English version
 


Навіны

Тыдзень з Магілёўскай вобласьцю”
інфармацыйны агляд № 27 (175)
13/09/-19/09/05

У аглядзе навіны з Магілёва, Бабруйску
агляд рэгіянальных медыяў і інтэрнэту


МАГIЛЁЎ

Падрыхтаваў Андрэй Белагубаў

Паштовая скрынка (актуальнае для беларускага сьвету NGO)

Абвешчаны спабор на атрыманьне грантаў у межах праграмы “Падтрымка адукацыйных і грамадзянскіх ініцыятываў пэдагогаў”.
Мэта спабору – пашырыць веды пра дэмакратычныя каштоўнасьці, падтрымаць пэдагогаў, якія ўжываюць інавацыйныя тэхналёгіі навучаньня, спрыяюць набыцьцю базавых сацыяльных кампэтэнцыяў моладзі і дарослых.
Заяўкі прымаюцца ад пэдагогаў і асобаў, якія працуюць у сфэры адукацыі, зарэгістраваных і незарэгістраваных адукацыйных грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятываў.
Апошні тэрмін падачы заяўкі – 10 кастрычніка 2005 году.
Заяўкі падаваць на адрас: 220029, Менск-29, а/с 64.
Форму заяўкі і іншую дадатковую інфармацыю можна даведацца па эл. пошце:
Паводле Кронікі грамадзкага жыцьця Гарадзеншчыны ад Грамадзкага аб’яднаньня “Цэнтр “Трэці сектар”
, www.sektar.cjb.net


*************
У найкаротшы час пабачыць сьвет дыск "Дапаможнік па правах дзіцяці" – вынік працы па праекце “Унівэрсытэт правоў дзіцяці”, што ажыцьцяўляўся РГА БелАЮ і дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ). На дыску будзе зьмешчана электронная вэрсія дапаможніка па правах чалавека ды дзіцяці, а таксама канвэнцыя па правах дзіцяці. Інфармацыйны прадукт будзе распаўсюджвацца сярод клюбаў ЮНЕСКО, грамадзкіх аб’яднаньняў, структураў адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Паводле матэрыялаў рассылкі Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “Беларуская асацыяцыя клюбаў ЮНЕСКО”
, www.belau.info


*************
23-25 лістападу 2005 году ў Менску мае адбыцца XIII міжнародная навукова-практычная канфэрэнцыя “Экалёгія і я чалавека ў пастчарнобыльскі пэрыяд”, прысьвечаная 20-ай гадавіне Чарнобыльскай катастрофы.
Арганізатарамі канфэрэнцыі выступаюць: Беларускі камітэт “Дзеці Чарнобыля”, Інстытут радыёбіялёгіі, НАН Беларусі, Інстытут радыялёгіі, Акадэмія пасьля дыплёмнай адукацыі, Цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны і экалёгіі чалавека ды Міжнародная акадэмія інтэграцыйнай антрапалёгіі.
Сярод тэм парадку дня канфэрэнцыі арганізатары прапануюць: “Асяродкавыя фактары: паталягічная зьменлівасьць сыстэмы арганізму”, “Праблемы соцыюму ў пастчарнобыльскай сытуацыі”, “Сацыяльная абарона”, “Праблемы здароўя пацярпелага насельніцтва”, “Біякультурная адаптацыя”, “Інтэграцыйны падыход да забесьпячэньня і папраўкі здароўя”. Асаблівая ўвага на канфэрэнцыі будзе нададзена пытаньням забесьпячэньня дзіцячага і рэпрадуктыўнага здароўя.
Нумары тэлефонаў арганізатараў: (+375 17) 252 11 17, (+375 17) 255 68 17
Паводле матэрыялаў рассылкі грамадзкага аб’яднаньеня “Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў”,


*************
Напярэдадні правядзеньня Кірмашу сацыяльных праектаў, яго арганізатар, грамадзкае аб’яднаньне “Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў” прапануе ўзяць удзел у супольнай акцыі беларускіх журналістаў і супрацоўнікаў сацыяльных арганізацыяў. Для ўдзелу неабходна сьцісла апісаць і даслаць на адрас рэальныя сытуацыі з жыцьця людзей, якім дапамагла арганізацыя, альбо, якія зрабілі істотны і альтруістычны ўклад у яе разьвіцьцё.
Паводле матэрыялаў рассылкі грамадзкага аб’яднаньня “Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў”,

