|
Кроніка грамадзкага жыцьця Гарадзеншчыны
ад Грамадзкага аб’яднаньня “Цэнтр “Трэці сектар”
а/с 54, Гародня, 230009,
тэл./факс (0-152) 96-74-78,
e-mail:
www: sektar.cjb.net
19.11.2004 г.
“Кроніка грамадзкага жыцьця Гарадзеншчыны” зьяўляецца дадаткам да часапісу “Трэці сэктар”.
Дадатак дасылаецца па сьпісах рассылкі інфармацыі для НГА Беларусі.
У “Кроніцы” выкарыстоўваецца інфармацыя ўласных карэспандэнтаў “ТС”, а таксама інфармацыя з гарадзенскіх СМІ і іншых даступных нам крыніц інфармацыі.
Пры выкарыстаньні нашай інфармацыі спасылка на “Кроніку” і яе карэспандэнтаў абавязковая.
***
Абвесткі
Рэабілітацыя для нарказалежных
З 16 лістапада 2004 году распачаў сваю працу кругласуткавы стацыянар па рэабілітацыі нарказалежных у Рэабілітацыйным цэнтры “Ступені” (Чарнігаў, Украіна).
Паслугі для ВІЧ+ (пазытыўных) наркаманаў (у тым ліку зь Беларусі) – бясплатныя.
Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне ў Чарнігаве: +38-046-2166515.
Лана РУДНІК
Бяз гвалту
ЮНІФЭМ СНД запрашае ўсе зацікаўленыя арганізацыі ўзяць ўдзел у міжнароднай кампаніі “16 дзён бяз гвалту”.
Гэтая кампанія была ініцыяваная Першым Інстытутам жаночага глябальнага лідэрства ў 1991 годзе і праводзіцца штогод па ўсім сьвеце ў пэрыяд з 25 лістапада па 10 сьнежня.
Гэтым разам кампанія ладзіцца пад лёзунгам: “Дзеля здароўя жанчын, дзеля здароўя нацыі: “не” гвалту!”.
Больш падрабязная інфармацыя на сайце http://www.nasilie.net/.
Лана РУДНІК
Канфэрэнцыя па гендэрнай роўнасьнасьці
ГА “Жаночы Незалежны дэмакратычны Рух” запрашае да ўдзелу ў канфэрэнцыі “Разьвіцьцё партнэрства дзеля рэалізацыі палітыкі гендэрнай роўнасьці ў Рэспубліцы Беларусь”, якая адбудзецца ў Менску 11 сьнежня 2004 году.
Канфэрэнцыя адбудзецца па адрасе: Менск, пр-т газэты Праўда, 11. Іншагароднім ўдзельнікам будуць транспартныя выдаткі будуць кампэнсаваныя.
Ахвотнікі павінны даслаць заяву да 1 сьнежня па факсу: (017) 272-20-98; або на е-mail: [email protected].
Дадатковую інфармацыю і форму заявы можна атрымаць, зьвярнуўшыся па тэл. (017) 272-20-98, (029) 6210710.
Падрыхтавала Лана РУДНІК
Зімняя школа ў Варшаве
Гельсынская Фундацыя па правох чалавека арганізуе 19-26 лютага 2005 году ў Варшаве Міжнародную зімнюю школу па правох чалавека.
Фундацыя кампэнсуе транспартныя выдаткі ў абодва бакі. Таксама ўдзельнікам будзе забясьпечанае пражываньне, харчаваньне і мэдычная страхоўка. Удзел у Школе бясплатны пры ўмове наведваньня ўсіх заняткаў.
Аввотнікі да ўдзелу павінны даслаць па факсу ці электроннай пошце заяву на ўдзел, кароткую аўтабіяграфію і рэкамэндацыйны ліст ад арганізацыі.
Апошні тэрмін падачы заяваў – 15 сьнежня 2004 году. З усіх заяўнікоў будуць адабраныя 50 удзельнікаў. Пра вынікі адбору арганізатары абяцаюць паведаміць да 20 студзеня 2005 году.
Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па электроннай пошце [email protected], ці па тэлефоне: +48-22-828-1008, +48-22-828-6996, +48-22-556-4440 (Каардынатар – Адам Пырэк).
Падрыхтавала Алеся БЯЛЕНІК
Прапанова для студэнтаў
Польска-Амэрыканская Фундацыя вольнасьцi i Фундацыя адукацыi для дэмакратыi запрашаюць здольных студэнтаў зь Беларусi, Украiны i Калiнiнчыны зьдзейсьніць колькітыднёвы візыт у навучальныя ўстановы Польшчы.
Тэрмін адукацыйнай праграмы – красавік-травень 2005 г. Да ўдзелу праграмезапрашаюцца студэнты першых курсаў (18-21 гадоў).
У межах праграмы забясьпечваецца аплата коштаў пражываньня і харчаваньня, кошт падарожжа, кошт страхоўкі і кішэнныя грошы. Таксама аказваецца дапамога ў атрыманьні візы.
