Пашырэнне ўжывання беларускай мовы на тэлебачанні

Рэгіён:
01/29/2009

27 студзеня 2009 года адбылася сустрэча старшыні ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” з старшынём Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі Аляксандрам Зімоўскім.
 
Сустрэча адбылася па прапанове старшыні ТБМ у сувязі з заявай Рады ТБМ “Аб вяртанні дзяржаўнай мовы на экраны Беларускага тэлебачання”.

Пад час размовы былі разгледжаны прапановы ТБМ кіраўніцтву Белдзяржтэлерадыёкампаніі па пашырэнні беларускай мовы:

1.    Першы нацыянальны канал Беларускага тэлебачання цалкам зрабіць беларускамоўным (у перспектыве).
2.    Беларускамоўную рэкламу даваць па крыху меншым кошце.
3.    Заснаваць перадачу “Гаворым па-беларуску” (10-15 хвілін).
4.    Стварыць цыкл перадач на беларускай мове на гістарычную тэматыку. Першы цыкл прысвяціць 600-годдзю перамогі беларусаў у Грунвальдскай бітве. Асвяціць гісторыю гарадоў, харугвы якіх былі на полі бітвы.
5.    Сумесна з Інстытутам мовы і літаратуры НАН Беларусі зрабіць перадачу, прысвечаную 10-м угодкам Міжнароднага дня роднай мовы, заснаванага па рашэнні ЮНЕСКА.
6.    Раз у месяц ладзіць на тэлебачанні тэматычныя “круглыя  сталы” па пытаннях беларускай мовы, культуры з удзелам грамадскіх арганізацый (Таварыства беларускай мовы, Таварыства беларускай школы, МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” і іншымі).
7.    Аднавіць дубліраванне замежных фільмаў на беларускую мову з далейшым паказам на Беларускім тэлебачанні (як гэта робіцца на тэлеканале “Белсат”).

Згода адразу была атрымана па пунктах 3-7. Першы і другі пункты, на думку А. Зімоўскага, патрабуюць асобнага разгляду. Размова з абодвух  бакоў  адбывалася на дзяржаўнай беларускай мове. Спадар Зімоўскі таксама паабяцаў аформіць па-беларуску частку сувеніраў тэлерадыёкампаніі.

www.tbm.org.by