|
Кроніка грамадзкага жыцьця Гарадзеншчыны
ад Грамадзкага аб’яднаньня
“Цэнтр “Трэці сектар”
а/с 54, Гародня, 230009,
тэл./факс (0-152) 75-71-72,
e-mail:
www:ts.adukatar.net
Выпуск 229
(13 сьнежня 2006 г.)
Рэдактар выпуску: Кацярына Крот. У працы над выпускам бралі ўдзел Андрэй Мялешка, Вітаўт Руднік, Алесь Залеўскі
Пры выкарыстаньні матэрыялаў “Кронікі” спасылка на крыніцу абавязковая
|
2
Дзёньнік “Тыдня нефармальнай адукацыі”. 2
Навука самаарганізацыі 3
Віктар Шалкевіч у “Літаратурнай гасьцёўні”. 4
Дзесяць год «Кальяну». 4
Валанцёрская праца ў Вільні 5
Community Connections – спазнай амерыканскі досьвед. 5
Канферэнцыя па міжнародным праве. 6
Новая магістарская праграма ЭГУ.. 7
Не прапусьці апошні тэрмін! 7
Спабор фотаздымкаў, карыкатур і шаржаў. 7
5уверх
У межах “Тыдня нефармальнай адукацыі”, ініцыяванага Арганізацыямі Грамадзянскай Адукацыі (АГА), Гарадзенскае абласное аб’яднаньне маладых навукоўцаў “ВІТ” і Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадзкіх ініцыятываў “Трэці сектар” правялі першыя дзьве вечарыны нефармальнай адукацыі ў Гародні.
Першая вечарына адбылася 11 сьнежня ў форме трэнінга «Пра НГА для незааНГАжаваных». З дапамогай інтэрактыўных метадаў удзельнікі разважалі пра сутнасьць трэцяга сэктару, гісторыю трэцяга сэктару ў Беларусі і на Гарадзеншчыне, вылучылі асноўныя віды НГА.
Другая вечарына – 12 сьнежня – адбылася ў выглядзе прэзентацыі праграмаў і праектаў у галіне нефармальнай і грамадзянскай адукацыі на Гарадзеншчыне. Пра сваю дзейнасьць распавядалі сябры грамадзкіх аб’яднаньняў «ВІТ», «Цэнтр «Трэці сектар», “Ахова птушак Бацькаўшчыны» і найстарэйшай зарэгістраванай беларускай арганізацыі «Паходня».
Вынікам першых двух дзён “Тыдня нефармальнай адукацыі” стала знаёмтва больш як дваццаці ўдзельнікаў – пераважна студэнтаў ВНУ, вучняў старэйшых класаў і настаўніц сярэдніх школ Гародні – з сутнасьцю трэцяга сэктара, з вынікамі працы яго арганізаванага сэгменту – грамадзкіх аб’яднаньняў.
Ігар КУЗЬМІНІЧ
5уверх
Як навучыць людзей дапамагаць сабе ў вырашэньні ўласных праблемаў? З польскім досьведам знаёміліся ўдзельнікі навучальнага візыту ў Польшчу, які ладзіўся напачатку сьнежня.
Удзел у візыце, арганізаваным грамадзкімі аб’яднаньнямі “ПЛЮС” (Белхатаў, Польшча) і “Цэнтр “Трэці сектар” (Гародня, Беларусь) бралі 11 чалавек з розных рэгіёнаў краіны. Гэта спецыялісты, якія працуюць з людзьмі з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі, жанчынамі, моладдзю, дзецьмі-сіротамі, дбаюць пра паляпшэньне дабрабыту людзей у сваіх мясцовасьцях.
У Польшчы (Белхатаў, Зэлюв, Пабьяніцэ, Лодзь, Радам) удзельнікаў паездкі чакалі сустрэчы з цэлым спэктрам грамадзкіх і дзяржаўных арганізацый, якія працуюць у сацыяльнай сфэры. Гэта і “Аб’яднаньне сяброў Белхатава”, якое займаецца папулярызацыяй ідэі “малой радзімы”, і аб’яднаньне маці, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасьцямі ў фізічным разьвіцьці, і Фонд гміны Зэлюв, які робіць разнастайныя праграмы для беспрацоўных, жанчын, бізнэсоўцаў, і сацыяльна-тэрапеўтычная сьвятліца для дзяцей з паталагічных сем’яў, якой апякуецца Аб’яднаньне Каталіцкіх сем’яў, і арганізацыя “Жанчыны. Лодзь. Пл.” зь яе “Акадэміяй неспадзяванага разьвіцьця” і іншымі праграмамі для жанчын.