NGOs

16 сентября состоялась рабочая встреча региональных руководителей Программы Поддержки Беларуси с новым руководителем Координационного бюро от ИББ доктором Астрид Зам. Среди вопросов повестки дня значились такие, как:
 – обсуждение результатов второго этапа регионального процесса в рамках ППБ (Программа сопровождения);
 – Определение основных подходов к развитию регионального процесса в рамках нового этапа ППБ 2005-2006;
 – информация об итогах, критериях оценки и выводах, которые нужно сделать в отношении конкурса проектов по 4 направлениям ППБ 2005-2006;
 – обсуждение предложений в поддержку регионального процесса через другие элементы гражданского сопровождения.
Всем участникам встречи было ясно – для сохранения достигнутых результатов, не говоря уже об их развитии, со стороны региональных координаторов, в сложившихся условиях, потребуется не только гораздо больше усилий, но и значительно большая изобретательность, поскольку налицо явное охлаждение госструктур к тому, что принято называть межсекторным диалогом.
Еще одним важным вопросом стало обсуждение подготовки к итоговой Конференции по ППБ, которая пройдет в Минске с 30 сентября по 1 октября в Международном образовательном центре.
Сергей Шишкин, региональный координатор ППБ по Могилевской области


*************
Бібліятэка Магілёўскага грамадзкага аб’яднаньня “Кола сяброў” папоўнілася новымі выданьнямі: часопісам “Абажур”, грамадзкага аб’яднаньня “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, часопісам нефармальнай адукацыі “Адукатар” і брашурай (дапаможнікам) “Асновы бясьпекі жыцьцядзейнасьці (Кансьпіратар беларускі + “Малы кансьпіратар”, адаптаваная вэрсія)”, выдавец невядомы.
Часопіс “Абажур” традыцыйна поўніцца публікацыямі, прысьвечанымі сёньняшняму стану свабоды слова ў краіне. Кантэкст нумару фармуюць: публікацыі пра акцыю “Сусьветны дзень свабоды друку ў Горадні”, праведзеная 3 траўня Беларускай асацыяцыяй журналістаў, пятую гадавіну зьнікненьня Дзьмітрыя Завадзкага ды забойства Веранікі Чаркасавай. Актуальнымі і далёка ня другаснымі бачацца матэрыял пад рубрыкай “СМІ і палітыка” з гутаркай “Аляксандра Тамковіча і Аляксандра Дабравольскага “Прэса ня мае быць зброяй, альбо растрэльная журналістыка амаральная” ды матэрыял Аляксандра Коктыша “Таджыцкія гранаты”, у якім аўтар спрабуе асэнсаваць працу ў “гарачай кропцы”.
Першы сёлетні нумар часопіса “Адукатар” прысьвечаны, зразумела ж, адукацыі, але якая ажыцьцяўляецца сіламі і ў межах “трэцяга сэктару” Беларусі. Загалоўным матэрыялам нумару бачыцца публікацыя, прысьвечаная кругламу сталу “Адукацыя, навучаньне, асьвета у трэцім сэктары: стан і пэрспэктывы разьвіцьця”, арганізаванага рэдакцыяй часопіса. Важным бачыцца і матэрыял Віктара Чарнова “Некаторыя аспэкты стратэгіі разьвіцьця грамадзянскай адукацыі ў дзейнасьці “трэцяга сэктару” Беларусі” электронная вэрсія “Адукатара” разьмешчана на web-пляцоўцы www.ace/ngo/dy.
Дапаможнік “Асновы бясьпекі жыцьцядзейнасьці” ўвасабляе паводле аўтараў “...бачаньне таго, як бясьпечным чынам арганізаваць працу падпольнай арганізацыі...”. Акрамя таго аўтары засяроджваюць увагу на “...ня толькі асноўных правілах бясьпекі і кансьпірацыі, але і на прававых захадах абароны сваіх правоў і свае дзейнасьці...”.

