Як бяздомным дапамагаюць выжываць у халады

Рэгіён:
14.01.2016

6 (28116)14.01.З пачатку студзеня з прычыны моцных маразоў Беларускі Чырвоны Крыж дапамагае найбольш уразлівым катэгорыям. На базе раённых арганізацый ствараюць пункты абагравання. У абласных гарадах і сталіцы працуюць мабільныя пункты, дзе прапануюць выпіць гарачай гарбаты і паслухаць правілы паводзін пры нізкай тэмпературы. Валанцёры наведваюць таксама найбольш верагодныя месцы знаходжання бяздомных — звалкі, кропкі здачы другаснай сыравіны. Раздаюць неабходныя рэчы і, калі трэба, аказваюць першую дапамогу. Да аднаго з такіх рэйдаў далучыліся і нашы карэспандэнты.

Матрыярхат і заробак штодзень
 
Мы едзем у невялікім фургончыку, застаўленым пакетамі з прадуктамі і каробкамі з адзеннем. Набліжаемся да Паўночнай звалкі, што пад Мінскам. Вязём дзясятак пакетаў з ежай (цукар, крупы, кансерваваны гарошак, тушонка — усё тое, што можа доўга захоўвацца) і столькі ж пакетаў з рэчамі гігіены (туалетная папера, мыла, шампунь). У каробках — цёплыя боты, паліто, коўдры. Гарбаты на гэты раз не будзе.
 
— Ды ў іх і так ёсць, — кажа пра тутэйшых бяздомных Ігар СІДАРЭНКА, вядучы спецыяліст па надзвычайных сітуацыях і вышуку Мінскай абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа. — Тым, хто ў горадзе, горш прыходзіцца. Няма дзе гарачай вады дастаць. Ім і гарбата патрэбна, і кіпень, каб «Ролтан» заварыць.
 
Ад халадоў сталічныя валацугі хаваюцца ў падвалах, на гарышчах шматпавярховікаў. Ці на цеплатрасах. «Дзе і ўчадзьваюць», — дадае валанцёр Сяргей.
 
Бяздомныя, якія трапілі на звалку, жывуць адносна нядрэнна. Як мінімум могуць зарабіць на пражыццё: сартуюць смецце. За што атрымліваюць каля 10—30 долараў за дзень. Нядрэнны прыбытак! Начуюць у асноўным у закінутых хатах у найбліжэйшай вёсцы. На лёс любяць скардзіцца, але мяняць нічога не збіраюцца. Валанцёры кажуць, што прапаноўвалі некаторым знайсці жыллё, зрабіць дакументы, уладкаваць на працу — адмаўляюцца.
 
Тут пануе свая іерархія. Матрыярхат, як ні дзіўна. Усім запраўляе адна жанчына. Гуманітарную дапамогу размяркоўвае таксама яна.
 
— Адзенне неяк перабірала. «Кажух — мне, футра — мне», — узгадвае Ігар. — Мы, вядома, стараліся раздаць кожнаму ў рукі пакет. Прыгразілі, што праз тыдзень праверым. Але разумелі, што, як толькі паедзем, рэчы ўсё роўна ў той жанчыны апынуцца, і яна падзеліць іх, як захоча.
 
Барацьба за коўдры
 
Мы на месцы. Адчыняем машыну. Некалькі чалавек адразу ідуць да нас. «А што вы прывезлі? Валёнкі ёсць? — цікавіцца жанчына за 40. — У маім абутку хадзіць слізка».
 
Валёнак у машыне не было. Прапануем жанчыне пашукаць што-небудзь іншае ў каробцы з ботамі. «І як вы не мерзнеце? Увесь дзень на вуліцы...» — пытаемся ў яе. «Шмат працую. Калі б на месцы стаяла, даўно адубела б», — неахвотна адказвае Галя.
 
Разам з Галяй да машыны падцягнуўся яе муж. Атрымалі ад валанцёраў набор для гігіены. Разглядаюць, што ў пакеце.
 
— Зубная паста. І навошта яна мне? Зубоў усё роўна няма, — незадаволена жанчына.
 
На заўвагу паводзіць сябе спакайней і не распіхваць прысутных Галя раззлавалася.
 
— Юра, пайшлі, — заве мужа і кідае пакет у машыну. — Не трэба мне нічога! Я не бедная!
 
Астатнія насельнікі звалкі паставіліся да гуманітаркі з большым інтарэсам. Прымяралі курткі, разбіралі пакеты з ежай. Найбольшы ажыятаж быў вакол каробкі з коўдрамі.
 
— Маё! — крыкнула адна з жанчын і ахапіла каробку, не падпускаючы нікога. Потым ужо, калі адабрала некалькі штук для сябе, дазволіла ўзяць астатнія коўдры іншым бяздомным.
 
Жанчыну з чорным ад сажы тварам, якая так абараняла сваё «багацце», завуць Надзея. На звалцы яна ўжо 16 гадоў. Усе падрабязнасці жыцця жанчына не раскрывае, але кажа, што раней працавала ў ЖЭСе.
 
— Там заробак затрымлівалі, — скардзіцца новая знаёмая. — А тут кожны дзень грошы плацяць.
 
На звалку Надзея прыйшла разам з мужам. «Вунь ён, з барадой», — паказвае мне свайго выбранніка. кім толькі той ні працаваў: і электроншчыкам, і будаўніком. Чаму ён урэшце вырашыў падацца сюды і жонку сваю разам пацягнуў, застаецца толькі здагадвацца.
 
Сямейная пара тым часам забірае каробку, набітую даверху рэчамі.
 
— Дзякуй вялікі, — развітваюцца з валанцёрамі. — З Раством Хрыстовым!
 
«Нам давяраюць»
 
Старажылаў на звалцы хапае. Адзін з мясцовых па мянушцы Смаляк жыве тут больш за 30 гадоў. Кажуць, у яго ёсць жонка і дзеці, якія жывуць у кватэры ў сталіцы. А ён усё роўна прыходзіць працаваць сюды. Падабаецца ні ад каго не залежаць.
 
— Чаго мне саромецца? — Смаляк спакойна рэагуе на фотакамеру. — Я ж не забіў нікога. Але не хацеў бы, каб жонка мяне такім убачыла.
 
Валанцёрам з бяздомнымі звычайна лёгка зладзіць. «Яны нас не баяцца. Многія ў начлежку на Ваўпшасава не звяртаюцца, бо там трэба на ўлік станавіцца, даведкі збіраць, — тлумачыць Ігар. — А нам давяраюць».
 
— Не лянота ў такое надвор'е да бяздомных ездзіць? Ёсць жа і больш прыемная валанцёрская праца...
 
Добраахвотнікі толькі паціскаюць плячыма: прывыклі.
 
— Ніхто ж не прымушае. Можаш і ў інфацэнтры застацца, на званкі адказваць. Нам на выездах цікавей. І ўражанні — на ўсё жыццё.
 
Ігар Сідарэнка сам тры гады быў у Чырвоным Крыжы валанцёрам. А потым перайшоў сюды як на асноўнае месца працы. «Калі звальняўся, у бухгалтэрыі здзівіліся: «І вы на такі заробак ідзяце?» Я ж не дзеля грошай...»
 
Раздаўшы апошнія пакеты, збіраемся дадому — грэцца. А валанцёры едуць дапамагаць далей. Праўда, ужо не бяздомным, а аўтамабілістам, чые машыны не вытрымалі маразоў і заглохлі на дарозе.
 
Наталля Лубнеўская 

『アディダス』に分類された記事一覧