Асаблівае ўражаньне на ўдзельнікаў зрабілі наведваньні Цэнтраў сацыяльнай дапамогі насельніцтву ў Пабьяніцэ, Лодзі і Радаме. У першым з гэтых гарадоў ужо некалькі гадоў дзейнічае сучасна абсталяваны асяродак дзённага знаходжаньня для людзей з псіхічнымі захворваньнямі, пасьпяхова рэалізуецца праграма працы з беспрацоўнымі. У цэнтры сацыяльнай дапамогі насельніцтву ў мікрараёне Балуты (Лодзь) ужо колькі год працуюць па метадзе Цэнтру мясцовай актыўнасьці. Сутнасьць метаду ў тым, каб разам з насельніцтвам вызначыць прыярытэтныя мясцовыя праблемы, а затым вырашаць іх, абапіраючыся на мясцовыя рэсурсы. Так у Балутах паўсталі група самадапамогі для сем’яў, якія маюць дзяцей з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі, некалькі гурткоў па інтарэсах, спартыўны клюб па ўсходніх адзінаборствах. Усе гэтыя праекты працуюць без аніякіх дзяржаўных датацый, што вельмі цешыць супрацоўнікаў цэнтра.
Цэнтр сацыяльнай дапамогі насельніцтву ў Радаме ўжо даўно працуе як цэнтр мясцовай актыўнасьці. Па словах яго дырэктара, яго супрацоўнікі сьвядома спалучаюць традыцыйныя метады сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва (выдача грашовай дапамогі, абслугоўваньне па месцы жыхарства адзінокіх сталых людзей і г.д.) з разнастайнымі формамі актывізацыі жыхароў горада. Так, на базе цэнтра з посьпехам дзейнічае Клюб сацыяльнай інтэграцыі для людзей, якія доўгі час не маюць працы, групы самадапамогі для людзей з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі і іх сем’яў, ладзяцца Фэстывалі годнасьці, у час якіх такія людзі могуць прадэманстраваць свае здольнасьці, таксама Фэстывалі кварталаў, мікрараёнаў, якія моцна інтэгруюць жыхароў горада.
У выніку, на гэты момант у розных кутках горада дзейнічаюць больш за дваццаць ініцыятыўных груп, у склад якіх уваходзяць дэпутаты, актывісты НГА, актыўныя жыхары. Гэтыя групы займаюцца тым, што самастойна вызначаюць і вырашаюць тыя праблемы, якія найбольш актуальныя для гэтай мясцовасьці. Сацыяльныя работнікі ў гэтым выпадку выконваюць ролю сацыяльных аніматараў, галоўная задача якіх – ажывіць мясцовую супольнасьць, дапамагчы ёй самаарганізавацца для вырашэньня ўласных праблем…
Навучальны візыт быў арганізаваны ў межах праекта “Школа сацыяльнай анімацыі”. На працягу найбліжэйшых двух месяцаў у яго межах павінны ўбачыць сьвет зборнік дапаможных матэрыялаў для сацыяльных аніматараў. Сачыце за навінамі з нашае “Кронікі”!
Вітаўт РУДНІК
5уверх
Віктар Шалкевіч у “Літаратурнай гасьцёўні”
11 сьнежня госьцем “Літаратурнай гасьцёўні”, якую ладзіць грамадзкае аб’яднаньне “Таварыства Беларускай Школы”, быў вядомы гарадзенскі бард, паэт і актор Віктар Шалкевіч.
Больш за дзьве гадзіны бард адказваў на разнастайныя пытаньні. Прысутныя пачулі і пра першае каханьне барда, і пра першыя “сто грам”, пра любімыя, і не зусім, ролі. Таксама Віктар Шалкевіч распавёў пра свае творчыя пляны: стварэньне нацыянальнай беларускай оперы “Галілейская гісторыя”.
Не магло абысьціся ў гэты вечар без песень: напрыканцы імпрэзы бард выканаў некалькі сваіх “гітоў”.
Алесь ЗАЛЕЎСКІ
5уверх
Дзесяць год «Кальяну»
Дзесяцігоддзе гарадзенскага гурта “Кальян” сьвяткавалі 12-га сьнежня на першым паседжаньні музычнага клюбу пры Гарадзенскіх “Сокалах”.