NGOs (водгукі лета)

Прадстаўнікі шэрагу грамадзкіх аб’яднаньняў з Магілёва і вобласьці, у складзе беларускай дэлегацыі, на запрашэньне асацыяцыі баўгарскіх NGO, наведалі Баўгарыю.
У межах візыту для беларускіх NGOшнікаў былі арганізаваныя сэмінар “Разьвіцьцё грамадзкіх фондаў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе”, а таксама азнаямляльныя візыты ды сустрэчы з прадстаўнікамі арганізацыяў асацыяцыі.
Праграма сэмінара ўлучала ў сябе плянарныя і сэкцыйныя пасяджэньні, на якіх былі разгледжаныя існуючыя ў сьвеце NGO практыкі ды стратэгіі стварэньня Фондаў мясцовай актыўнасьці, мэтады збору сродкаў, прыярытэты донараў ды роля недзяржаўных арганізацыяў у закладаньні Фондаў. Абмеркаваньне канкрэтных сытуацыяў грунтавалася на практычным досьведзе стварэньня мясцовых цэнтраў акумуляваньня сродкаў з Расеі, Славаччыны, Польшчы і ЗША.


*************
У жніўні, група актывістаў грамадзкіх аб’яднаньняў Магілёва бралі ўдзел у трэнінгу “Актыўная супольнасьць: ад дапамогі да самадапамогі”, частцы супольнага праекту – “Адкрытая школа мясцовай супольнасьці” грамадзкага аб’яднаньня “Цэнтар інфармацыйнай падтрымкі грамадзкіх ініцыятываў “Трэці сэктар” з Горадні і Цэнтра прасоўваньня і разьвіцьця грамадзкіх ініцыятываў “ОПУС” з Лодзі (Польшча).
На трэнінгу прапрацоўваліся мэтадам ролевай гульні шырокі спэктар тэмаў, зьнітаваны агульным кантэкстам “Чым жа ёсьць мясцовая супольнасьць”. Вялікая ўвага ў ходзе трэнінгу надавалася сацыяльнай анімацыі, адрозьненьням сацыяльнага аніматара ад лідэра, а таксама шляхам разьвіцьця мясцовае супольнасьці.

Агляд магілёўскіх медыяў і інтэрнэту
Падрыхтаваў Андрэй Белагубаў

Асяродзьдзе

Амбасадар ОБСЕ ў Менску Оке Пэтэрсон наведаў Магілёў.
Паводле газэты “Веснік Магілёва”, спадара Амбасадара прыняў старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Барыс Батура. У часе гаворкі сп. Оке Пэтэрсон падкрэсьліваў, што яму “хочацца як мага болей даведацца аб дасягненьнях Магілёўскага рэгіёну і асноўных напрамках сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця. Гэта яму дапаможа ў выбудоўваньні узаемаадносінаў, рэалізацыі супольных праектаў па разьвіцьці дэмакратычных інстытутаў, абароне правоў чалавека, а таксама ў іншых сфэрах”. У сваю чаргу сп. Батура казаў пра паступовае разьвіцьцё рэгіёну і пра прыцягненьне інвэстыцыяў дзеля мадэрнізацыі вытворчасьці. Сп. Батура акцэнтаваў увагу на намаганьнях па пераадоленьні пастчарнобыльскіх праблемаў, якія вымагаюць значных фінансавых рэсурсаў, і, што вобласьці патрэбная ў гэтым напрамку сур’ёзная падтрымка эўрапейскай супольнасьці.


*************
Пракуратурай Ленінскага раёну Бабруйска 9 верасьня ўзбуджана крымінальная справа па арт. 424 ч. 1 КК РБ (злоўжываньне уладаю, альбо службовымі паўнамоцтвамі). У якасьці падазронага фігуруе адказны работнік Бабруйскага гарвыканкаму, які заключыў у сакавіку-красавіку 2004 году дамову на пастаўку сядзеньняў для трыбунаў з адным з гомельскіх прыватных унітарных прадпрыемстваў.
Паводле “Магілёўскіх ведамасцей”, крымінальная справа ўзбуджана па выніках праверкі ходу рэканструкцыі стадыёна “Спартак”, што ў Бабруйску. Пракуратура шукае адказ на пытаньне што да мэтазгоднасьці набыцьця задарагога абсталяваньня для спартовага збудаваньня. На дадзены момант выяўлена, што набыцьцё сядзеньняў адбывалася без абавязковага правядзеньня тэндэру па завысокай цане.


