Няхай жыве прыгажосць!
№ 50 (27908)17.03.15.У Мінску ўшанавалі «жанчын года» Беларусі
На некалькі гадзін у мінулую суботу гасцініца «Вікторыя» стала сапраўдным кветнікам, у якім расцвілі прыгожыя, актыўныя і цікавыя жанчыны. Тут адбылася цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2014». Здавалася, што нават паветра ў будынку перапоўнена хваляваннем і вясенняй радасцю.
У фінальным спісе лаўрэатак аказаліся шматдзетныя мамы, урачы, педагогі і нават трактарысткі. «Сёлета мы ўнеслі некаторыя змены ў фармат конкурсу, — адзначыла старшыня ГА «Беларускі саюз жанчын» і адначасова старшыня журы Надзея Ермакова. — Кандыдатуры выбіраліся больш дэмакратычна: усе пераможцы вылучаны абласнымі журы. Рэспубліканскае журы намінантаў зацвердзіла».
Узнагарод удастоены 43 жанчыны з усіх рэгіёнаў краіны. Прычым віншавалі іх, як і належыць, прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва. Уручаючы дыпломы і каштоўныя падарункі у намінацыі «За лідарства і паспяховае кіраўніцтва», намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоускi адзначыў:
— Я вельмі ўдзячны за магчымасць быць на гэтым свяце,— сказаў ён са сцэны. — Прысутнасць у гэтым зале такіх паважаных людзей сведчыць аб важнасці конкурсу, аб значэнні і падтрымцы яго ўсім грамадствам.
Намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык віншаваў пераможцаў намінацыі «За дасягненні ў выхаванні дзяцей», Васіль Седзiн, намеснік міністра харчавання і сельскай гаспадаркі Беларусі, ушаўноўваў намінацыю «За ўклад у адраджэнне вёскі». Падзякаваць пераможцам намінацыі «За ўклад у духоўна-маральнае адраджэнне нацыі» прыехаў айцец Фёдар Поуны, настаяцель Усіхсвяцкага прыходу ў Мінску. Ён нагадаў, наколькі важная і вялікая роля адведзена жанчыне Богам, жанчыны ж, расчуленыя, ледзь стрымлівалі слёзы… Пераможцаў намінацыі «За ўклад у грамдзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі» вітаў дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Скобелеу, які з задавальненнем павітаў намінантак і нават пакінуў ім нумар свайго тэлефона (як сам прызнаўся, з дазволу жонкі)…
— Такія конкурсы надаюць сілу жанчыне, — лічыць Кацярына Станкевiч, пераможца ў намінацыі «За дасягненні ў выхаванні дзяцей». — Яна можа ўбачыць, што яе справа запатрабавана, што яе роля вялікая і будзе заўважана ў коле таленавітых, разумных, прыгожых і добразычлівых людзей.
Наталля Талiвiнская.