Змены на партале

Паважаныя наведвальнікі партала WWW.NGO.BY,

З кастрычніка 2010 г. замест раздзелу “Фонд па панядзелкам” на першую старонку партала будзе вынесены раздзел “Некамерцыйнае права”.
 
На пачатковым этапе гэты раздзел будзе ўключаць наступныя рубрыкі: “Нарматыўны блок”, “Аналітычны архіў”, “Пытанне – адказ”, “Карысныя спасылкі”, “Формы дакументаў”. У далейшым плануецца дадаць інтэрактыўны кампанент у выглядзе форума ці блога, што дазволіць праводзіць больш шырокае абмеркаванне найбольш хвалюючых пытанняў.
 
Неабходнасць гэтага рашэння наспела даўно. У Рэспубліцы Беларусь такога накірунку прававой думкі, як “некамерцыйнае права”, хутчэй няма, чым ёсць. Іншымі словамі, існуюць нарматыўныя акты, якія рэгулююць дзейнасць некамерцыйных арганізацый, існуюць і дзейнічаюць самі некамерцыйныя арганізацыі, існуе Міністэрства юстыцыі – і быццам усё працуе. Але прафесійнае юрыдычнае супольніцтва (маюцца на ўвазе як практыкуючыя юрысты, так і тэарэтыкі) амаль абыякава ставяцца да гэтай тэматыкі. У публіцыстыцы прысутнічае неабходны мінімум тэматычнай прафесійнай аналітыкі, які забяспечваецца маладымі навукоўцамі (у межах сваіх работ), дзяржаўнымі служачымі (у межах прафілактыкі) і практыкуючымі юрыстамі (у сувязі з прыняццем “чаго-небудзь новенькага”). 
 
Прычына апісанай сітуацыі (калі не адзіная, то асноўная) – адсутнасць попыта, у першую чаргу – з боку грамадскіх аб’яднанняў. Але і попыт, дакладней, яго адсутнасць, не з’яўляецца самой прычынай – гэта, хутчэй, прамежкавы этап. Прычына – у адсутнасці магчымасці “купіць” такога спецыяліста (бо спецыялісту трэба плаціць грошы). Разам з тым, практыка вядзення форума на партале WWW.NGO.BY адназначна паказала, што неабходнасць прававога забеспячэння жыццядзейнасці ГА сапраўды існуе. Пытанні ўзнікаюць з пэйнай рэгулярнасцю, яны дастаткова разнастайныя па тэматыцы і спецыфіке, закранаюць усе сферы дзейнасці ГА: рэгістрацыйныя дзеянні грамадзян, дзяржаўную рэгістрацыю, прыманне на працу і звальненне, вядзенне бухгалтарскага ўліку, налогаабкладанне, ажыццяўленне гаспадарчай дзейнасці – спектр, дастатковы для таго, каб пачаць размову пра асобную галіну права, патрэбу ў спецыялістах у гэтай галіне, іх падрыхтоўку. Гэта сапраўды неабходна і рух у гэтым накірунку павінен пачацца ў агляднай будучыні.
 
Але мы пачнём дзейнічаць ужо зараз. Будзем удзячныя за любыя вашы пажаданні і прапановы адносна зместу новага раздзелу, яго напаўнення і развіцця.
 
P.S. Інфармацыю пра фонды і грантадаўцаў, што падтрымліваюць дзейнасць ГА ў Беларусі, можна будзе, як і раней, знайсці ў раздзеле “Базы дадзеных/ Фонды”.