Сёлета гарадзенскія музыкі запісалі два новых альбома: “НАТЕ!” і “Голая праўда”. Пра іх распявядае музыка гурта Ільля – “ІЛЬЯБЛ”: “Альбом “НАТЕ!” – гэта больш гітарны праект,эксперыментальны па сваёй сутнасьці, ён адрозьніваецца ад папярэдніх альбомаў больш жывым стылем. А “Голая праўда” – альбом, прысьвечаны памяці музыкі гарадзенскага гурта “Lasty Kusto” Івана Сырэля. І ў гэтым альбоме, які ёсьць зборнікам кавераў на старыя нашыя песьні, мы зьмясьцілі таксама некалькі кавераў на песьні гурта “Lasty Kusto”, новыя тэмы і песьні.
Ільля распавёў пра тое, што зараз гурт фактычна не існуе.
Гурт мае сваю вэб-пляцоўку http://kalian.tk/, на працягу апошніх месяцаў фэн-клюбам зроблены інтэрнэт-сінгл http://sneh.by.ru/ (песьня з альбома “Ноўбадзі”).
Паводле адной з беларускіх вэб-пляцовак http://music.fromby.net/article/236/, колісь “КальЯн” актыўна канцэртаваў, выдаваў альбомы, а ў 1998 годзе стаў ляўрэатам “Басовішча”. Свой стыль раней гарадзенскія музыкі акрэсьлівалі, як “фолк-панк”, але праз некаторы час перайшлі да эксперыментаў з музычнымі стылямі. “КальЯн” раней можна было пабачыць на канцэртах у Менску, але пяць год таму яны спынілі ўсе адносіны з менскімі прадусарамі. “Менавіта таму наша песьня “Радыёактыўны сьнег” і не ўвайшла ў праект “Чарнобыльскі вецер”. Я мяркую, што гэта адна з галоўных нашых песень,”– тлумачыць лідэр гурта Аляксандар Дзянісаў.
Андрэй МЯЛЕШКА
5уверх
Грамадзкія арганізацыі «Austejos Draugai» (Вільня, Летува) і «Моладзевы адукацыйны цэнтр «Фіальта»(Менск) шукаюць валанцёра для працы з рускімі падлеткамі ў дзіцячым доме ў Вільні (дзяўчыну альбо хлопца 21-25 год). Да валанцёрскай працы кандыдат будзе падрыхтаваны за кошт сродкаў праекта, будзе мець жытло, харчаваньне і кішэнныя грошы штомесяц.
Валанцёр мусіць быць талерантным, цярплівым – прыкладам паводзінаў для дзяцей і падлеткаў ў дзіцячым доме.
Важна, каб валанцёр негатыўна ставіўся да паленьня, алкаголю і наркотыкаў. Вітаецца наяўнасьць творчых здольнасьцей: рамёствы, граньне на музычных інструментах, танцы і г.д., вітаюцца спартовыя захапленьні (баскетбол, валейбол, футбол, шахматы і інш.).
Падчас рэалізацыі праекта валанцёр ня мае права працаваць альбо навучацца ў ВНУ Вільні.
Праект распачнецца 15 студзеня 2007 года, яго працяг – 10 месяцаў.
Усіх зацікаўленых асобаў просім зьвяртацца на e-mail: marisha.fialta @gmail.com да 19 сьнежня.
Больш падрабязную інфармацыю пра праект можна атрымаць на вэб-пляцоўцы http://ec.europa.eu/youth/program/index_en.html
5уверх
Community Connections – спазнай амерыканскі досьвед
Праграма Community Connections дае магчымасьць прафесіяналам з Беларусі цягам 3 тыдняў абменьвацца досьведам з амерыканскімі калегамі, наведваць розныя дзяржаўныя і прыватныя амерыканскія арганізацыі, якія працуюць у тых жа накірунках і займаюцца рашэньнем аналагічных пытаньняў, што і беларускія арганізацыі.
Першы этап праграмы 2007 года прадугледжвае два накірункі:
1) “Падвышэньне якасьці жыцьця носьбітаў ВІЧ”. Да ўдзелу запрашаюцца супрацоўнікі дзяржаўных і недзяржаўных структур, якія займаюцца сацыяльнай, медычнай і прававой падтрымкай людзей, якія жывуць з ВІЧ, а таксама спецыялісты, якія ўдзельнічаюць у фармаваньні і адміністраваньні агульнай стратэгіі нагляду за хворымі, іх сацыяльнай адаптацыі і падтрымцы.
2) “Прафілактыка і мэнэджмэнт сямейнага гвалту”. Да ўдзелу запрашаюцца сацыяльныя работнікі дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый і структур, якія займаюцца псіхалагічнай і сацыяльнай рэабілітацыяй ахвяр хатняга гвалту, мэнэджмэнтам эканамічных і сацыяльных фактараў (нястача, безпрацоўе) хатняга гвалту, падтрымкай сацыяльна неабароненых сем’яў і праблемай прадухіленьня хатняга гвалту.
