншых грамадзкіх арганізацыяў.
Мэтай трэнінгу ёсьць павышэньне ўзроўню кампэтэнцыі трэнэраў у сфэры плянаваньня, правядзеньня і ацэнкі эфэктыўнасьці кароткачасовых асьветніцкіх праграм (сэмінараў, трэнінгаў). Праграма трэнінгу будзе карыснай удзельнікам, якія маюць невялікі практычны досьвед (але пажадана, каб досьвед трэнярскай працы быў ня меншы за 1 год).
Апошні тэрмін падачы заявак на ўдзел – 3 красавіка 2005 году.
Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць у Віталя Нікановіча па тэл.: (029) 7758456 альбо па e-mail: .
Падрыхтавала Лана РУДНІК паводле парталу "Громадський простір" (http://www.civicua.org)
Спадзеў на добрых суседзяў
Сумесныя беларуска-латыска-летувіскія праекты будуць падтрымлівацца ў межах Праграмы Добрасуседзтва (BSR INTERREG III B Neighbourhood Programme Priority South (Latvia – Lithuania – Belarus).
Зь беларускага боку ўдзел у спаборы праектаў могуць браць у тым ліку і грамадзкія аб’яднаньні зь Віцебскай, Гарадзенскай і Менскай вобласьцяў.
Апошні тэрмін падачы заявак на ўдзел у спаборы – 2 траўня 2005 г.
Дадатковую інфармацыю, а таксама форму напісаньня заяўкі і дапаможнік па напісаньні заяўкі можна атрымаць на вэб-пляцоўцы www.bsrinterreg3a.net.
Вітаўт Руднік
“Такая” чакае
Рэдакцыя інтэрнэт-часопіса "Такая" (www.takaya.by) Цэнтру гендэрных дасьледаваньняў (EHU-International) абвяшчае пра набор матэрыялаў для наступных нумараў часапісу:
— № 5 "Жанчыны, мужчыны і горад" (жанчына за стырном, рэпрэзэнтацыя полу ў гарадзкой прасторы, гендэрныя праблемы рынку працы, рэкляма і г.д.).
Матэрыялы прымаюцца да 5 чэрвеня 2005 году.
— № 6 "Мэдычны інстытут"(мэдыкалізацыя, булемія, стандарты прыгажосьці, рэпрадуктыўная функцыя, пластычная хірургія, анкалёгія і г.д.).
Матэрыялы прымаюцца да 5 верасьня 2005 году.
За публікацыю артыкулаў прадугледжаныя аўтарскія ганарары.
Падрыхтавала Лана РУДНІК паводле рассылкі Харкаўскага Цэнтру Гендэрных Дасьледаваньняў
Польскія законы можна пачытаць па-расейску
У расейскую мову перакладзеныя тэксты польскіх законаў “Аб дзейнасьці грамадзкай карысьці і валянтэрстве” і “Аб сацыяльным працаўладкаваньні”. Пераклад быў зроблены ў межах праекту Беларускай асацыяцыі сацыяльных работнікаў (БАСР) і польскай фэдэрацыі сацыяльных НГА WRZOS пры падтрымцы Праграмы RITA.
Гэтаксама перакладзеныя некаторыя іншыя матэрыялы, датычныя канцэптуальных падыходаў і практыкі прымяненьня законаў.
Матэрыялы ў раздрукаваным выглядзе можна атрымаць у офісе БАСР альбо спампаваць з вэб-пляцоўкі БАСР: http://basw-ngo-by.net.
Падрыхтавала Алеся БЯЛЕНІК паводле http://basw-ngo-by.net/
Стажыроўка ў Польшчы і Францыі
Калегіюм Усходняй Эўропы ўва Ўроцлаве запрашае падаваць аплікацыі на стажыроўку ўва Ўроцлаве і Гданьску (Польшча) і La Vienne (Францыя). Стажыроўка дзейнічае ў межах праграмы Wroclaw Solidarity Bridge.
Стажыроўка прызначаная для асобаў, якія актыўна дзейнічаюць на мясцовым узроўні.
Стажыроўкі адбудуцца ў чэрвені й верасьні 2005 году.
Апошні тэрмін падачы заяўкі – 10 красавіка 2005 году.
Фармуляр аплікацыі і інішая інфармацыя пра праграму WSB можна знайсьці на вэб-пляцоўцы: www.wsb.kew.org.pl.
Падрыхтавала Алеся БЯЛЕНІК
Рэдактарка выпуска: Алеся Бяленік
Над “Кронікай” працавалі: Вітаўт Руднік, Лана Руднік, Валера Руселік
|