*************
Аддзел ідэалягічнай працы Магілёўскага гарвыканкаму і гарадзкое аддзяленьне Беларускага саюза жанчын арганізавалі сэмінар “Лідэрства – гэта сукупнасьць навыкаў, якія можна назіраць і якімі можна авалодаць”.
Паводле “Магілёўскіх ведамасцей”, удзельнікамі мерапрыемства былі дэпутаты гарадзкога савету, старшынькі жаночых саветаў прадпрыемстваў і навучальных устаноў, намесьнікі кіраўнікоў па ідэалягічнай працы, грамадзкія актывісткі. Як вынікае з публікацыі “Жанчынам – лідэрства, адукацыі  закон” асноўная ўвага надавалася сыстэме адукацыі, яе стану і пэрспэктывам разьвіцьця.
Рэй на сэмінары, паводле публікацыі, вяла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Натальля Аўдзеева. У сваім выступе яна давяла ўдзельнікам, што школьная форма ўводзіцца ня будзе, але будзе патрабаваньне да захаваньня адзінага стылю, што колькасьць вучняў у клясах не павінна перавышаць 25 асобаў, што будзе захавана тэставаньне для выпускнікоў школ як найбольш справядлівае патрабаваньне ў конкурснай сытуацыі, нарэшце, што будуць упарадкаваныя катэгорыі ільготнікаў. Удзельнікі сэмінару даведаліся, што ўводзіцца новая форма адносінаў паміж дзяржавай і студэнтамі – заключэньне кантрактаў з абітурыентамі-бюджэтнікамі. У кантракце будзе агаворана ўмова вяртаньня сродкаў дзяржаве ў выпадку адмовы, альбо невыкананьня тэрмінаў адпрацоўкі па разьмеркаваньні.


*************
У інтэрвію газэце “Магілёўскія ведамасці” старшыня Магілёўскага гарадзкога аддзяленьня грамадзкага аб’яднаньня “Саюза палякаў на Беларусі”, дырэктар Дома Польскага Юры Журавовіч адказваючы на пытаньне карэспандэнта, ці ўзьніклі ў ачоленай ім арганізацыі цяжкасьці ў сувязі з заявамі аб ушчамленьні правоў палякаў на Беларусі, зазначыў, што ён адказвае за сваю арганізацыю, “якая незалежная і самаакупная. “У нас было і ёсьць канструктыўнае супрацоўніцтва з уладамі”. “Падкрэсьліваю, працягнуў сп. Журавовіч, мы займаемся культурна-асьветніцкай дзейнасьцю”.
Паводле сп. Журавовіча ў Магілёве жыве блізу 30 тысяч чалавек з польскімі каранямі. Сёньня, пры школе №2 Магілёва шосты год запар існуе польская кляса, дзе выкладаюць грамадзяне Польшчы Эва Грабарчык і Кшыштаф Ленецкі ды якой апякуецца мэр Уроцлавека. “Асноўны прынцып дзейнасьці аддзяленьня Саюза і Дома Польскага – гэта інтарэс да Польшчы. Мы арыентуемся на людзей, якім цікавыя мова і культура польскага народа” – падкрэсьліў у інтэрвію сп. Журавовіч.