Дадатковую інфармацыю, а таксама форму заявы можна атрымаць ў Інтэрнэце па адрасу: http://www.ngo.pl/labeo/app/cms/x/81328;jsessionid=7009FC90E0D31DAD89E170B1B03E7CC7.
Апошні тэрмін падачы анкетаў – 15 сьнежня 2004 году.
Анкеты павінны быць дасланыя выключна поштай па адрасе:
Fundacja Educacja dla Demokracji
Study Tours to Poland
Ul. Nowolipie 9/11
00-150 Warszawa, Polska.
Падрыхтавала Алеся БЯЛЕНІК
Стажыроўкі ў Нідэрляндах
Працягваецца рэалізацыя праграмы стажыровак Фундацыі Nuffic.
Фундацыя дае магчымасьць маладым спэцыялістам, у тым ліку і зь Беларусі, прайсьці стажыроўку тэрмінам да 4 тыдняў у галяндзкай кампаніі ці ўстанове. Фінансуе праграму Міністэрства замежных справаў Нідэрляндаў.
Сфэра дейнасьці надзвычай шырокая:
-
навакольнае асяродзьдзе;
-
правы чалавека;
-
сацыяльнае забесьпячэньне;
-
адукацыя;
-
сродкі масавай інфармацыі;
-
ахова здароўя;
-
культура;
-
мэнэджмэнт;
-
эканоміка і бізнэс.
Інфармацыю пра магчымасьці праграмы можна запытаць праз e-mail: .
Падрыхтаваў Валера РУСЕЛІК
Бараніцца разам
Асамблея НГА аднаўляе праграму прававой падтрымкі няўрадавых арганізацыяў у межах Сыстэмы калектыўнай абароны НГА.
Прадугледжваецца праца сеткі юрыстаў дзеля кансультаваньня няўрадавых арганізацыяў па прававых аспэктах іх дзейнасьці.
З пытаньнямі па калектыўнай абароне няўрадавых арганізацыяў да па кансультацыі і дапамогу зьвяртайцеся:
Каардынатар Сыстэмы калектыўнай абароны – Юры Чавусаў (Выканаўчае бюро Асамблеі НГА, тэл.: (029) 6414347; e-mail: ngo@belngoinfo), Андрэй Кусяльчук (каардынатар па Гарадзеншчыне, тэл.: (029) 7674490; e-mail: ).
Падрыхтавала Алеся БЯЛЕНІК
Галяндцы дапамогуць
Праграма Малых Праектаў ( Matra/KAР) пры Амбасадзе Каралеўства Нідэрляндаў у Варшаве абвяшчае спабор на атрыманьне грантаў для невялікіх праектах, якія будуць ажыцьцяўляцца як прыватнымі ініцыятывамі, гэтак і рознымі калектывамі.
Удзел у праграме могуць узяць і беларускія НГА і ініцыятывы. Заявы трэба накіроўваць ў Амбасаду Нідэрляндаў ў Варшаве. Зацікаўленыя могуць зьвяртацца ў Амбасаду ў які заўгодна час і падаваць заявы ў адвольнай форме на адрас:
Royal Netherlands Embassy
Matra/KAP
10, Kawalerii St.
00-468 Warsaw, Poland
http:// www.nlembassy.pl
Кантактная асоба – Лукаш Бырскі ().
Найвялікшы памер гранту – 12700 USD (11500 еuro).
Таксама інфармацыю па праграме Matra/KAP у Беларусі можна атрымаць у Консульстве Каралеўства Нідэрляндаў у Менску па тэл.: (017) 262-53-23, ці па электроннай пошце: .
Падрыхтавала Алеся БЯЛЕНІК
Правы чалавека: швэдзкі адменьнік
Інстытут SIDA (Швэдзкая агенцыя міжнароднага разьвіцьця) арганізуе праграму трэнінгаў па чалавечых правох.
Практычныя курсы маюць на мэце паглыбіць веды ўдзельнікаў пра міжнародныя і рэгіянальныя сыстэмы прасоўваньня і абароны чалавечых правоў, маніторынг мэханізмаў і выкананьня нацыянальнай праграмы ў галіне чалавечых правоў. Удзельнікі будуць мець магчымасьць абмяняцца ўласным досьведам і ідэямі.
Курсы маюць адбыцца з 21 лютага па 18 сакавіка і зь19 па 23 верасьня 2005 году ў местах Лунд (Швэцыя) і Белград (Сэрбія і Чарнагорыя). Заняткі будуць праводзіцца ў ангельскай мове.
Прадстаўнікі беларускіх НГА ў ліку іншых краін таксама могуць падаваць свае заявы.
SIDA пакрывае ўсе кошты, зьвязаныя з пражываньнем, харчаваньнем і ўдзелам, а таксама транспартныя выдаткі ў абодва бакі. Удзельнікі павінны самастойна пакрыць кошты, зьвязаныя з візай.
