Школа PR і медыякампетэнцый: адбыўся першы выпуск

Рэгіён:
03.10.2018

Прадстаўнікі 22 арганізацый і ініцыятыў з розных гарадоў краіны сталі выпускнікамі першага набору Школы PR і медыякампетэнцый, якая працавала 21-23 верасня ў Гродне.

Сярод іх як людзі з багатым досведам грамадскай дзейнасці, так і тыя, хто толькі распачынае свой шлях у трэцім сектары.

Усіх удзельнікаў, аднак, аб’ядноўвае жаданне зрабіць свае арганізацыі больш вядомымі, здольнымі больш эфектыўна вырашаць важныя для іх пытанні, прыцягваць да грамадска-карыснай працы новых людзей.

У першы дзень Школы разам з трэнерамі Вітаўтам і Ланай Руднікамі ўдзельнікі знаёміліся з тым, што ўплывае на імідж арганізацыі, з чаго пачаць працу з грамадскасцю, якімі інструмантамі для камунікацыі з людзьмі можна карыстацца і шмат іншага.

Асобны блок праграмы быў прысвечаны працы ў сацыяльных сетках.

У якасці эксперта у гэтай частцы праграмы працаваў Антон Сурапін – SMM-менеджэр такіх вядомых беларускіх рэсурсаў, як “Зялёны партал” і “Медыякрытыка“.

Тут удзельнікі разбіраліся з тым, што такое камунікатыўная стратэгія, як стварыць кантэнт-план, а таксама абмяркоўвалі, якія фарматы падачы інфармацыі можна выкарыстоўваць.

Заключны дзень Школы быў прысвечаны працы з журналістамі.

Удзельнікі Школы з дапамогай трэнераў, а таксама дасведчаных рэдактарак Іны Максімчык і Ірыны Новікпапрактыкаваліся пісаць кароткія інфармацыйныя паведамленні пра свае мерапрыемствы, а таксама атрымалі досвед падрыхтоўкі і правядзення інтэрв’ю.

Падрабязней пазнаёміцца з тым, як праходзіла навучанне ў Школе, можна з дапамогай “жывога блога” праекта, які амаль штогадзінна абнаўляўся па ходу заняткаў.

Наступны курс Школы распачнецца 12-14 кастрычніка ў Брэсце.

Набор удзельнікаў на яго ўжо скончаны.

Школа PR і медыякампетэнцый дзейнічае ў межах праекта PRodvizhenie-2018.

Да канца года ў яго межах яшчэ адбудуцца:

Школа плюралізму – трэнінг для трэнераў ( 7-11 лістапада, Гродна).

Тут вы засвоіце асновы трэнерскага майстэрства: навучыцеся планаваць свае трэнінгі і асобныя заняткі (вызначаць рэалістычныя мэты навучання, выбіраць эфектыўныя метады навучання, планаваць змест і г.д).

Асаблівы фокус будзе зроблены на тое, як планаваць навучальныя праграмы, скіраваныя на пашырэнне дэмакратычных каштоўнасцяў (плюралізм, свабода слова і іншыя правы чалавека).

Дасведчаныя ментары дапамогуць вам падрыхтаваць і правесці некаторыя з распрацаваных у межах праекта трэнінгаў і заняткаў.

Заявіцца на ўдзел можна да 2 кастрычніка.

Нямецка-беларускі Форум Партнёрства (8-9 снежня, Брэст).

Тут будуць прадстаўленыя цікавыя беларускія і нямецкія прыклады працы, скіраванай на папулярызацыю грамадскай дзейнасці ў рэгіёнах.

Майстэрня будучыні дапаможа спланаваць сумесныя (у тым ліку беларуска-нямецкія) праекты, скіраваныя на ўмацаванне іміджу грамадскіх ініцыятыў, а таксама на павышэнне здольнасці гэтых ініцыятыў вырашаць важныя мясцовыя пытанні і ўплываць на мясцовую павестку дня.

Падчас Форума таксама будуць арганізаваныя майстар-класы ад беларускіх і нямецкіх экспертаў на тэмы рэгіянальнага развіцця, сувязяў з грамадскасцю, нефармальнай адукацыі, прасоўвання дэмакратычных каштоўнасцяў.

Праект PRodvizhenie-2018 сумесна ажыццяўляюць:

Установа “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый” (Гродна)

Грамадскае аб’яднанне “Цэнтр “Трэці сектар” (Гродна)

Брэсцкі мясцовы фонд рэгіянальнага развіцця

Coopforum International (Германія).

Праект «PRodvizhenie – PR і медыякампетэнцыі для грамадзянскай супольнасці ў рэгіёнах Беларусі» здзяйсняецца ў межах праграмы Міністэрства замежных спраў Германіі «Развіццё супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю краін «Усходняга партнёрства» і Расіі».

http://3sektar.by/news/shkola-pr-i-medyiyakampetentsyiy-adbyiusya-pershyi-vyipusk.html