*************
Намесьнік старшыні Магілёўскага абласнога савету таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Сяргей Бясьпянскі ў матэрыяле “Гістарычны цэнтар Магілёва. Праблемы і пытаньні без адказаў” акцэнтуе ўвагу чытачоў “Весніка Магілёва” на сур’ёзных прабелах былой і сучаснай практык рэканструкцыі гістарычнага вобліку Магілёва.
У артыкуле сп. Бясьпянскі з сумам канстатуе, што “пытаньні аховы помнікаў гістарычнага цэнтру Магілёва да гэтага часу стаяць надзвычай востра.… Сёньня кажуць пра рэгенэрацыю гістарычнай забудовы і аднаўленьне гістарычнай пляніроўкі. Фактычна ж усё гістарычную спадчыну прыстасоўваюць да патрэбы камэрцыі”. Заклапочаны сп. Бясьпянскі і сытуацыяй з культурным пластом, які “ад 19 ст. з клінічнай ўпартасьцю нішчыцца – пачынаючы з пракладкі дарогі на Бабруйск у 1840 годзе”. Такога роду дзейнасьць працягваецца і цяпер. Сьведчаньне чаму нядаўняе будаўніцтва некалькіх АЗС у гістарычнай частцы гораду, якое адбывалася без экспэртнага археалягічнага нагляду – даводзіць сп.Бясьпянскі.

БАБРУЙСК
Надзея Лісоўская

Асяродзьдзе

З 8 верасня  ў рэдакцыі газеты “Бабруйскі кур’ер” пачала працу грамадзкая прыёмная дэпутатаў Бабруйскага гарадскога савету. Першы прыём правялі дэпутаты Аляксандр Чыгір, лідэр грамадкай ініцыятывы “Свая справа” і Фёдар Вароніч, былы старшыня Бабруйскага міжрайкамітэта дзяржкантроля. Задэкларавана, што дэпутацкая прыёмная будзе працаваць штотыдзень па чацвяргах.


*************
У Бабруйску адбыўся абласны экалагічны форум.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел каля 600 гасцей пры заяўленых 250. Форум праходзіў у Палацы мастацтваў, дзе была разгорнутая выстава работ на экалагічную тэматыку. Удзельнікі Форума наведалі бабруйскі мясакамбінат, ААТ “Белшына”, кандытарскую фабрыку “Чырвоны харчавік”, дзе знаёміліся з тэхналогіямі перапрацоўкі адыходаў вытворчасці, а таксама дзеяннямі па прапагандзе экалагічных ведаў.
Завяршыўся Форум вялікім канцэртам на плошчы Перамогі, падчас якога былі ўзнагароджаны пераможцы экалагічных конкурсаў. Як напамін аб Форуме і ўклад у справу азелянення Бабруйску эколагі высадзілі алею туй у новым раёне горада блізу новай паліклінікі.


*************
Фестываль “Дажынкі-2006”, як і абяцаў у сваёй перадвыбарчай праграме дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, былы прадстаўнік Прэзідэнта па Магілёўскай вобласці, Юрый Кулакоўскі, пройдуць у Бабруйску.
Горад ужо пачаў рыхтавацца да гэтага свята. Напрыклад, да пачатку “Дажынак”, не пазней за ліпень 2006 года павінны быць адрамантаваны мяккія дахі дамоў. Усяго на правядзенне “Дажынак -2006” будзе выдаткавана 225 млрд.рублёў.

Асяродзьдзе (водгукі лета)

Трэцяга ліпеня з ініцыятывы гарадской габрэйскай абшчыны адбылося адкрыццё Алеі праведнікаў, закладзенай у гонар 15 ўраджэнцаў Бабруйска, якія ў гады вайны ратавалі габэйскія сем’і.
На адкрыцці прысутнічалі пасол Ізраіля Зеев Бен Арнье, консул амбасады Германіі Сюзанне Лейзінг-Сэрэнсэн, галоўны рабін артадаксальнага накірунку габрэяў Беларусі Сендэр Урыцкі, Уладыка Бабруйскай і Быхаўскай епархіі Пётр.
На адкрыцці Алеі праведнікаў мэр горада Міхаіл Бандарэнка выказаў спадзеў, што Бабруйск нарэшце, знойдзе сабе горад-пабрацім у Ізраілі.


*************
У ліпені нарэшце канчаткова высветлілася , у якім месцы будзе пабудаваны бабруйскі Лядовы палац.
Раней яго будаўніцтва планавалася непадалёку ад ракі Бярэзіны, на рагу вуліц праспект Будаўнікоў і Шыннай. Тады палічылі, што для Бабруйска даволі Палаца ўмяшчальнасцю ў 1780 месцаў.
Цяпер стала вядома, што Лядовы палац у Бабруйску размесціцца зусім у процілеглым баку горада, на тэрыторыі гістарычнага помніка Бабруйская крэпасць, і зможа ўмяшчаць  амаль  восем тысяч гледачоў.
У канцы жніўня мінскія геадэзісты ўжо пачалі тапаграфічныя здымкі мясцовасці ва ўсходняй частцы Бабруйскай крэпасці. Мяркуецца, што адначасова з будаўніцтвам Лядовага палаца будзе рэканструявацца і гістарычны помнік.