Дадатковую інфармацыю можна атрымаць на вэб-пляцоўцы: www.rwi.lu.se/index.shtml
Падрыхтавала Алеся БЯЛЕНІК
***
Мае быць…
Цьху-цьху-цьху! Абы не ўрачы…
21 лістапада ў Гародні пройдзе справаздачна-выбарчы сход Гарадзенскай гарадзкой філіі партыі “БНФ “Адраджэньне”. На сходзе будзе абірацца новае кіраўніцтва арганізацыі.
Сёньняшні кіраўнік філіі Мікола Воран, адзін з дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па мясцовай Занёманскай акрузе №52, заявіў аб тым , што ён не плянуе вылучаць сваю кандыдатуру на пасаду старшыні арганізацыі чарговы раз.
На сёньняшні дзень кандыдатуры кандыдатаў на пасаду старшыні невядомыя.
Удзел у гарадзенскай канфэрэнцыi возьмуць старшыня партыi БНФ Вiнцук Вячорка, намесьнiкi старшынi Вiктар Iвашкевiч i Аляксей Янукевiч. Пра гэта паведамляе сайт партыі БНФ – www.pbnf.org.
“Гарадзенская арганiзацыя практычна з самага пачатку iснаваньня БНФ у 1989 годзе вядомая сваiм крытычным стаўленьнем да менскага кiраўнiцтва. Чакаецца, што й на гэты раз лiдэрам партыi давядзецца выслухаць шэраг непрыемных для сябе рэчаў”, — адзначае прэс-служба партыi “БНФ “Адраджэньне”.
Андрэй МЯЛЕШКА
***
Падзеі
На карысьць мясцовай супольнасьці
12-13 лістапада ў Гародні адбылася міжнародная канфэрэнцыя “Інавацыйныя мэтады працы на карысьць мясцовай супольнасьці”.
Арганізатарамі канфэрэнцыі выступілі ГА “Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадскіх ініцыятыў “Трэці сектар” (Гародня, Беларусь) і Цэнтар падтрымкі й разьвіцьця грамадзянскіх ініцыятываў “ОПУС” (Лодзь, Польшча). Канфэрэнцыя адбылася ў межах праграмы “Тэхнічная дапамога для дзяржаваў, якія знаходзяцца ў пэрыядзе трансфармацыі”.
Удзел у мерапрыемстве ўзялі 54 удзельнікі з 34 арганізацыяў, прадстаўляючы 14 беларускіх і польскіх местаў.
Праграма канфэрэнцыі складалася з трох частак:
- “Мясцовая супольнасьць – што гэта і якія мае заданьні”;
- “Эфэктыўная арганізацыя працы на карысьць мясцовай супольнасьці – тэорыя і практыка”;
- “Эфэктыўная арганізацыя працы на карысьць мясцовай супольнасьці – дзелімся досьведам”.
Наступным этапам праекту зьяўляецца азнаямляльны візыт у Польшчу (6-10 сьнежня 2004 году). Удзел у візыце возьме група зь 10 чалавек, сфармаваная зь ліку прадстаўнікоў арганізацыяў-удзельніц канфээнцыі. Таксама ў межах праекту будзе выдадзены зборнік матэрыялаў канфэрэнцыі ў беларускай і польскай мовах.
Волька АСТРОЎСКАЯ
За салідарнасьць!
Больш двох дзясяткаў актывістаў НГА і палітычных партыяў сабраліся 18 лістапада за круглым сталом у памяшканьні гарадзенскай арганізацыі “Таварыства беларускай школы”. Нагодай для сустрэчы сталіся 10-ыя ўгодкі прыняцьця Закону аб грамадзкіх арганізацыях.
У час сустрэчы былі падрабязна разгледжаныя тыя рэпрэсіўныя зьмены ў Законе, якія адбываліся цягам апошніх гадоў з адзінай мэтай – калі ня зьнішчыць цалкам, дык замацаваць поўны кантроль над “трэцім сэктарам” краіны з боку ўлады. Таксама згадваліся гісторыя разьвіцьця і станаўленьня грамадзкага руху ў краіне, маральна-этычныя моманты дзейнасьці сучасных беларускіх НГА, спэцыфіка арганізацыяў нацыянальных меншасьцей, і прадпрымальніцкага руху, складанасьці ўзаемадзеяньня паміж грамадзкім і палітычным сэктарамі, а таксама з інфармацыйным абменам паміж імі.
Сярод шэрагу лёзунгаў і прапановаў адзінствам гучаньня вылучаўся заклік да задзіночаньня, кансалідацыі ўсіх незалежніцкіх сіл у краіне. “Нам трэба стварыць нашу “Салідарнасьць”. Калі ня створым яе – страцім усё, пачынаючы сваімі арганізацыямі і скончваючы незалежнасьцю Беларусі”, – падсумаваў старшыня Гарадзенскай абласной філіі ГА “Фонд імя Лява Сапегі” Ўладзімер Хільмановіч.
Нагадаем, што Закон аб грамадзкіх аб’яднаньнях быў ухвалены 4 кастрычніка 1994 году.
Валера РУСЕЛІК
Над выпускам працавалі Алеся Бяленік, Лана Руднік, Андрэй Мялешка, Волька Астроўская й Валера Руселік.
|