Навуковая летняя школа салідарнасьці

3-9 ліпеня 2017 г. пройдзе навуковая Летняя школа “Салідарнасьць бязь межаў” (Варшава, Польшча), якая прапануе 7-дзённы курс, што ахоплівае ўсе магчымыя тэарэтычныя і мэтадалягічныя аспэкты транснацыянальнай салідарнасьці. На занятках будуць зьвяртацца да такіх тэмаў, як прававая аснова салідарнасьці ў Эўрапейскім Зьвязе, сеткавы аналіз на аснове салідарнасьці, дасьледаваньне транснацыянальных альтэрнатыўных арганізацыяў, салідарнасьць у публічным дыскурсе і шмат чаго яшчэ.

Навучэнцы атрымаюць унікальную магчымасьць паўдзельнічаць у сэмінарах, якія будуць весьці выдатныя эўрапейскія навукоўцы, якія працуюць у полі салідарнасьці. Прыблізны расклад заняткаў можна паглядзець па спасылцы.

Для ўдзелу ў летняй школе неабходна:
– Добра валодаць ангельскай мовай;
– Навучацца на PhD праграме або пашыранай магістэрскай праграме ў любой краіне сьвету ў галіне паліталёгіі, сацыялёгіі, эканомікі, мэдыяў, геаграфіі, антрапалёгіі, адукацыі ды інш.

Удзел у летняй школе бясплатны, аднак арганізатары не пакрываюць выдаткі на пражываньне. Тым ня менш, у аплікантаў ёсьць шанец пазмагацца за адзін з чатырох грантаў на пакрыцьцё коштаў жыльля.

Кандыдатаў і кандыдатак запрашаюць запоўніць заяўку і даслаць разам зь ёй урывак з уласнай навуковай працы на тэму салідарнасьці – памерам у 300 слоў. Дваццаць пасьпяховых кандыдатаў і кандыдатак будуць запрошаныя падаць поўную працу да 10 ліпеня 2017 г. Заяўкі і ўрывак з публікацыі варта дасылаць на адрас transsol@uw.edu.pl не пазьней за 15 студзеня 2017 г.

З дадатковымі пытаньнямі зьвяртайцеся праз эл. адрас transsol@uw.edu.pl.

Паводле by.odb-office.eu

belngo.info

27 снежня 2016