*************
У пачатку ліпеня ў Польшчы гасціла група бабруйчан на чале з дэпутатам гарадскога савета Алесем Чыгіром.
Маладыя настаўнікі, юрысты, журналісты вучыліся планаванню развіцця горада на вопыце мясцовага самакіравання ў Вялікапольскім ваяводстве.У горадзе Лешна бабруйчане мелі сустрэчу з прэзідэнтам горада Томашам Малепшам і далі інтэрв’ю мясцовым СМІ.
Матэрыялы пра паездку і жыццё нашай суседкі Польшчы публікаваліся на працягу чатырох нумароў у недзяржаўнай газеце “Бабруйскі кур’ер”.


*************
На запрашэнне Варшаўскага ліцэя імя Хугана Калантая група старшакласнікаў з Бабруйска 10 дзён знаходзіліся ў Рэспубліцы Польшча.
Пачатковай кропкай сумеснага падарожжа інтэрнацыянальнай групы з 20 польскіх і 20 беларускіх школьнікаў стала Варшава, з адметнасцямі якой супольнікі знаёміліся два дні. У Музеі Варшаўскага паўстання беларускую групу віталі прадстаўнікі ўрада Варшавы. Торунь, радзіма Каперніка, сярэднявечны замак Мальбарк, партовы горад Гдыня, калыска “Салідарнасці” Гданьск, старажытны Кракаў – гэта няпоўны пералік месцаў, якія наведалі падлеткі.
Акрамя таго, падарожнікі сплаўляліся на чоўнах-тратфах па горнай рацэ Дунайцу, купаліся ў моры ў знакамітым Сопаце, апускаліся глыбока пад зямлю ў саляныя капальні ў Вялічцы, на фунікулёры ўзнімаліся на гару Губалуўка ў Закапане. На развітанне былі спевы ля вогнішча, дзе кожны збабруйчан атрымаў сувенір.
Паездка бабруйскіх школьнікаў была арганізавана ў межах польска-беларускай культурна-адукцыйнай праграмы “Веды – дарога да ўзаемапаразумення” і стала магчымай з ініцыятывы дэпутата гарсавета Алеся Чыгіра.

Агляд заснаваны арганізацыямі-ўдзельніцамі Магілёўскай інфармацыйнай сеткі ў ліпені 2001 г.
Архіў рассылкі на сайце https://ngo.by/ru/news/mogilev

175 нумар дасланы 350-ці адрасатам

Заўвагі і прапановы па зьмесьце агляду чакайма на адрас

Адказнасьць за дакладнасьць зьмешчанай у аглядзе інфармацыі нясуць аўтары паведамленьняў

Карэктарка – Галка Кліменкова
Выканаўца абавязкаў рэдактара – Андрэй Белагубаў




31 | 32 | 33 | 34 | 35 | 36 | 37 | 38 | 39 | 40 | 41 | 42 | 43 | 44 | 45 | 46 | 47 | 48 | 49 | 50 | 51 | 52 | 53 | 54 | 55 | 56 | 57 >>

Наверх

УВАХОД У СIСТЭМУ
Iмя
Пароль

 


Праект Праграмы развiцця ААН на Беларусi
  Праграма "Партнёрства для культуры" Шведскага iнстытута
  Рэалізацыя праекта БРГА "Аб'яднаны шлях".
e-mail:
  - стварэнне партала
© БРГА «Аб’яднаны шлях», 2003-2005
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на крыніцу абавязкова.
Інфармацыя на сайце не з'яўляецца афіцыйнай пазіцыяй БРГА "Аб'яднаны шлях".
Адміністрацыя сайта можа не падзяляць думкі аўтараў размешчаных матэрыялаў.