|
|
|
|
|
Парсюкі пагражаюць усяму чалавецтву?
|
|
208(25221) 02.09.2004 Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) днямі распаўсюдзіла трывожнае паведамленне: вірус птушынага грыпу Н5N1 быў выяўлены ў парсюкоў на фермах у некаторых раёнах Кітая. Гэта менавіта той самы штам птушынага віруса грыпу, які ўпершыню праявіў сябе ў 1997 годзе ў Ганконгу і прадэманстраваў надзвычай высокую агрэсіўнасць. У 2003 і 2004 гадах у Тайландзе і В'етнаме былі зафіксаваны новыя выпадкі інфіцыравання людзей птушыным грыпам, і зноў не абышлося без лятальных зыходаў. Між іншым апошняе паведамленне кітайскіх навукоўцаў аб інфіцыраванні птушыным грыпам парсюкоў азначае, што пандэмія, якую эпідэміёлагі чакалі на працягу апошніх 10—15 гадоў, можа стаць рэальнасцю ўжо сёлета. Пандэмію, у адрозненне ад эпідэмій грыпу выклікае вірус грыпу з абсалютна новай антыгеннай структурай, які не распазнае імунная сістэма чалавека. Звычайныя свойскія парсюкі аднолькава адчувальныя як да птушыных, так і да чалавечых вірусаў грыпу, і гэта робіць іх своеасаблівай «прабіркай», у якой можа ўтварыцца смяротны для чалавека «кактэйль»: калі жывёліна інфіцыруецца адначасова і чалавечым, і птушыным вірусамі грыпу, паміж двума вірусамі адбываецца абмен генетычным матэрыялам, і такім чынам нараджаецца новы смяротны штам. Эпідэміёлагі лічаць, што і пандэмія 1918 года, і пандэмія 1957 года, якія пацягнулі шматмільённыя ахвяры, былі выкліканы вірусамі грыпу з камбінаваным генетычным саставам: часткова птушыным, а часткова — чалавечым. Прычым размнажаўся новы вірус у арганізмах парсюкоў, ад якіх ужо, у сваю чаргу, заражаліся людзі. Для таго, каб не прапусціць нараджэння пандэмічнага штама, Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя разгорнута на планеце сетка са 110 вірусалагічных лабараторый, размешчаных у 83 краінах свету. Беларускі цэнтр па грыпу, напрыклад, супрацоўнічае з Лонданскім дыягнастычным цэнтрам. Можна не сумнявацца, што ў бліжэйшыя месяцы ўсе яны будуць прыведзены ў «баявую гатоўнасць».
|
|
Работа па выплатах кампенсацый ацэнена станоўча
|
|
212(25225) 07.09.2004 У Мінск прыбыў з візітам старшыня праўлення германскага фонду «Памяць, адказнасць і будучыня» Ханс-Отта Бройцігам. Як паведамляе прэс-служба пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Мінску, запланаваныя яго сустрэчы са старшынёй Беларускага рэспубліканскага фонду «Узаемаразуменне і прымірэнне» Валянцінам Герасімавым і старшынёй праўлення «Беларусбанка» Надзеяй Ермаковай, падчас якіх будуць абмеркаваны актуальныя пытанні супрацоўніцтва. «Вынік іх сумеснай працы станоўчы. Амаль 130 тысяч былых прымусовых рабочых атрымалі кампенсацыі на суму каля 284 мільёнаў еўра», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні для прэсы. Усе выплаты нямецкім бокам праводзяцца на падставе федэральнага закона. Стварэнню федэральнага фонду папярэднічалі міжнародныя перагаворы, у якіх прымала ўдзел і наша краіна.
|
|
Прэзідэнт Беларусі прыняў рашэнне аб аказанні дзяржаўнай падтрымкі ў ажыццяўленні шэрагу гуманітарных праектаў
|
|
218(25231) 14.09.2004 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 верасня падпісаў Указ № 443 «Аб аказанні дзяржаўнай падтрымкі ў ажыццяўленні гуманітарных праектаў, звязаных з функцыянаваннем жылых пасёлкаў «SOS-Дзіцячая вёска» ў г.Мар'іна Горка і пасёлку Бараўляны». У прыватнасці, рашэннем кіраўніка дзяржавы міжнародная дабрачынная арганізацыя «SOS-Кіндэрдорф Інтэрнацыяналь» вызваляецца ад выплаты шэрагу збораў у сувязі з бязвыплатнай перадачай жылога пасёлка «SOS-Дзіцячая вёска» ў Мар'інай Горцы грамадскай арганізацыі «Беларускі фонд «SOS-Дзіцячая вёска». Згодна з указам, у 2004 годзе грамадскай арганізацыі «Беларускі фонд «SOS-Дзіцячая вёска» будзе аказана фінансавая дапамога ў выглядзе субсідый са сродкаў рэспубліканскага бюджэту для завяршэння будаўніцтва і добраўпарадкавання жылога пасёлка «SOS-Дзіцячая вёска» ў г.Мар'іна Горка, набыцця мэблі, а таксама на ўтрыманне дзяцей-сірот, якія пражываюць тут, і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Як адзначылі ў прэс-службе, указ прыняты ў рамках правядзення ў Беларусі мэтанакіраванай палітыкі па абароне правоў і інтарэсаў сацыяльных неабароненых слаёў насельніцтва, а таксама па стварэнню спрыяльных умоў для развіцця супрацоўніцтва з міжнароднымі дабрачыннымі арганізацыямі.
|
Наверх
|
|
|