Апошні тэрмін падачы дакументаў – 10 студзеня 2007 года.
Па ўсіх пытаньнях удзелу ў спаборы і запаўненьня анкеты зьвяртайцеся ў Прадстаўніцтва Карпарацыі «American Center for Education and Research, Inc.» па адрасе: Менск, пр-т Незалежнасьці 169, пакой 512 (поўдзень), тэл.: (017) 2181264, (017) 2181267, (017) 2181268 , е-mail: comcon@amcenter.by
5уверх
Шэраг міжнародных праваабарончых арганізацыяў, сярод якіх прадстаўленыя няўрадавыя арганізацыі "Human Rights House Foundation, Oslo"; партнэрскія няўрадавыя арганізацыі М'АРТ (Украіна), Helsinki Foundation for Human Rights (Рэспубліка Польшча), Civil Defense Fund (Літоўская Рэспубліка) абвяшчаюць аб правядзеньні Міжнароднай Канферэнцыі "Выкарыстаньне міжнароднага права ў праваабарончай практыцы".
Праграма Канфэрэнцыі складаецца з шэрагу сэсій, якія адбудуцца ва Ўкраіне, Беларусі, Літве і Польшчы цягам 2007 году. Паміж сэсіямі ўдзельнікі маюць выканаць значны аб’ём хатніх заданьняў па вывучэньні нацыянальнага заканадаўства, а таксама шэрагу міжнародных актаў і дамоваў; па азнаямленьні з пытаньнямі гісторыі і філасофіі правоў чалавека, прэцэдэнтнымі справамі міжнародных судовых і квазі-судовых органаў; а таксама па падрыхтоўцы пісьмовых работ.
Працоўная мова ўсіх паседжаньняў Канфэрэнцыі – расейская.
Апошні тэрмін падачы дакумантаў – 15 сьнежня 2006 г.
За больш падрабязнай інфармацыяй зьвяртайцеся на e-mail:
5уверх
Новая магістарская праграма ЭГУ
Эўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт абвяшчае набор на новую магістарскую праграму “Параўнальная гісторыя краін Паўночна-Усходняй Эўропы”.
Гэта ўнікальная для Беларусі міждысцыплінарная праграма, у межах якой можна атрымаць пашыраныя веды пра геаграфічныя і культурна-гістарычныя прадпасылкі фармаваньня эўрапейскіх ідэнтычнасьцяў, а таксама гістарычную дынаміку эўрапейскай цывілізацыі ў новы і найноўшы час.
Да ўдзелу ў спаборы запрашаюцца асобы з вышэйшай адукацыяй у галіне гуманітарных і сацыяльных навук з валоданьнем ангельскай мовай, а таксама студэнты выпускных курсаў.
Праграма рэалізуецца сумесна з Каледжам Сёдэрторнс (Універсітэт паўднёвага Стакгольму). Мовы выкладаньня – расейская і ангельская.
Дакументы прымаюцца ў электронным выглядзе да 3 лютага 2007 года. Пачатак навучаньня – сакавік 2007 года.
Найбольш падрабязную інфармацыю можна атрымаць на вэб-пляцоўках: http://www.ehu.lt/studies/master/programs/fields/0004469/
http://www.ehu.lt/webroot/delivery/files/info_package_history.rar
5уверх
Міжнароднае аб’яднаньне “Грамадзянская Беларусь” (Прага) абвяшчае спабор для грамадзкіх арганізацый.
Да ўдзелу ў спаборы запрашаюцца грамадзкія арганізацыі – сябры Асамблеі НДА. Мэта спабору: актывізацыя грамадзтва праз дзейнасьць недзяржаўных грамадзкіх арганізацый.
Прыярытэтнымі будуць лічыцца праекты, сфакусаваныя на тэме свабоды.
Апошні тэрмін падачы заявак – 4 студзеня.
Паводле Belngo.info
5уверх
Спабор фотаздымкаў, карыкатур і шаржаў
Беларуская асацыяцыя журналістаў абвяшчае спабор “Беларусь вачыма журналістаў”.
Дашліце ў БАЖ свае лепшыя фотаздымкі, малюнкі, карыкатуры альбо шаржы і станьце ўдзельнікам выстаўкі на сайце www.baj.ru.
Дасылайце вашыя працы на адрас: .
Прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”
5уверх
|